Наўрад цi хто ў нас сумняваецца ў тым, што Беларусь знаходзiцца ў цэнтры Еўропы. Аднак жа яшчэ 20 гадоў таму акадэмiк Радзiм Гаўрылавiч Гарэцкi даказаў, што геаграфiчны цэнтры Еўропы сапраўды знаходзiцца ў нашай краiне.
Наўрад цi хто ў нас сумняваецца ў тым, што Беларусь знаходзiцца ў цэнтры Еўропы. Аднак жа яшчэ 20 гадоў таму акадэмiк Радзiм Гаўрылавiч Гарэцкi даказаў, што геаграфiчны цэнтры Еўропы сапраўды знаходзiцца ў нашай краiне.Шмат якiя краiны заяўляюць, што гэты пункт на iх тэрыторыi — маюць рацыю, бо iснуюць розныя метады даследавання. Але доказы беларускага геолага можа паўтарыць любы школьнiк: ёсць прызнаны самы заходнi пункт Еўропы, ёсць самы ўсходнi, паўночны i паўднёвы, а на перакрыжаваннi лiнiй знаходзiцца беларуская Чыжаха, на мяжы Бярэзiнскага i Чэрвеньскага раёнаў. Гэтае паведамленне на Першым з'ездзе беларусаў свету зрабiла фурор, таму што тады на гэтую тэму шырока не гаварылi. Але зусiм не дзiва, што iдэя даказаць гэта напаткала менавiта акадэмiка Гарэцкага, якi пераехаў жыць у Беларусь ужо дарослым чалавекам, бо вырас у Расii, куды была выслана сям'я бацькоў. Яшчэ сто гадоў таму яго родныя жылi з думкамi пра радзiму, за гэта i пацярпелi. Што за час гэта быў для Беларусi, можна даведацца з кнiгi "Браты гарэцкiя", выдадзенай Згуртаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына". Яе аўтар разважае пра загадкi лёсу, якi ўмее гуляць з людзьмi, народамi, краiнамi.
— Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя Беларусь магла атрымаць надзею як краiна. Вашы родныя былi ўдзельнiкамi гэтых працэсаў, марылi пра беларускую незалежнасць. Але мары не нараджаюцца нiадкуль...
— У майго бацькi i дзядзькi былi магутныя каранi. Iх мацi была народнай спявачкай, сказальнiцай, якая размаўляла на цудоўнай беларускай мове. Яна была непiсьменная, але вельмi культурная ад прыроды, багатая на песнi, фальклор, казкi. Культура ж iдзе не толькi ад адукацыi. Мой бацька казаў: крышталёвае ўздзеянне матчыных песень i казак уплывала на iх так моцна, што яны па-сапраўднаму палюбiлi нашу родную зямлю i родную мову. Як казаў яшчэ Максiм Гарэцкi: любiце нашу мову, любiце мацi, якая першая навучыла вас размаўляць на роднай мове. Выдатна, што "Звязда", у якой ён працаваў, жыве гэтымi запаветамi. Усё жыццё Максiм за мову стаяў. Асаблiва калi быў у Вiльнi i выкладаў у гiмназii. Там жа ён займаўся сапраўднай палiтыкай — быў членам прэзiдыума БНР разам з Ластоўскiм, разам з Луцкевiчам. Таму у iх таксама хапiла спрэчак: адны разам з палякамi бачылi Беларусь, другiя разам з расейцамi, а тут яшчэ i Саветы з'явiлiся з вельмi прывабнымi лозунгамi... Але была i такая хваля: мы самi па сабе павiнны быць. Да яе належаў i Максiм Гарэцкi. Але сiтуацыя змянiлася. Ён мог застацца за межамi, калi палякi захапiлi Вiльню. Мог быць закатаваны яшчэ тады, але пратэсты людзей яго ўратавалi. I вырашыў вярнуцца на Радзiму. У нейкай ступенi паверыў тым лозунгам, якiя стваралi бальшавiкi.
— Напэўна, хацеў жыць на роднай зямлi?
