Выйшла кніга вершасказаў Рыгора Барадуліна

Дзякуючы намаганням вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага і кіраўніка Дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі” Ірэны Каляды-Смірновай убачыла свет кніга народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Навошта”.

Рыгор Барадулін НавоштаДзякуючы намаганням вядомага беларускага барда Алеся Камоцкага і кіраўніка Дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі” Ірэны Каляды-Смірновай убачыла свет кніга Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Навошта”. Гэта зборнік “вершасказаў, выказаных Рыгорам Барадуліным, спарадкаваных Алесем Камоцкім, у атачэнні фотаздымкаў Джона Кунстадтэра”.

Кніга нездарма называецца “навошта”. У кароткіх выказваннях Рыгора Барадуліна можна знайсці адказы на вечныя пытанні: пра жыццё і смерць, пра шчасце, пра зло і дабро, пра час… Як піша сам аўтар, “у вершасказах слова пачувае сябе вальней,бо не заганяецца дакладна ў кананічныя ямбы і харэі, не падганяецца пад абавязковыя рыфмы”. Цудоўным дапаўненнем ці нават лепей сказаць візуальным выражэннем барадулінскіх словаў сталі фотаздымкі Джона Кунстадтэра. Спадар Кунстадтэр ў 2000‐2001 г. працаваў ў Беларусі ў якасці намесніка амбасадара ЗША. Ён стварыў цэлую серыю фотаздымкаў, прысвечаных Беларусі. Частка з іх і была выкарыстана для аздаблення кнігі.

“Падрыхтоўка зборніка “Навошта” заняла не адзін дзень, -- распавядае укладальнік кнігі Алесь Камоцкі. – Кніга не пісалася спецыяльна, а збіралася мною з выказванняў Рыгора Барадуліна. У агуле можна сказаць, што гэтая кніга такая ж Кунстадтэра, як і Барадуліна. Мяне вельмі цешыла тое, што чалавек, які па нацыянальнасці не беларус і правёў у Беларусі зусім мала часу, так любіць гэтую краіну. Усе ягоныя фотаздымкі зроблены з вялікай любоўю да нашай краіны, і я вельмі рады, што ён пагадзіўся даць свае фота для кнігі. Таксама я хацеў бы выказаць падзяку сп-ні Ірэне Калядзе-Смірновай за дапамогу ў ажыццяўленні гэтага праекту. Праца над кнігай прынесла мне многа радасці. Добра складзеныя словы заўсёды радуюць мяне”.

Арганізацыйную дапамогу ў выданні кнігі аказала Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

------------------------------------------------------

Навошта: вершасказы / Рыгор Барадулін; уклад. Алесь Камоцкі; фотамаст. Джон Кунстадтэр. – Мінск: Медысонт, 2009 – 162 с. : іл.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"