Наталля Гардзіенка: “Беларуская дыяспара ў Вялікабрытаніі — з’ява ўнікальная на Захадзе”.

Пра што варта памятаць беларусам падчас экскурсіі па Брытанскім парламенце, у чым асаблівасці беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі, колькі беларусаў пражывае цяпер у гэтай краіне… Пра гэта і многае іншае распавядае аўтар кнігі “Беларусы ў Вялікабрытаніі”, гісторык Наталля Гардзіенка.
Пра што варта памятаць беларусам падчас экскурсіі па Брытанскім парламенце, у чым асаблівасці беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі, колькі беларусаў пражывае цяпер у гэтай краіне… Пра гэта і многае іншае распавядае аўтар кнігі “Беларусы ў Вялікабрытаніі”, гісторык Наталля Гардзіенка.

-- Раскажыце, калі ласка, гісторыю стварэння кнігі “Беларусы ў Вялікабрытаніі”. Хто аўтар ідэі напісання кнігі? Колькі часу ішла праца над кнігай?

-- Ідэя стварэння кнігі нарадзілася ў саміх брытанскіх беларусаў і недзе ў 2003 г. яны звярнуліся да ЗБС “Бацькаўшчына” з просьбай дапамагчы з пошукам аўтара. У той час я працавала над кнігай пра беларускае жыццё ў Аўстраліі і фактычна, толькі пачала цікавіцца гісторыяй беларускай эміграцыі. Пасля выхаду “аўстралійскай” кнігі я, зразумела, з вялікай цікавасцю і ўдзячнасцю прыняла запрашэнне брытанскіх беларусаў працягнуць сваю эміграцыязнаўчую даследчую дзейнасць на прыкладзе новай краіны. У выніку ад 2005 года распачалася вялікая праца па вывучэнні архіву Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі (ЗБВБ), дакументаў Бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане і іншых матэрыялаў. І вось праз пяць гадоў нарэшце пабачыла свет адмысловая кніга, прысвечаная беларускаму жыццю ў Вялікабрытаніі.

-- Наколькі складана было працаваць над кнігай. Ці здолелі знайсці ўсе патрэбныя матэрыялы?

-- Працаваць над кнігай было цікава і складана. З аднаго боку матэрыялаў было даволі шмат, аднак, як аказалася, яны асвятлялі далёка не ўсе моманты беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Давялося адмыслова шукаць матэрыялы пра некаторыя арганізацыі, што не мелі непасрэднай сувязі з ЗБВБ, як прыкладам, Беларускі Вызвольны Рух, Беларускі Вызвольны Фронт. Вельмі цікавілі мяне беларускія могілкі, інфармацыю пра якія даводзілася шукаць спецыяльна. Не ўсё, што задумвалася ад пачатку, удалося рэалізаваць, бо насамрэч немагчыма аказалася ў адной кнізе распавесці пра ўсё. Па-за даследаваннем засталіся некаторыя аспекты беларускага жыцця, якія яшчэ чакаюць вывучэння, і найперш уласна жыццё звычайных беларусаў у Брытаніі, іх вопыт сацыяльнай адаптацыі, іх штодзённасць. Гэта вялікая і сур’ёная тэма, вартая адмысловай увагі.

Праца над кнігай была даволі працяглая яшчэ і з асабістых прычынаў. За гэтыя пяць гадоў адбыліся сур’ёзныя змены ў маім сямейным жыцці — нарадзіўся сын, якому сёння ўжо чатыры. Такім чынам напісанне кнігі ішло адначасова з выхаваннем дзіцяці. І мушу падзякаваць сваёй сям’і і ўсім блізкім, што падтрымлівалі мяне ў даследчай працы цягам гэтых гадоў.

-- Ці было штосьці, што Вас асабліва ўразіла падчас працы над кнігай? Я маю на ўвазе нейкія моманты з жыцця беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі.

