Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" разаслала па дамах культуры Беларусі, радыёстанцыях і амбасадах з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і пашырэння інфармацыі пра дзейнасць грамадскай кампані "Будзьма беларусамі!" дзве музычныя складанкі, выдадзеныя пры падтрымцы кампаніі, – “Тузін.Перазагрузка” і “The Best Rock”.
Нагадаем, CD-складанка праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай ініцыятывы “Будзьма беларусамі!” пабачыла свет у снежні мінулага года дзякуючы падтрымцы Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" і беларускага "Радыё "Рацыя". таксама дапамогу ў ажыццяўленнні выдання дыска аказала сп-ня Ірэна Каляда-Смірнова, кіраўнік дабрачыннага фонду "Этнічны голас Амерыкі".
Кампанія “Будзьма беларусамі” атрымала лісты з падзякай за падарункі ад радыёстанцый “Сталіца”, “Беларусь”, “Радиус-FM”, а таксама ад канала “Культура” Беларускага радыё.
Дырэктар радыёстанцыі “Сталіца” Алег Міхалевіч у сваім лісце напісаў: “Вялікі дзякуй за дасланыя зборнікі і справу, якую Вы робіце. Якасных айчынных і асабліва беларускамоўных кампазіцый у эфіры сталічных радыёстанцый яўна не хапае. Зборнік “Тузін. Перазагрузка” варта адзначыць асабліва. Няхай будзе працяг, бо ідэя цудоўная! Радыёстанцыя “Сталіца” не цураецца і рок-музыкі. Дастаткова паслухаць наш эфір, каб у гэтым пераканацца”.
Сп. Міхалевіч таксама зазначыў у сваім лісце, што спадзяецца на плённае супрацоўніцтва з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”
Галоўны дырэктар радыёстанцыі “Беларусь” Навум Гальпяровіч падзякаваў за дасланы матэрыял і клопат пра сучасную беларускую музыку, а таксама зазначыў, што “абсалютная большасць запісаў, якія транслююцца ў эфір станцыяў, беларускамоўныя. І самае галоўнае: уся музыка, якая гучыць у нашым эфіры (100%), – беларуская. Дасланыя матэрыялы, безумоўна, выклікаюць цікавасць, мы ўпэўненыя ў тым, што яны запатрабаваныя сучасным слухачом, таму жадаем творчага плёну, працягу вашых праектаў і нязгаснай цікаўнасці да іх публікі”.
Дырэктар каналу “Культура” Кацярына Агеева паведаміла, што з вялікай цікавасцю пазнаёмілася са складанкамі, і, безумоўна, калекцыя беларускамоўных хітоў аздобіць эфір каналу.
Кацярына Агеева: “Асабліва спадабалася складанка беларускага року. Самае каштоўнае тое, што на дысках прадстаўленыя маладыя цікавыя музыкі. Гэта дазваляе лепш зразумець дынаміку развіцця беларускага року і падтрымаць найбольш перспектыўных выканаўцаў. Нашыя музычныя рэдактары адзначылі выдатную якасць гуказапісаў і з задавальненнем прапануюць кампазіцыі са складанак слухачам”.
Намесніца дырэктара радыёстанцыі “Радиус-FM” Алена Трэшчынская ад кіраўніцтва падзякавала за дасланы матэрыял, а таксама зазначыла, што “некаторыя песні праекту будуць выкарыстаныя для ратацыі ў эфіры, прысвечаных беларускай музыцы і культуры”.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” у сваю чаргу выказвае шчырую падзяку за сур’ёзны падыход да аналізу разасланых складанак. Кампанія дзякуе за імпэт, зацікаўленасць і клопат калектываў усіх радыёстанцый пра сучасную беларускамоўную культуру.
У найбліжэйшым часе дыскі “Тузін.Перазагрузка” і “The Best Rock” будуць разасланы Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” па суполках беларускай дяспары.