Кіраўнік МГА "Згуртаванне беларусаў свету" Бацькаўшчына" Алена Макоўская і старшыня Рады "Бацькаўшчыны" Ніна Шыдлоўская ўвайшлі ў склад грамадскага аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння славутай беларускай пісьменніцы Ларысы Геніюш.
Акрамя “Бацькаўшчыны” ў склад аргкамітэту ўвайшлі прадстаўнікі іншых грамадскіх арганізацый, навукоўцы і літаратары з Мінска, Гродна, Зэльвы (Гарадзенская вобласць) і Беластока (Польшча). Сярод іх -- намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, даследчык жыцця і творчасці Геніюш Міхась Скобла, гісторык Міхась Чарняўскі, прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, унук пісьменніцы Міхась Геніюш, каардынатар кніжнай серыі "Гарадзенская бібліятэка" Павал Мажэйка, прадпрымальнік Валянцін Дубатоўка, загадчык аддзела культуры "Газеты Слонімскай" (Гродзенская вобласць) Сяргей Чыгрын.
Аргкамітэт будзе выпрацоўваць ўласныя і каардынаваць грамадскія ініцыятывы па ўвекавечанні памяці пісьменніцы. Плануецца выданне збору твораў Геніюш, зборніка ўспамінаў аб ёй, ўстаноўка мемарыяльных дошак на дамах у Зэльве і Празе (Чэхія), дзе яна жыла, а таксама правядзення ў Зэльве вялікага літаратурнага свята. Таксама аргкамітэт будзе дамагацца пасмяротнай рэабілітацыі паэткі, якая да самай смерці ў 1983 г. жыла ў Зэльве, прынцыпова не прымаючы савецкае грамадзянства.
Падрабязней пра жыццёвы і творчы шлях Ларысы Геніюш чытайце тут.