Другое пасяджэнне аргкамітэту па святкаванні 100-гадовага юбілею Барыса Кіта, у склад якога ў ваходзіць і кіраўніцтва МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, адбылося ў Мінску 25 лютага.
На пасяджэнні быў зацверджаны план мерапрыемстваў, якія пройдуць у межах святкавання юбілея славутага вучонага.
Паводле плану, асноўным мерапрыемствам будзе святочная вечарына ў дзень нараджэння Барыса Кіта -- 6 красавіка, якая мае адбыцца ў Палацы мастацтваў у Мінску. Арганізатарам гэтай вечарыны будзе Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. На мерапрыемства будуць запрошаны прадстаўнікі айчыннай навукі і культуры, уладаў краіны, паслы шэрагу дыпмісій.
Падчас вечарыны будзе зачытана вітанне ад юбіляра. Зробіць гэта давераная асоба Барыса Кіта, яго “амбасадар у Беларусі”, як ён сам яе называе, -- Лідзія Савік.
На вечарыне будзе дзейнічаць выстава кніг і дакументаў, прысвечаных юбіляру.
Вядуцца перамовы з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі аб узнагароджванні Барыса Кіта юбілейным медалём “80 гадоў НАН Беларусі”, а таксама з Міжнароднай акадэміяй навук Еўразіі аб узнагароджванні юбіляра Залатым медалём гэтай установы. У выпадку паспяховага вырашэння гэтых пытанняў медалі будуць перададзены Барысу Кіту праз яго давераную асобу Лідзію Савік падчас святочнай вечарыны 6 красавіка.
Акрамя таго, запланавана выданне каталога персанальнага архіва Барыса Кіта з фондаў Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея, правядзенне чэмпіянату інтэлектуальных гульняў у Навагрудку, прысвечанага юбілею знакамітага вучонага, правядзенне лекцый-прэзентацый у школах Навагрудка “Барыс Кіт – слава і гонар Навагрудчыны”, вечарыны ў Карэліцкім музеі “Зямля і людзі” з выставай, прысвечанай юбіляру, наведванне Барыса Кіта прадстаўнікамі афіцыйных стуктур Беларусі, выступленні ў друку з артыкуламі, прысвечанымі 100-годдзю Барыса Кіта.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”