Абранне ў склад сяброў Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” – гэта давер і абавязак працаваць яшчэ лепей

Сябры Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” у Рэспубліцы Комі абмеркавалі вынікі Пятага з’езда беларусаў свету на пашыраным пасяджэнні савета аўтаноміі. Пра гэта паведаміў у лісце "Бацькаўшчыне" старшыня аўтаноміі Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька.

На думку Аркадзя Сцяпанавіча, сёлетні з’езд прайшоў на патрэбным узроўні, канструктыўна, па-дзелавому. Падчас з’езда падымаліся набалеўшыя пытанні, але не было супрацьстаяння з уладнымі структурамі. Быў зададзены здаровы настрой на далейшую працу.

На сёлетнім з’ездзе Аркадзь Сцяпанавіч быў пераабраны ў склад сяброў Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. “Я расцэньваю гэта як давер і абавязак працаваць яшчэ лепей”, -- напісаў у сваім лісце Аркадзь Сцяпанавіч. Як сябра Вялікай рады Аркадзь Сцяпанавіч плануе праводзіць працу па выкананні рашэнняў Пятага з’езда, а галоўнае – падымаць узровень працы Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь”, старацца прыцягваць у свае шэрагі моладзь, шукаць новыя шляхі для згуртавання беларускай дыяспары ў Рэспубліцы Комі і папулярызацыі беларускай культуры.

Паводле слоў Аркадзя Сцяпанавіча Крупенькі, інфармацыя пра Пяты з’езд беларусаў свету атрымала розгалас у сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Комі. Пра гэтую падзею не толькі пісалі мясцовыя газеты, але і гаварылі па радыё і тэлебачанню.

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”