Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" аказала арганізацыйную дапамогу ў правядзенні сутрэчы беларусаў Амерыкі з беларускім спеваком Зміцерам Вайцюшкевічам. Канцэрт знакамітага спевака прайшоў 4 снежня ў грамадскай залі сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку.
Пра свае ўражанні ад сустрэчы і ад канцэрта распавядае сам выканаўца: “Зала, у якой я выступаў, дастаткова вялікая. Яна была амаль уся запоўненая. Можа, не зусім шчыльна, бо людзі не чакалі, што я прыеду. Я з’явіўся як гром сярод яснага неба. Вельмі прыемна было, што былі і людзі сталага веку, і шмат вельмі моладзі, і таксама афіцыйныя асобы, якія працуюць пры пасольстве ці ў ААН, дакладна не магу сказаць. Уражанні засталіся вельмі пазітыўныя. Мяне добра прымалі, пасля канцэрта накармілі вельмі смачнай яешняй. Гэта была вельмі цікавая паездка, бо мы ж у прынцыпе мала што ведаем пра жыццё беларусаў у Амерыцы. А тут была магчымасць сустрэцца ўжывую”.
Што тычыцца непасрэдна канцэртнай праграмы, то Зміцер выконваў песні самага рознага кшталту, з розных альбомаў.
“Фактычна, тое, што прыходзіла ў галаву, тое я і выконваў, - распавядае спявак, - Шмат спяваў патрыятычных песень. Былі і жартаўлівыя песні, і сумныя, і душэўна-чуллівыя. Не ўсе беларусы Амерыкі мяне добра ведаюць, таму трэба было паказаць, чым я займаўся апошнія дзесяць год. Так што гэта быў, так бы мовіць, канцэрт-знаёмства”.
Зміцер Вайцюшкевіч і старшыня БАЗА Вячка Станкевіч