У серыі "Беларускі кнігазбор" выйшаў юбілейны 50-ы том – выбраныя творы Максіма Гарэцкага. Сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", выканаўчы дырэктар выдавецкага унітарнага прадпрыемства "Кнігазбор" Генадзь Вінярскі распавёў пра асаблівасці беларускай дабрачыннасці, расказаў, як яго аднойчы прасілі прывезці на прэзентацыю саму Ларысу Геніюш...
У серыі "Беларускі кнігазбор" выйшаў юбілейны 50-ы том – выбраныя творы Максіма Гарэцкага. Сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына", выканаўчы дырэктар выдавецкага унітарнага прадпрыемства "Кнігазбор" Генадзь Вінярскі распавёў пра асаблівасці беларускай дабрачыннасці, расказаў, як яго аднойчы прасілі прывезці на прэзентацыю саму Ларысу Геніюш, і падзяліўся сваімі думкамі, чаму сёння не хочуць чытаць беларускую літаратуру.
— Адкуль увогуле ўзнікла ідэя стварэння такой серыі?
— Ідэя кніжнага праекту “Кнігазбор” належала пісьменніку Кастусю Цвірку. Яшчэ ў 90-я гады, працаваўшы ў Інстытуце літаратуры і пастаянна седзячы ў архівах, ён убачыў, якая гістарычная спадчына нашага народа застаецца без чытача. Так і вырашана было пачаць вельмі буйны 200-томны кніжны праект пад назвай “Беларускі кнігазбор”.
Тады нікому ў гэта не верылася. Нават у камітэце па друку да гэтай ідэі паставіліся скептычна. Аднак Кастусь Аляксеевіч не здаўся. Так у 1995 годзе быў зарэгістраваны міжнародны фонд “Беларускі кнігазбор”. Першая кніга выйшла ў 1996 годзе, і гэта былі выбраныя творы Яна Чачота.
— Вы адразу ўзяліся за далёка не самых раскручаных аўтараў. Не баяліся, што цяжка будзе знайсці чытача?
— Серыю мы стваралі перадусім, каб пазнаёміць людзей са спадчынай беларускага народа. У першую чаргу з той спадчынай, пра якую просты чытач амаль што не чуў: і той жа самы Ян Чачот, і Ігнат Дамейка, і Адам Станкевіч, і Францішка Уршуля Радзівіл – пра іх мала што ведалі. А колькі ў зборніку “Расстралянай літаратуры” пісьменнікаў і паэтаў, пра якіх нават навукоўцы не ўсе чулі!
— Але такія кнігі значна цяжэй падрыхтаваць і гэта вымагае фінансавых высілкаў...
— Першыя шэсць тамоў выходзілі пры частковай дзяржаўнай субсідыі. Пасля, праўда, яны палічылі, што мы ўжо сталі на ногі. Зараз выдаём кнігі пры дапамозе спонсараў, фундатараў і іншых дабрадзеяў. Бо, на жаль, сабекошт кніжкі атрымліваецца вялікі, і нашаму чытачу, якім у асноўным з’яўляюцца студэнты, навучэнцы і выкладчыкі, гэта не па кішэні. Так за кошт спонсарскіх грошай мы паніжаем цану.
Хаця апошнім часам прадаём ужо нават з маленькай рэнтабельнасцю. Прыйшлося знізіць наклады. Ёсць, канешне, катэгорыі людзей, для якіх цяжка набыць гэтыя кнігі. Для іх мы праводзім дабрачынныя акцыі, прэзентацыі.
— Апошнім часам вы перайшлі да сучасных аўтараў.
— Спачатку мы не планавалі выдаваць сучасную літаратуру. Першым, каго мы выдалі пры жыцці, быў Янка Брыль – тады прэзідэнцкі фонд вызваўся фінансаваць гэтае выданне.
Нядаўна пры дапамозе яшчэ аднаго спонсара выйшлі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, плануецца Уладзімір Някляеў. Думаю, гэтыя імёны вартыя, каб быць выдадзенымі.
