Сябра Вялікай рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Дзмітрый Плакс прачытаў у кнігарні галерэі “Ў” лекцыю “Кніга як арт-аб’ект” і прадставіў мінскай публіцы сваю новую кнігу пад назвай “ОМ”, нядаўна выдадзеную ў Швецыі.
Сябра Вялікай рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Дзмітрый Плакс прачытаў у кнігарні галерэі “Ў” лекцыю “Кніга як арт-аб’ект” і прадставіў мінскай публіцы сваю новую кнігу пад назвай “ОМ”, нядаўна выдадзеную ў Швецыі.
Як паведамлялася раней, кніга гэтая напісана Дзмітрыем Плаксам ад рукі і выдадзена ўсяго ў 9 экземплярах, ды і тое, кожны з іх з’яўляецца 1/9 часткай кнігі.
Падчас прэзентацыі госці імпрэзы атрымалі ўнікальную магчымасць патрымаць у руках адзін з 9-ці экземпляраў кнігі. Гэта самая першая частка кнігі, якая належыць выдаўцу.
Негледзячы на дзіўную форму – стос картонак шэрага колеру з абедзвух бакоў пакрытых рукапісным тэкстам, складзеных у каробку з-пад гальштука (прынамсі так выглядае той самы першы экземпляр) – кніга выдадзены цалкам афіцыйна і мае нумар ISBN (The International Standard Book Number). З-за гэтага другі экземпляр прыйшлось аддаць у каралеўскую бібліятэку Швецыі (у гэтай бібліятэцы захоўваюцца ўсе кнігі, афіцыйна выдадзеныя ў краіне). Астатнія 7 экземпляраў купілі звычайныя людзі на інтэрнет-аўкцыёне, дзе кніга была выстаўленая на продаж.
Зборнік “ОМ”, што ў перакладзе са швецкай значыць “калі” або “пра” – гэта кніжка кароткіх тэкстаў, казак, часам вершаў, гэта пародыя на татальную філасофію, калі аўтары спрабавалі апісаць адразу ўсё: каханне, жыццё, смерць, пекла… Такім чынам, “ОМ” – гэта кніга пра ўсё і ні пра што.
Стварэнне зборніка “ОМ” – гэта спроба адказаць на шматлікія пытанні, у першую чаргу – што ёсць кніга ў сучасным свеце: гэта змест, ці гэта стос папер, ці, можа, тавар? За што людзі плацяць, набываючы кнігі: за аб’ект, за інфармацыю, за эстэтычнае задавальненне? Што такое кніга як арт-аб’ект? Як выглядалі кнігі раней, да Гутэнберга? Наколькі важнай з’яўляецца кніга як аўтограф, як ліст?
Дзмітрый Плакс прызнаўся, што пры стварэнні кнігі было шмат прыватных аспектаў: “Я пераехаў у Швецыю у дарослым узросце, таму не ўмею пісаць па-швецку ад рукі. У мяне няма почырку па-швецку. Калі пішаш на рднай мове, то проста не думаеш пра гэта. А тут мне цікава было прасачыць сувязь паміж маторыкай і сваімі думкамі.” Як расказаў Дзмітрый, жывучы ў Швецыі дастаткова закрыта, ён вельмі часта карыстаецца для камунікацыі праграмай “skype”. Таму падзел кнігі на 9 частак – цікавая спроба прымусіць людзей сустрэцца ў рэальным жыцці, для таго каб прачытаць усю кнігу цалкам.
На пытанне ці плануецца выдаць беларускамоўны варыянт кнігі, Дзмітрый адказаў: “Па-мойму, адну і тую ж ідэю два разы прадаваць не варта”. Аднак не ўсё так дрэнна для беларускамоўных чытачоў. Частка зборніка “ОМ” ад пачатку была напісана па-беларуску, і гэтыя тэксты друкаваліся ў часопісе "Дзеяслоў”.
Пытанне, што ёсць кніга як арт-аб’ект, хвалюе не толькі Дзмітрыя Плакса. Гэтай тэме прысвечана цэлая выстава. Адлюстраванне чыёйсьці кніжнай паліцы, інсталяцыя з зацэментаванымі кнігамі як спроба асэнсавання праблемы захавання інфармацыі, прыватныя дзённікі, эскізнікі мастакоў, скетчбук пасярод жывога мху, які расце і хутка назаўжды схавае эскізы …. Усё гэта і шмат іншых адлюстраванняў таго, што ёсць кніга як арт-аб’ект ва ўяўленні сучасных мастакоў, можна убачыць на выставе ў галерэі “Ў”. Выстава для тых, хто думае пра тое, як змяняецца свет.