Віншуем Юрася Юркевіча з ганаровай пасадай!

Юрась ЮркевічСябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Юрась Юркевіч у суботу, 5 снежня, быў абраны на пасаду старшыні Таварыства Беларускай мовы Віленскага краю.

Юрась ЮркевічСябра Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Юрась Юркевіч у суботу, 5 снежня, быў абраны на пасаду старшыні Таварыства Беларускай мовы Віленскага краю.

Па словах Юрася Юркевіча, быць абраным на пасаду старшыні ТБМ Віленскага краю ёсць вялікім гонарам і даверам з боку тутэйшых беларусаў Літвы.

“Трэба ўлічваць, што ў Літве я жыву меней чым за паўгады, але маю намер вучыцца і працаваць тут на працягу бліжэйшых гадоў. Асабіста я вельмі ўсцешаны, бо абранне на пасаду старшыні ТБМ Віленскага краю дае магчымасці для грамадскай дзейнасці ў Вільні і Віленскім краі”, -- гаворыць Юрась Юркевіч.

Што тычыцца бліжэйшых планаў, то Юрась Юркевіч лічыць, што перш за ўсё трэба завершыць тое, што пачаў яго папярэднік – светлай памяці спадар Юры Гіль: “Гэта значыць усталяваць памятную дошку Ф. Багушэвічу ў Вільні на вуліцы Арклю.

Дзякуй Богу, вопыт такой працы ў мяне ёсць. Я маю на ўвазе шыльду на колішнім будынку амбасады БНР у Таліне, што мы адчынілі на 25 сакавіка. Па-другое, ёсць намер аднавіць працу з тутэйшымі беларусамі з памежнага краю, так бы мовіць, падсілкаваць супольнасць арганізацыйна. Яшчэ ёсць планы правесці краязнаўчую экпедыцыю па беларускіх мясцінах Віленшчыны, што цалкам мажліва, можа быць, з удзелам студэнтаў ЕГУ, а таксама педагагічнага універсітэта, што месціцца ў Вільні. Сам я навучаюся з ЕГУ ў магістратуры па спецыяльнасці "Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны" і вельмі спадзяюся, што змагу выкарыстаць назапашаныя веды на практыцы”.

Хведар Нюнька перадае новаму кіраўніку штамп і пячатку арганізацыі

***

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе Юрася Юркевіча з прызначэннем на ганаровую пасаду. Зычым натхнення ва ўсіх Вашых пачынаннях, поспехаў у справе папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Спадзяёмся, што ўсе Вашыя планы здзейсняцца! Упэўнены, што з абраннем Юрася Юркевіча  на пасаду старшыні, супрацоўніцтва ТБМ Віленскага краю і Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” будзе плённа працягвацца.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Фота з сайту  www.westki.info