-- Уразіла шмат. Найперш колькасць і разнастайнасць беларуска-брытанскіх кантактаў да ХХ ст. Захаваліся сведчанні вандроўнікаў і дыпламатаў, адмысловыя беларускія выданні, што пабачылі свет у Лондане ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Цікава было даведацца пра складанасці жыцця вялікай хвалі эканамічнай эміграцыі з беларускіх земляў на мяжы ХІХ—ХХ стст., прадстаўнікі якой, прыкладам, у Лондане сяліліся ў адмысловым раёне недалёка ад порта.

Шмат цікавага звязана з паваеннай эміграцыяй: як з дзейнасцю ЗБВБ, яго рэгіянальных структураў, Беларускіх дамоў у Лондане, Манчэстэры і Брэдфардзе, гэтак і з працай іншых арганізацый.

Варта адзначыць Англа-Беларускае таварыства, заснаванае ў 1954 г. супольна беларусамі і брытанцамі-арыстакратамі, з ініцыятывы якога святкаванні ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР рэгулярна адбываліся ў Брытаніі на самым высокім узроўні, у тым ліку і ў Парламенце з удзелам міністраў, дыпламатаў, парламентацыяў.

Унікальным праектам, які быў рэалізаваны ў Лондане, стала дзейнасць школы-інтэрната для хлопцаў імя Кірылы Тураўскага. Тут пад апекай Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду у 1960-х—1970-х гадах жылі і навучаліся дзеці беларусаў. Хлопчыкі прыкладна ад 8 гадоў не толькі атрымоўвалі ўласна брытанскую адукацыю ў звычайных лонданскіх школах, але і вывучалі беларускую літаратуру, гісторыю і мову, каб здаваць адмысловыя іспыты па беларускай мове на атэстат сталасці ў Лонданскім універсітэце.

Цікава было даведацца і пра дзейнасць спецыяльнай беларускай паштовай службы на пачатку 1970-х у часе паштовага страйку ў Вялікабрытаніі. Афіцыйна зарэгістраваная “Пошта ЗБВБ” не толькі займалася дастаўкай карэспандэнцыі па краіне і за мяжу, але і выпусціла серыю ўласных беларускіх марак.

-- У чым асаблівасць беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі? Ці можна выдзеліць нейкія рысы, якія адрозніваюць беларускую дыяспару ў Вялікабрытаніі ад іншых?

-- Беларуская дыяспара ў Вялікабрытаніі — з’ява ўнікальная на Захадзе. Яна арганізацыйна стала афармляцца бадай што раней за іншыя пасляваенныя беларускія асяродкі ў свеце. Асноўнымі рухавікамі грамадскага жыцця тут, у адрозненне ад іншых краінаў, сталі не перамешчаныя асобы (Ды-Пі), а былыя вайскоўцы, жаўнеры Арміі Андэрса, і гэтая акалічнасць шмат у чым паўплывала на характар тых арганізацый, што ствараліся ў Брытаніі беларусамі. Тут было багата ініцыятыў па стварэнні менавіта арганізацый былых вайскоўцаў.

Цікавай асаблівасцю беларускага жыцця ў Брытаніі стала тое, што тут у пэўны час было даволі шмат будынкаў ва ўласнасці беларускіх арганізацый. Толькі ЗБВБ мела тры грамадскія дамы (у Лондане, Манчэстэры і Брэдфардзе), свой дом у Лондане таксама некаторы час мела Хрысціянскае аб’яднанне беларускіх работнікаў, чатыры будынкі ў Паўночным Фінчлі складалі беларускі культурна-грамадскі цэнтр пад апекай Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду. Тут размяшчаўся не толькі святарскі дом з капліцаю, але і будынкі згаданага вышэй інтэрнату імя Кірылы Тураўскага, а таксама Беларускай Бібліятэкі імя Ф. Скарыны. Акрамя таго, у Манчэстэры свае асобныя памяшканне мелі дзве беларускія царквы ды Беларускі Вызвольны рух. Прычым, у адным з дамоў апошняга некаторы час пры канцы 1950-х — на пачатку 1960-х гг. дзейнічала адмысловая беларуская друкарня. І гэта ўсё была менавіта грамадская беларуская ўласнасць у Вялікабрытаніі, якая выкарыстоўвалася на патрэбы арганізацый.

