Імпрэза прысвечана выхаду юбілейнага 50-га тома кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”.
Ініцыятыва стварэння кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор” належыць пісьменніку Кастусю Цвірку. Менавіта ён загарэўся ідэяй выдаць у 200 тамах усё лепшае з літаратуры, што было створана на беларускай зямлі ад самага пачатку пісьменства да нашых дзён.
Па словах дырэктара выдавецтва “Кнігазбор” Генадзя Вінярскага, у той час нікому не верылася, што гэтую ідэю ўдасца ажыццявіць. Аднак у 1995 годзе вядомыя дзеячы навукі і літаратуры ўтварылі Міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор”. У 1996 годзе выйшаў першы том праекта — “Выбраныя творы” Яна Чачота.
Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што “Беларускі кнігазбор” даказаў сваю жыццяздольнасць. Чвэрць з запланаваных да выдання кніг ужо ўбачылі свет.
Святочная імпрэза з гэтай нагоды адбудзецца 17 сакавіка ў Палацы мастацтва (г. Мінск, вул. Казлова,3). Пачатак мерапрыемства а 18 гадзіне.Падчас мерапрыемства выступяць: старшыня МГА “Белкнігазбор” Кастусь Цвірка, дырэктар ПУП “Кнігазбор” Генадзь Вінярскі, намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Валеры Герасімаў.
Словы пра важнасць “Беларускага кнігазбору” і літаратурную спадчыну Беларусі скажуць акадэмік Радзім Гарэцкі, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў, паэты Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў.
На вечарыне прагучаць музычныя творы ў выкананні Лявона Вольскага, трыо “Вытокі”, Таццяны Беланогай.
Рэй вядзе паэт Міхась Скобла.
17 сакавіка (серада)
Пачатак а 18 гадзіне
Уваход вольны