На свет з’явіўся “Кніганоша”

Сёння з’явіўся на свет супольны “твор” Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта літаратурны бюлетэнь “Кніганоша”.

Патрэба ў такім бюлетэні наспела даўно. Вядома, як няпроста своечасова даведацца пра новыя кнігі. Выдавецтваў ды выданняў шмат, але да гэтага часу няма адзінай крыніцы інфармацыі пра навінкі беларускамоўнага друку. Між тым, у Беларусі выходзіць усё больш і больш беларускамоўнай літаратуры. Патрэбу ў стварэнні падобнага “кніжнага” бюлетэня выказвалі і прадстаўнікі розных выдавецтваў, і аўтары, і чытачы.

Кожнае з прадстаўленых у бюлетэні выдавецтваў цікавае і ўнікальнае, мае свой кірунак, сваю адметнасць. Адны друкуюць кнігі па філасофіі, другія — мастацкую літаратуру (творы сучасных аўтараў альбо класікаў), трэція папулярызуюць абсалютна невядомую чытачу гісторыю і культуру беларускага замежжа, а іншыя выдаюць слоўнікі, даведнікі ды кнігі па гісторыі Беларусі.

Бюлетэнь “Кніганоша” будзе распаўсюджвацца па грамадскіх бібліятэках і бібліятэках пры навучальных установах па ўсёй Беларусі.

У першым нумары бюлетэня ў рубрыцы “Аўтограф” чытач знойдзе інтэрв’ю Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, а таксама зможа азнаёміцца з апошнімі кніжнымі навінкамі.

Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады; Уладзімір Сіўчыкаў. Бювар: Маналогі і дыялогі; Капусьцінскі Рышард. Імпэратар. Падарожжы з Герадотам; Гілевіч Н. Выбраныя творы -- вось толькі некаторыя кнігі, пра якія можна даведацца, прачытаўшы першы нумар “Кніганошы”.

Агулам жа, у першым нумары бюлетэня змешчана інфармацыя больш чым пра 40 кніг.

Спадзяёмся, што “Кніганоша” стане для вас сапраўдным гідам па прасторах беларускамоўнага друку.

Спампаваць першы нумар бюлетэня “Кніганоша”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”