“Вы харошы артыст, але такіх побач яшчэ шмат. А хочаце быць адзіным ці першым?” З гэтых словаў вядомага беларускага мовазнаўцы Фёдара Янкоўскага пачаўся шлях артыста Андрэя Каляды да навукі, да напісання падручнікаў па сцэнічнай мове.
Па словах самога Андрэя Андрэевіча, на прапановы Фёдара Янкоўскага напісаць падручнінк па выразным чытанні на пачатку ён рэагаваў стрымана: “Каляда і навука -- рэчы несумяшчальныя. Я артыст”.
Аднак сёння, магчыма, дзякуючы як раз настойлівасці Фёдара Янкоўскага, мы ведаем Андрэя Каляду ў першую чаргу не як артыста, а як выдатнага тэатральнага педагога, спецыяліста па сцэнічнай мове і перакладчыка.
У творчай скарбонцы майстра -- вучэбны дапаможнік “Выразнае чытанне” (з камплектам з трох грамафонных пласцінак), кнігі “Слоўнік акцёра і рэжысёра”, “Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў”, “Беларускае літаратурнае вымаўленне” (з трыма кампакт-дыскамі), вучэбна-метадычны дапаможнік “Сцэнічная мова”, а таксама кнігі перакладаў твораў Ф. Дастаеўскага –“Аповесці. Апавяданні”, “Выбраныя творы”, кніга перакладаў п’ес замежных драматургаў – “Лялечны дом” і іншыя кнігі.
Зусім нядаўна гэтую калекцыю папоўніла яшчэ адна кніга – беларускія пераклады твораў рускага класіка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Івана Буніна. Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася ўвечары 10 лютага ў мінскай КнігарніЎгалерэі.
Мерапрыемства было арганізавана МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Акрамя таго, Бацькаўшчына спрычынілася і да падрыхтоўкі арыгінал-макету кнігі.
“Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Андрэя Андрэевіча Каляду звязваюць даўняе супрацоўніцтва і сяброўства, -- адзначыла кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. – Мы вельмі ганарымся гэтым плённым супрацоўніцтвам і спадзяемся, што яно будзе працягвацца”.
У якасці вядучага імпрэзы выступіў доктар філалагічных навук, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар Вячаслаў Рагойша. Ён высока ацанніў майстэрства Андрэя Каляды як перакладчыка адзначыўшы: “Ён адчувае як мастак, а кожны перакладчык яшчэ і мастак, тон, танальнасць фразы, музычнасць фразы”. “Выданне кнігі перакладаў Буніна – гэта падзея для двух культур. Гэта падзея не толькі ў жыцці і творчасці перакладчыка, але і падзея ў беларуска-рускім культурным узаемадзеянні”, -- падкрэсліў прафесар Рагойша.
Дарэчы, што да практычнага боку гэтага ўзаемадзеяння, то на імпрэзе прысутнічаў Мікола Нікалаеў, які з’яўляецца навуковым супрацоўнікам Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санк-Пецярбургу. Яму перадалі асобнік кнігі спецыяльна для бібіліятэкі, за што сп-р Мікалаеў шчыра падзякаваў аўтару: “Мне вельмі прыемна трымаць у руках гэтую кнігу і адчуваць, што расійская і беларуская культура атрымалі такую цагліну для ўзаемнага збліжэння, таму што часта гавораць, што ў нас існуе пэўная культурная прастора, але прастора пачынаецца пасля таго, як узнікаюць нейкія матэрыяльныя падставы для яе існавання. Андрэй Андрэевіч, я Вас віншую з гэтай прасторай”.
Характэрна, што, бадай, самым частым словам падчас імпрэзы было “дзякуй, а паэтка Вера Буланда і наагул пад канец свайго выступлення прызналася ў каханні Андрэю Калядзе і вядомаму літаратуразнаўцу Аляксею Рагулю, які таксама браў удзел у мерапрыемстве.
Напрыканцы аўтар парадаваў прысутных прыемнай навіной, паабяцаўшы выдаць кнігу перакладаў твораў трох нобелеўскіх лаўрэатаў. Кніга так і будзе называцца – “Выбранае нобелеўскіх лаўрэатаў”. Гэта будзе раман Барыса Пастэрнака “Доктар Жывага”, “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” Аляксандра Салжаніцына і якое-небудзь апавяданне Міхаіла Шолахава (якое дакладна, пакуль не вырашана).