— Так, ён жа не так лёгка трапiў у Беларусь. Яго не пускалi сюды, ён дабiваўся. Спецыяльна ездзiў у Варшаву, каб атрымаць пашпарт. Шмат намаганняў было прыкладзена дзеля таго, каб жыць на радзiме i размаўляць на сваёй мове. Гэта галоўнае для яго было ў жыццi. Тое самае перайшло i майму бацьку.
— Ён браў прыклад са старэйшага брата?
— Ён паважаў Максiма, лiчыў яго настаўнiкам. Ён на сем гадоў быў старэйшы, а ў тыя гады гэта рознiца была iстотная. Самае галоўнае ў характары Гаўрылы — ад Максiма. Ён i праўда быў вельмi моцны, вельмi прынцыповы, хоць i мяккi.
— Напэўна, калi Максiм зрабiў выбар на карысць Беларусi, то былi надзеi на тое, што будзе будавацца новае жыццё. Але яны расталi, калi пачалiся арышты. Максiм Гарэцкi спрабаваў звярнуць увагу на крывадушнасць сiстэмы...
— Ён першы пачаў пiсаць яшчэ ў "Дзвюх душах". Калi яны былi ў Смаленску з Янкам Купалам, то сутыкнулiся з жудаснымi рэчамi. Тады друкавалi спiсы — каго расстралялi, каго трэба расстраляць. А расстрэльвалi ж каго? Настаўнiкаў, сялян, у якiх дзве каровы... Янка Купала казаў, што быў непрытомным у тым годзе ад гэтай жудасцi. А лозунгi гучалi прывабныя... Максiм з таго часу пачаў пра гэта пiсаць i шмат чаго прадбачыў. Пра гэта некаторыя публiцыстычныя рэчы, якiя Скалабан зараз знайшоў. У многiх апавяданняў ёсць моманты, дзе раскрываецца гэтая тэма. Такiя людзi, як лiтаратары, шмат адчуваюць i шмат што прадчуваюць — успомнiце Дастаеўскага "Бесы". Многiя разумелi, што адбываецца, але не ўсе маглi i не баялiся пiсаць.
— Кнiжку "Браты Гарэцкiя" вы стваралi дзеля таго, каб праз лёс родных паказаць сiтуацыю, якая ў той час была ў краiне?
— Калi вызначыць жанр, то гэта дакументальная аповесць. Я хацеў, безумоўна, паказаць не толькi сям'ю нашу, але i ўсю сiтуацыю, якая была ў ХХ стагоддзi. А яны якраз людзi ХХ стагоддзя. Я хацеў, каб было зразумела, што гэта не прыдумана, таму як мага больш паказаў дакументаў, якiя каментаваў. Мой бацька выратаваўся, хоць яго да расстрэлу прыгаворвалi. Максiму далi менш — пяць гадоў высылкi. Але яго расстралялi... Я хацеў разабрацца: чаму?
Мой бацька быў эканамiст, а па няволi ў высылцы стаў геолагам. У яго два жыццi. Ён нiбыта ў кашулi нарадзiўся. Яго пасадзiлi — нiбыта ён Галадзеда i Чарвякова ў контррэвалюцыю ўцягнуў. Як злоснага ворага паслалi яго ў Маскву, а ў гэты час 2 тысячы чалавек, сярод якiх павiнен быў быць бацька, расстралялi каля "мядзвежкi". Я там быў пасля — помнiкi стаяць, не так, як у Курапатах. Такiм чынам ён уратаваўся. Зноў у 38-м пасадзiлi. Тут мяняюць Ягоду на Берыю — яго выпусцiлi. I трэцi раз пашанцавала...
Калi мы жылi ў Расii, то ён увесь час казаў: "Хачу ў Беларусь". Яго не адпусцiў генерал-маёр Жук, кiраўнiк "Гiдрапраекта", дзе бацька працаваў. Гэта ўжо пасля вайны, у 47-м годзе было. Хутчэй за ўсё, калi б ён прыехаў сюды, то яго б зноў пасадзiлi — iшла чарговая хваля...
