Хведар Нюнька: “Я прыйшоў да беларушчыны менавіта дзякуючы беларускай школе”

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” арганізавала сустрэчу са старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам. Галоўны беларус Вільні падзяліўся ўспамінамі пра свой шлях да беларушчыны.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” арганізавала сустрэчу са старшынём Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведарам Нюнькам. Галоўны беларус Вільні падзяліўся ўспамінамі пра свой шлях да беларушчыны.

Хведар Нюнька

- Раскажыце, калі ласка, пра свой шлях да беларушчыны.

- Да беларушчыны я прыйшоў у даволі складаны перыяд гісторыі. Нарадзіўся я і выхоўваўся дзесьці да 13 гадоў у польскім асяроддзі. Бацькі мае былі беларусы, але яны хацелі, каб сын мог мець кар’еру. З беларускай мовай такой перспектывы не было, таму са мной гаварылі па-польску, і школа была польскай. Да 13 гадоў я іначай як па-польску не ўмеў і не гаварыў. Вось ужо ў 1942 годзе, у часе вайны, замест польскай школы адчынілі беларускую. Дарэчы ў той час другіх школ як беларускіх не было наогул. Беларускіх школ па Беларусі было больш тысячы. І калі пытанне стаіць, як я прыйшоў да беларушчыны, менавіта дзякуючы беларускай школе. Там настаўнікі былі вялікімі патрыётамі Беларусі і беларускасці. Я пачуў гісторыю і зразумеў, што гэта мой народ, мая мова. І тады, можна сказаць, я актыўна далучыўся да беларускага руху. Не гледзячы на тое, што мне тады было 14 год, я паступіў у Беларускую Самапомач. Гэта была дабрачынная арганізацыя. І таму калі цяпер я чытаю пра тое, як ацэньваюць яе дзейнасць у некаторых сродках масавай інфармацыі, я заўсёды абураюся, таму што я сам стаяў у вытокаў яе заснавання і даволі актыўна ўдзельнічаў у гэтай арганізіцыі. Гэта было маё першае далучэнне да беларускасці. Актыўнае далучэнне. Дзякуючы валоданню нямецкай мовай, я мог карыстацца тымі магчымасцямі, якія стваралі ваенныя ўмовы, то бок я мог ісці да немцаў і клапаціцца не толькі пра сябе, а і пра людзей. Вось такі быў пачатак маёй дзейнасці.

- Якім чынам вы апынуліся ў Вільні?

- У сувязі з тым, што былі партызаны, былі таксама банды, якія не столькі ваявалі з немцамі, колькі старалісь знішчыць беларускую інтэлігенцыю, свядомых беларускіх актывістаў, к канцу 1943-га года, можна сказаць, цвет беларускай нацыі, актыўныя беларускія дзеячы былі зліквідаваны. То бок гэтыя банды прыходзілі ў кватэры або на вуліцы і дзе нажом, дзе з пісталета забівалі нашых людзей. Таму з’явілася рэальная пагроза для жыцця майго бацькі. У вёсцы былі знаёмыя акруговыя сяляне. Бацька добра ведаў іх, бо ён меў сваю краму, і туды часта прыходзілі купляць, і яны сказалі, што збіраюцца забіць бацьку. І тады дзякуючы таму, што я ведаў нямецкую мову, удалося атрымаць дазвол і ўцячы са Шчучына, дзе тады я жыў, у Вільню. У Вільні заставаліся лічаныя месяцы да таго, як прыйшла Чырвоная Армія. І вось за гэты перыяд, за 50 гадоў, усё беларускае, што было ў Вільні, было знішчана. А было тут шмат чаго: Беларуская гімназія, Навуковае таварыства, беларускі касцёл, дзе праходзілі службы на беларускай мове,  беларускі банк існаваў у свой час, выдавалася шмат беларускіх газет. Таму, можна сказаць, што ў міжваенны час беларускае жыццё віравала ў Вільні. Усё гэта было ў адначасье забаронена, закрыта. Беларускія дзеячы былі арыштаваны і сасланы, або яны заставаліся без работы і вымушаны былі, калі гэта былі настаўнікі, пайсці працаваць ў польскія або рускія школы. Гэта працягвалася амаль паўстагоддзя.

- Як Вы сталі старшынём ТБК?

- У момант, так скажам, лібералізацыі ці больш вольнага руху, калі рушылася Савецкая імперыя, я пачуў, што будзе сход, на якім будуць прысутнічаць дзеячы з Беларусі. Я пайшоў на гэтую сустрэчу і пабачыў там Вінцука Вячорку і іншых дзеячаў. Калі я ўбачыў у іх значак “Пагоня” і пачуў беларускую мову, у адзін момант у маёй памяці ўсё ўскалыхнулася. Я ўзгадаў перыяд адраджэння, бо гэта сапраўды было сапраўднае беларускае адраджэнне, я маю на ўвазе 1942-43-і год. Пасля гэтага быў заснаваны беларускі клуб “Сябрына”. Потым, 4 лютага 1989-га года было заснавана Таварыства беларускай культуры. І паколькі нікога не было, хто б падыходзіў больш, чым я, то часова мяне прызначылі старшынём Рады. Так атрымалася, што часова зацягнулася на 21 год.

- Што Вы лічыце сваім найбольшым дасягненнем?

- Па-першае, тое, што мы атрымалі памяшканне для нашай арганізацыі. Яно з’яўляецца нашай ўласнасцю. Як ні дзіўна, у міжваенны час, калі тут было актыўнае беларускае жыццё, беларусы на самой справе не мелі ні аднаго квадратнага метра сваёй плошчы. Цяпер умовы далёка не  такія спрыяльныя, як у той час. Але памяшканне ўдалося атрымаць. Акрамя таго, мы атрымалі пляц пад забудову беларускага культурнага цэнтра імя Якуба Коласа. Вось цяпер шукаю спонсараў, хто бы мог на выгадных для сябе ўмовах пабудаваць. Мы маем пляц, але на пляцы яшчэ трэба пабудаваць сам будынак. У мінулым годзе я атрымаў адзначэнне  за ўклад у культуру Вільні, адзін з 29-і нацыянальнах суполак. Гэта нечаканае прызнанне нашай працы.  Вось так мы і працуем. Кожны месяц у апошнюю суботу месяца адбываецца імпрэза, а ў першую суботу – пасяджэнне Рады.

Гутарыла Таццяна Печанко, прэс-сакратар МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение