Вербальна-візуальныя эксперыменты Дзмітрыя Плакса

Дзмітрый ПлаксХутка ў Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі шведскага беларуса, паэта і перакладчыка, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Дзмітрыя Плакса. Незвычайнасць гэтай кнігі, не ў тым, што яна называецца незразумелым беларусу словам “ОМ”, а ў тым, што выдадзена яна ўсяго ў 9-ці экземплярах і пры тым рукапісным тэкстам.

Хутка ў Мінску адбудзецца прэзентацыя кнігі шведскага беларуса, паэта і перакладчыка, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Дзмітрыя Плакса. Незвычайнасць гэтай кнігі, не ў тым, што яна называецца незразумелым беларусу словам “ОМ”, а ў тым, што выдадзена яна ўсяго ў 9-ці экземплярах і пры тым рукапісным тэкстам. Плюс да ўсяго, гэтыя экземпляры з’яўляюцца часткамі кнігі, так што ў прынцыпе экземпляраў усё ж такі, мабыць, не дзевяць, а ўсяго толькі адзін. Пакуль тая прэзентацыя ў Мінску, мы вырашылі задаць аўтару некалькі пытанняў. Вось што ён расказаў.

Першае пытанне, пра што ў прынцыпе Ваша кніга?

-  У перакладзе са шведскай мовы “ОМ” значыць “Пра”. Так што кніга пра ўсё. Яна адначасова ні пра што і пра ўсё.

А як Вам прыйшла ў галаву ідэя выдаць менавіта рукапісную кнігу?

- Пра гэта я падрабязна раскажу падчас прэзентацыі 27 лістапада ў Мінску. Тут ёсць шмат прычынаў і пра ўсё ў двух словах не раскажаш, патрэбен нейкі бэкграунд. Але я магу сказаць, што як мастак ужо дастаткова даўно займаюся працай, якая даследуе сувязі паміж візуальным і вербальным. Гэта не першая мая кніжка, якая прысвечана гэтай праблематыцы.

- А чаму кніга падзелена менавіта на 9 частак? Гэта выпадковасць, ці лічба 9 мае для Вас нейкае асаблівае значэнне?

- Гэта была ідэя майго выдаўца. Ён вельмі любіць творы Дж.Р.Р. Толкіена. А як вядома, у яго кнігах было менавіта 9 пярсцёнкаў. Я ў прынцыпе спачатку хацеў зрабіць 10 частак, але не стаў спрачацца з выдаўцом.

- Ваша кніга была выстаўлена на інтэрнет-аўкцыёне ў Швецыі. Наколькі паспяхова ён прайшоў?

- Кніга прададзена. Значыць прайшоў паспяхова.

А на каго разлічана Ваша кніга: на шведскіх ці на беларускіх чытачоў?

-  На шведскіх. Кніга каментуе шведскую сітуацыю. Да таго ж, яна і напісана па-шведску. Але там ёсць пэўныя паралелі з беларускай сітуацыяй. Таму я і прыеду ў Беларусь, каб прэзентаваць кнігу.

Ці ёсць у Шведскім грамадстве  цікавасць да Беларусі, да Беларускай культуры?

- Калі коратка казаць - не, няма. Шведы ў масе сваёй пра Беларусь нічога не ведаюць. У Беларусі для іх няма нічога цікавага. Няма прыродных рэсурсаў, якія б маглі іх зацікавіць, няма рынку збыту для шведскіх тавараў. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, у Швецыі няма ніякіх крыніц інфармацыі пра Беларусь. Няма ніякай прамоцыі беларускай культуры. Прамоцыя культуры сваёй краіны – гэта усё ж такі справа дзяржавы. Як, да прыкладу, існуе Польскі інстытут, які прасоўвае польскую культуру, ці Шведскі інстытут, які распаўсюджвае інфармацыю пра шведскую культуру. Беларуская ж дзяржава прамоцыяй нацыянальнай культуры не займаецца.

- А беларусы Швецыі маглі б неяк паспрыяць паляпшэнню сітуацыі ў гэтым накірунку.

- Вядома. Яны не сядзяць без справы. Але беларусаў не так і шмат у Швецыі. Раней вось існавала Беларуская рэдакцыя Шведскага радыё. Яна, у пэўным сэнсе, выконвала ролю альтэрнатыўнай амбасады. Амаль усе, хто прыязджаў у Швецыю з Беларусі не па дзяржаўнай лініі, не абміналі Беларускую службу. Рэдакцыя прапрацавала 5 год, але, на жаль, некалькі месяцаў таму была зачынена.  У той жа час нядаўна была створана новая суполка -- “Беларусы Швецыі”. Так што ў нейкім сэнсе мы назіраем своеасаблівую эстафету. Дзейнасць суполкі цалкам залежыць ад ініцыятывы яе сяброў, так, што спадзяюся, што яна будзе існаваць больш за 5 год.

-------------------------------------------------------

Прэзентацыя зборніка "ОМ" і лекцыя Дзмітрыя Плакса “Кніга як арт-аб’ект” адбудзецца 27 лістапада ў кнігарні галерэі “Ў” (г. Мінск, пр. Незалежнасці, 37А) у 20:00.

Гутарыла Таццяна Печанко