50-м томам вырашылі зрабіць класіка беларускай літаратуры – Максіма Гарэцкага. Вельмі цікавага пісьменніка, якога людзі з большага ведаюць і любяць.
— А не ўзнікала цяжкасцяў з выданнем той ці іншай кнігі па ідэалагічных матывах? Няўжо ні разу не тэлефанавалі з высокіх кабінетаў з папярэджаннем?
— На шчасце, не. Відаць, і там разумеюць, што гэта беларуская спадчына.
Памятаю, што ў пачатку 2000-га тагачасны міністр культуры нават прасіў Цвірку: “Вы толькі не ўдзельнічайце ні ў якіх мітынгах ды партыях. Вашы кнігі – гэта і так палітыка”.
Нават наадварот, было пэўнае спрыянне. На шэраг кніжак нам дапамог знайсці фундатара старшыня прэзідыума Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч. Адгукаліся і некаторыя паўдзяржаўныя банкі. Але што цікава, часам пэўныя структуры даюць грошы, але пры гэтым вельмі просяць, каб пра іх увогуле нідзе не ўзгадвалі.
— Такі вось у нас нацыянальны каларыт беларускай дабрачыннасці.
— У свой час нашы кнігі нават закуплялі нават у Галоўным ідэалагічным упраўленні Адміністрацыі прэзідэнта. Там таксама ёсць фанаты нашай серыі. Але ў сілу сваёй пасады яны стараюцца захоўваць інкогніта.
— На першыя кнігі серыі быў велізарны попыт. А як ідзе справа зараз?
— Сапраўды, раней бывалі выпадкі, што ўвесь тыраж мы прадавалі кніжным магазінам па перадаплаце, калі кніга яшчэ не выйшла. Наклады былі вялікія, даходзіла да 10 тысяч асобнікаў.
На жаль, зараз стаўленне да кнігі, тым больш беларускай, крыху змянілася. Прычым у горшы бок. Раней цікавасць да беларускай літаратуры ды і да кнігі ўвогуле, была большая, чуваць яшчэ былі водгукі беларусізацыі.
Цяперашнюю абыякавасць да кнігі часам спіхваюць на інтэрнэт. Але я лічу, што справа не ў ім. Проста ў людзей няма часу чытаць, бо зараз, каб выжыць хаця б на сярэднім узроўні, трэба працаваць на дзвюх, а то і трох працах. Тут ужо фізічна не да кніг. Ды і пануючая руская мова зрабіла сваю справу, адсюль і нецікавасць да беларускай спадчынай.
Шчыра кажучы, часам здзіўляе неадукаванасць нашага грамадства. Калі мы выдалі зборнік “Філаматы і філарэты”, я звязваўся па тэлефоне з кніжнымі магазінамі, каб удакладніць, колькі ў іх будзе заказаў. Вось тады і пачуў, як гандлярка адной мінскай кніжнай крамы перапытвала ў тавараведа: “Слушай, Зин, там “Беларускі кнігазбор” какую-то книгу религиозную выдал про Филарета. Сколько будем брать?..”
А аднойчы, калі мы выпусцілі Ларысу Геніюш, адна з абласных бібліятэк вырашыла зрабіць прэзентацыю. Дамаўляемся з загадчыцай бібліятэкі, а яна пытаецца: “А хто прыедзе?” Ну мы пералічваем. А яна: “А можно привезти саму Ларису Антоновну? Мы вам и бензин оплатим и машину хорошую…”
— А чым яшчэ парадуеце неўзабаве?
— Хутка выйдзе кніга выбраных твораў Рыгора Кобеца – вельмі цікавай асобы беларускай культуры, аўтара першых сцэнарыяў да фільмаў, якія выходзілі на беларускай мове. Плануем таксама выдаць Уладзіміра Някляева.
А ў больш далёкай перспектыве ў нас Мікола Ермаловіч, Казімір Сваяк, Вітаўт Кіпель, Валянцін Таўлай. Вартых імёнаў больш, чым на 200 тамоў. Таму планы вельмі вялікія.
Анастасія Зелянкова, "Салідарнасць"