Важнай адметнасцю беларускага жыцця ў Брытаніі, мне здаецца, было тое, што нашыя суайчыннікі здолелі тут не проста завязаць шчыльныя кантакты з брытанцамі, у тым ліку прадстаўнікамі арыстакратыі, але і зацікавіць у вывучэнні беларускай літаратуры і гісторыі навукоўцаў. Вялікую ролю ў гэтым адыграла Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, што стала цэнтрам прыцягнення беларусістаў з розных краінаў свету.

-- Колькі на дадзены момант пражывае беларусаў у Вялікабрытаніі? Як змянілася гэтая колькасць ад часоў паваеннай хвалі эміграцыі?

-- Колькасныя вымярэнні беларускай эміграцыі заўсёды складаныя, а таму лічбы традыцыйна прыблізныя. Паводле ацэнак саміх беларусаў, у пасляваенны час іх у Брытаніі было каля 10-12 тысяч, аднак яшчэ на мяжы 1940-х — 1950-х гадоў даволі значная частка іх з’ехала ў іншыя краіны (Вялікабрытанія тады актыўна спрыяла такой рээміграцыі). З часам колькасць беларусаў змяншалася і праз натуральныя фактары, аднак ад пачатку 1990-х сталі з’яўляцца прадстаўнікі новай хвалі эміграцыі. Што праўда, у беларускія арганізацыі прыйшла толькі невялікая іх частка. Сёння беларусаў стала жыве ў Брытаніі (зноў жа, паводле сведчанняў саміх тых беларусаў) каля 5 тысяч чалавек.

-- У канцы кнігі змешчаны даведнік па беларускіх мясцінах у Вялікабрытаніі. Якое Ваша любімае беларускае месца ў Вялікабрытаніі?

-- Напэўна, будзе гучаць банальна, але для мяне гэта Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лондане. Яна размяшчаецца ў ціхім утульным раёне паўночнага Лондану побач з іншымі беларускімі будынкамі. Стары двухпавярховік з чырвонай цэглы, дзе захоўваецца вялікая калекцыя беларускіх і беларусаведных выданняў, каштоўныя архівы і цікавы музей — гэтая бібліятэка прыцягальная для мяне не толькі як для даследчыцы, але і проста па-чалавечы. Тут лёгка дыхаецца і адпачывае душа. Вельмі люблю той час, калі мне ўдаецца правесці ў гэтым месцы колькі дзён, папрацаваць з паперамі ды паразмаўляць з шматгадовым кіраўніком і захавальнікам бібліятэкі айцом Аляксандрам Надсанам.

-- Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Лондане 17 красавіка. Раскажыце, калі  ласка, як будзе праходзіць мерапрыемства.

-- Прэзентацыя ініцыяваная Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі і будзе адбывацца адначасова са святкаваннем (хоць крыху запозненым) угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР. Мерапрыемства будзе адбывацца ў новаадрамантаванай грамадскай зале Беларускага Дома ў Лондане на Пэн Роад, 52. Дакладнай праграмы святкавання і прэзентацыі не ведаю. Магу толькі сказаць, што запрошана даволі шмат гасцей з беларускіх асяродкаў розных краінаў.

-- Якія беларускія мясціны, на Ваш погляд, у першую чаргу варта наведаць падчас вандроўкі па Брытанскіх выспах?

-- На жаль, сёння дзеючых беларускіх месцаў у Брытаніі засталося не шмат. Найперш, вандроўнікам усё ж варта звярнуць увагу на ўжо згаданы вышэй беларускі цэнтр у Паўночным Лондане на Холдэн Роад, дзе размяшчаюцца будынкі Бібліятэкі, Марыян Хаўз і дом Святога Пятра. Адмыслова варта адведаць Беларускі дом у Лондане. Сёння гэта бадай што два рэальныя месцы беларускай прысутнасці ў Лондане і Вялікабрытаніі цалкам, акрамя, зразумела, раскіданых па ўсёй краіне беларускіх могілак. Беларускія дамы ў Манчэстэры і Брэдфардзе, ужо прададзеныя прыватным асобам, могуць зацікавіць толькі як своеасаблівыя помнікі беларускай гісторыі Брытаніі.