— У якi час ваш бацька даведаўся пра смерць Максiма?
— На жаль, пра сапраўдную смерць ён так i не даведаўся. Яго забралi ў кастрычнiку 37-га года. Леанiла Усцiнаўна i Галiна Максiмаўна — жонка i дачка Максiма Iванавiча — прывозiлi розныя перадачы, яшчэ iх прымалi, ведаючы, што яго ўжо няма. Афiцыйна яны атрымалi паперу — у 39-м годзе перад самай вайной: "ваш муж загiнуў ад кровазлiцця ў мозг". Ён быў у высылцы на Ухце. I мы можам узяць некаторыя энцыклапедыi, i знойдзем там гэтую дату. I мой бацька перад вайной пра гэта даведаўся. Усе мы так думалi. Iншых звестак не было. Але пасля таго, як пайшла перабудова, я меў магчымасць паглядзець яго "расстрэльную" справу, якую прыслалi са Смаленска. Я здзервянеў, калi ўбачыў, як было насамрэч: яго ў кастрычнiку 37-га года арыштавалi, а ўжо 10 лютага 38-га ў Вязьме расстралялi.
— Каму i чым ён у Вязьме быў небяспечны — ужо ж выслалi?..
— Паглядзiце акт расстрэлу: на дранай паперцы пазначана, што так званая "тройка" прыгаварыла расстраляць. Акт потым склалi. Там напiсана, хто выконваў — iзноў тры чалавекi. Як гэта было? Вывелi 40 чалавек з турмы, адвялi на месца расстрэлу ў 15.00, а ў 15.15 прывялi прыгавор у выкананне. I трупы закапалi на адпаведную глыбiню. Гэта быў сапраўдны генацыд свайго народа. За 15 хвiлiн расстралялi 40 чалавек! Максiм там 30-м значыцца. Разам з iм — селянiн, рабочы, настаўнiк... Проста людзi.
— Дзiвiць настойлiвасць вашага бацькi — ён жа вярнуўся на Радзiму зусiм немаладым чалавекам.
— Гэта быў залаты яго час, па вяртаннi ў Беларусь. У Акадэмii навук аднавiлi, папрацаваў яшчэ каля 20 гадоў, стварыў выдатную геалагiчную школу. Гэта быў яго самы светлы час, калi ён працаваў на Радзiме.
Ён памёр у 1988 годзе. Мне вельмi крыўдна — бо гены ў нашым родзе моцныя: прапрадзед сто з гакам гадоў пражыў, дзед — 90 гадоў. Я заўсёды быў упэўнены, што бацька 90 пражыве. I ўвесь час яму казаў: сядай, напiшы ўспамiны. Ён вельмi добра ведаў пiсьменнiкаў, навукоўцаў, i Чарвякова, i Галадзеда. Найцiкавейшыя былi б успамiны! Але такое жыццё, што кожны пражыты год — ужо цуд.
Вельмi шкада, што бацька не дажыў да незалежнасцi Беларусi, да таго часу, калi беларускую мову абвясцiлi дзяржаўнай.
— Ён доўгiя гады пражыў у Расii, а беларускую мову не забыў?
— Ён так добра ведаў мову, што да гэтага часу ўспамiнаюць, як ён прыгожа размаўляў. Ён па гаворцы мог вызначыць, адкуль чалавек родам. Наогул ставiўся паважна да ўсiх моў. У Расii на чыстай рускай мове гаварыў, з палякамi — па-польску, мог па-ўкраiнску — там шмат працаваў, нямецкую ведаў. А ў Беларусi — толькi па-беларуску.
Але што да мяне, то калi нас выслалi, мне было 4 гады, i сюды я вярнуўся можна сказаць разам з бацькам амаль праз 40 гадоў. Я наогул нiколi беларускую мову не вучыў. Бацька з намi быў вельмi мала. Беларускую мову мы чулi ў сям'i толькi тады, калi бацька з мацi памiж сабой размаўлялi. I калi лiсты атрымлiвалi з Беларусi. Уся мая моўная вучоба. Калi сюды прыехаў, патрошку пачаў далучацца да роднай мовы.
