З нагоды 100-гадовага юбілею славутай беларускай пісьменніцы Ларысы Геніюш, які адзначаецца ў гэтым годзе, прадстаўніцы беларускай суполкі “Скарына” (Прага, Чэхія) -- Рыта Гаціх і Алена Каварава -- 5 лютага звярнуліся з сімвалічнай просьбай да міністра юстыцыіі Чэшскай Рэспублікі Даніэлы Каваравай (Daniela Kovářová).
Беларускія жанчыны просяць спадарыню міністра рэабілітаваць беларускую паэтэсу Ларысу Геніюш, якая па загаду КДБ была выдадзена савецкім уладам як ваенны злачынца, і патлумачыць працэдуру магчымых дзеяннняў па рэабілітацыі згодна з чэшскім заканадаўствам. Заява была прыхільна сустрэта спадаром Росыпалем (Rosypal), памочнікам Даніэлы Каваравай.
“Наша ідэя ў тым, што жанчыны прыйшлі прасіць жанчыну за жанчыну, -- гаворыць старшыня суполкі “Скарына” Рыта Гаціх. – Спадзяемся, што як жанчына спадарыня Каварава станоўча паставіцца да нашай просьбы.”
Акрамя таго, беларусы Чэхіі плануюць да юбілею пісьменніцы ўсталяваць памятную дошку ў яе гонар на будунку, у якім Ларыса Геніюш пражывала пад час свайго легальнага знаходжання ў Чэхаславацкай рэспубліцы. Неўзабаве будзе абвешчаны конкурс на праект гэтай дошкі. У дадзены момант сябрамі нядаўна створанага ў Мінску арганізацыйнага камітэту па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш узгадняецца тэкст, які будзе напісаны на мемарыяльнай дошцы. Арганізацыйную дамапогу ў рэалізацыі праекту па ўсталяванні памятнай дошкі Ларысе Геніюш аказвае МГА “Згуртаване беларусаў свету “Бацькаўшчына”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”