24 кастрычніка
24 кастрычніка
Юры Гіль нарадзіўся 11 тудзеня 1942 года ў вёсцы Вашунава Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1968 годзе скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў настаўнікам у Докшыцкім раёне, потым быў там дырэктарам школы. У 1972 годзе пераехаў у Мінск, дзе працаваў у таварыстве “Веды” і выхаваўцам у Мінскім авіяатрадзе. Пэўны час узначальваў Мінскую раённую арганізацыю Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Пазней пераехаў у Вільню, дзе стварыў Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Віленскага Краю, якое і ўзначальваў да апошняга дня свайго жыцця.
Цягам апошніх двух дзясяцігоддзяў высілкамі Юрыя Гіля шмат зроблена па захаванні культурнай спадчыны і гістарычнай памяці беларусаў у Літве.
Як паведамляецца на сайце westki.info, дзякуючы намаганням Юрыя Гіля ўсталяваны крыж на тым месцы, дзе некалі стаяла хата, у якой нарадзіўся Францішак Багушэвіч. У Свіранах Ю. Гіль усталяваў не толькі крыж памяці Багушэвіча, але і заснаваў беларускую бібліятэку ў мясцовым доме культуры, усталяваў шыльду ў гонар Францішка Багушэвіча, дамогся назвы адной з вуліц у гонар свайго любімага паэта. Ад літоўскіх уладаў атрымаў дазвол на ўсталяванне мемарыяльнай шыльды Францішку Багушэвічу ў Вільні. На жаль, не паспеў здзейсніць сваю задуму.
Таксама Юры Гіль дамагаўся вяртання імя Браніслава Тарашкевіча на яго радзіме ў Лаварышках. Хацеў, каб мясцовай школе прысвоілі імя Б. Тарашкевіча. На жаль, мясцовыя ўлады не далі на гэта дазволу. Але Юры Гіль дамогся, каб адна з вуліц Лаварышак насіла імя стваральніка першай беларускай граматыкі.
Юры Гіль спрычыніўся і да адкрыцьця беларускага касцёла ў Вільні. І сёння там адбываюцца набажэнствы па-беларуску.
Паводле ўласнага жадання Юры Гіль быў пахаваны там, дзе ён прыйшоў на свет, у роднай вёсцы Вашунова.
***
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім нябожчыка ў сувязі з цяжкай стратай.
Няхай зямля яму будзе пухам!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”