— Адчулi ў гэтым патрэбу?
— Для бацькi i для Максiма самае галоўнае было — родная зямля i родная мова. Максiм жа меў дачыненне да выдадзенага ў Смаленску першага расiйска-беларускага слоўнiка. Няхай ён быў i малы, але затое потым перавыдаваўся. Пра будучыню беларускай мовы яны дбалi амаль 100 гадоў таму.
Па спадчыне мне гэта перадалося. Мой маральны абавязак — пiсаць пра iх. Мы кожны год праводзiм Гарэцкiя чытаннi, пачалi са 100-годдзя Максiма Гарэцкага. Звярнуўся да яго твораў, вывучаў дакументы. Дзякуючы сваiм блiзкiм я ведаю: калi да роднай зямлi далучаецца родная мова, узнiкае вялiкая роднасць людзей гэтай зямлi. У iх узбуджаецца самасвядомасць, яны робяцца сапраўднымi патрыётамi, i iх моц непераможная.
— Як у гэтым пераканаць iншых?
— На жаль, у мяне, можа з узростам, больш сумных думак. Я бываў у шмат якiх краiнах Еўропы, быў у Амерыцы. Я там бачыў нашых беларусаў. Беларусы там двух тыпаў. На жаль, моладзь умомант забывае i мову, i радзiму, ёю кiруе чыста камерцыйны дух. Але што мяне дзiвiць: тут яны мову не ведаюць, а там умомант вывучаюць — i нарвежскую, i фiнскую, i шведскую... Таму што ва ўсiх нармальных краiнах без ведання мовы няма чаго рабiць. I ва ўсiх краiнах першае, што ты павiнен зрабiць — вывучыць мову. Чалавеку прапануюць пайсцi на курсы, дзе ён вывучае мову, таму што яму немагчыма жыць без мовы той краiны. А калi гляджу на нашу Беларусь, то бачу: у нас немагчыма жыць без рускай мовы, а з беларускай цяжка. Таму яна, на жаль, робiцца непатрэбнай нам. У якой краiне можна хадзiць па сталiцы i не пачуць ад чалавека роднага слова?.. У вёску раней прыязджаеш — жанчыны так па-беларуску прыгожа размаўлялi — я вельмi любiў ездзiць да бабуляў маёй жонкi. А цяпер жа i там няма былой прыгажосцi i чысцiнi.
— Магчыма, ёсць нейкая надзея на тое, што стаўленне да беларускай мовы ў людзей зменiцца?
— Надзея — на iнтэлiгенцыю, на моладзь, на дзяцей. Але паглядзiце, колькi працэнтаў школьнiкаў вучыцца па-беларуску: 18. А нядаўна даведаўся, што каб дзiця вучылася па-беларуску, трэба, каб бацькi пiсалi заяву. Яшчэ Максiм Гарэцкi пiсаў: "Было б дзiўна i не разумна пытаць у расiянiна, цi хоча ён рускую мову ў школе. Глупства было б пытаць аб тым жа немца, француза, латыша цi эстонца. Чаму тады з дурнымi пытаннямi можна звярнуцца толькi да цёмнага беларуса?" Гэта ён у 19-м годзе пiсаў, вельмi даўно...
Уся надзея на тое, што дзяржава зверне ўвагу на моўную сiтуацыю. Бо няма краiны, калi ў яе няма мовы. Мяне вельмi хвалюе, што ЮНЕСКА запiсала нашу мову ў вымiраючыя. Лiчыце — у Чырвонай кнiзе моў. Калi не зменiцца палiтыка дзяржавы ў стаўленнi да мовы, то загiне мова — i загiне Беларусь. Я лiчу, калi ты не разумееш i не ведаеш сваёй мовы, то ты не беларус.
Ларыса Цімошык, "Звязда"