Тым не менш, сучасным беларускім турыстам у Лондане варта памятаць на экскурсіі, прыкладам, па Брытанскім Парламенце, што тут у Палаце грамадаў і ў Палаце Лордаў часам адбываліся адмысловыя прыёмы ў гонар беларусаў. Шпацыруючы каля знакамітага Альбэрт-Холу або каля Вестмінстэрскай катэдральнай залі, варта ўзгадаць, што тут у свой час брытанская публіка слухала знакамітага беларускага баса Пётру Конюха, а таксама беларускіх эміграцыйных спявачак Барбару Вержбаловіч і Галіну Ганчарэнку.

У будынку Брытанскай акадэміі навук і мастацтваў рэгулярна праводзіліся беларусаведныя лекцыі, ладжаныя Англа-беларускім таварыствам, а ў невялічкай французскай царкве Нотр Дам дэ Франс на Лестэр-плэйс пры ўваходзе захаваўся барэльеф, створаны беларускім скульптарам Міхасём Наўмовічам. І такіх “беларускіх слядоў” па Лондане і па Брытаніі раскідана багата.

-- Ці ёсць у Вялікабрытаніі так званыя беларускія гарады, кшталту такіх як Саўт-Рывер ці Гайлэнд-Парк у ЗША?

-- Напэўна, такіх менавіта гарадоў беларускіх у Брытаніі не было. Былі своеасаблівыя раёны, дзе больш-менш кампактна сяліліся беларусы, як на Хамерсміт ці ў тым жа Паўночным Лондане. У Манчэстэры беларусы сяліліся з іншымі эмігрантамі традыцыйна ў раёне Чытэм, тут побач набываліся будынкі для арганізацый і цэркваў. Аднак сёння ўжо вылучыць нават такія “беларускія раёны” даволі складана, бо старая эміграцыя адыходзіць, а новая селіцца ў іншых месцах і больш паасобку.

-- У Вашым творчым архіве -- кніга “Беларусы ў Аўстраліі”, Вы былі рэдактарам кнігі “Беларусы ў Аргенціне”. Якая яшчэ краіна Вас прыцягвае? Пра беларускае жыццё якой краіны хацелі б напісаць кнігу і чаму?

-- Мяне цікавіць беларуская прысутнасць у свеце наогул і не толькі паводле геаграфічнай прыкметы. Здаецца, нашае замежжа яшчэ так мала вывучана і ўтрымлівае так шмат цікавых сюжэтаў, што ёсць вялікая праблема выбару напрамкаў для даследавання. Думала, што пасля сканчэння кнігі пра беларусаў Брытаніі я больш не буду прытрымлівацца геаграфічнага падыходу да тэмы. Але... чамусці сапраўды зноў прыцягнула менавіта краіна, беларускае жыццё ў якой амаль недаследавана. І наступнае даследаванне будзе прасвечана беларускай эміграцыі ў Францыі. Чаму менавіта гэтая краіна, дакладна акрэсліць не змагу. Магчыма, таму, што засталася сімпатыя да яе з часоў вывучэння французскай мовы ў школе, а можа, таму, што пра беларускіх эмігрантаў і іх жыццё ў гэтай краіне на сёння мы ведаем вельмі мала, а значыць — тым цікавей будзе даследаванне. Хочацца спадзявацца, што новай сваёй працай я змагу яшчэ крыху наблізіць свет замежных беларусаў да суайчыннікаў у Беларусі.

Гутарыла Таццяна Печанко,
прэс-сакратар МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"

Падрабязней пра кнігу "Беларусы ў Вялікабрытаніі" і крамы, дзе яе можна набыць, чытайце тут.