1 студзеня 65-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай рады МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава.
Вольга Іпатава нарадзілася 1 студзеня 1945 года ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Мінскай вобласці ў сям'і служачых. У 1967 годзе скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала настаўніцай на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гарадзенскім гаркоме камсамола (1965-1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970-1973 гг. - літсупрацоўнік газеты "Літаратура і мастацтва", затым літкансультант газеты "Чырвоная змена". У 1975-1978 гг. - аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. Зноў працавала літкансультантам у "Чырвонай змене" (1978-1979). У 1985-1989 гг. - галоўны рэдактар літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 г. - загадчык аддзела, з 1990 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Спадчына". Сябра СП СССР з 1970 г.
Друкуецца з 1959 г. Аўтар зборнікаў вершаў "Раніца" (1969), "Ліпеньскія навальніцы" (1973), "Парасткі" (1976), зборнікаў аповесцей і апавяданняў "Вецер над стромай" (1977, 1980), "Дваццаць хвілін з Немезідай" (1981), "Перакат" (1984), "За морам Хвалынскім" (1989), аповесці “Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба” (2006, выдадзена пры падтрымцы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”), кніжак для дзяцей "Снягурка" (1974) і "Казка пра Паўліна" (1983). Напісала тэлеп'есу "Давыд Гарадзенскі" (пастаўлена ў 1988).
Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны" і медалём Францыска Скарыны. У 2009 годзе атрымала прэмію імя Міколы Ганька “за вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе”.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” шчыра віншуе паважаную імянінніцу са святам і жадае ёй добрага здароўя, натхнёнай працы, творчых поспехаў!
Управа "МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"