Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў апублікаваў на сайце загад за подпісам Леаніда Гулякі аб зацвярджэнні складу Кансультатыўнага савету кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. У склад савета ўвайшлі і прадстаўнікі “Бацькаўшчыны”. Упершыню гэты намер Л.Гуляка агучыў на Пятым з’ездзе беларусаў свету.
На сустрэчы, што адбылася паміж упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і прадстаўнікамі “Бацькаўшчыны” пасля Пятага з’езду было агучана запрашэнне кіраўніцтву арганізацыі ўвайсці ў склад гэтага дарадчага органа. Таксама станоўча была прынятая прапанова Згуртавання ўвесці ў склад савета Яўгена Вапу - старшыню Беларускага Саюза ў Польшчы, Хведара Нюньку – старшыню Таварыства беларускай культуры ў Літве, Алега Рудакова – старшыню Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага (Расія). Усяго ж у савет увайшлі 10 сяброў “Бацькаўшчыны”, у тым ліку і сяброў яе кіруючага органа – Вялікай Рады.
Асноўнымі задачамі Савета, адпаведна адмысловага палажэння, з’яўляецца аказанне суайчыннікам падтрымкі ў захаванні і развіцці іх нацыянальна-культурнай самабытнасці; садзейнічанне беларускім суполкам замежжа ў эканамічным супрацоўніцтве з суб’ектамі гаспадарання Рэспублікі Беларусь; спрыянне беларусам, якія вырашылі вярнуцца на Радзіму; заахвочванне іх да ўдзелу ў рэалізацыі сацыяльна-эканамічных, грамадска-культурных і іншых праграм Рэспублікі Беларусь.
Савет надзелены правам уносіць Упаўнаважанаму прапановы па аказанні арганізацыйнай, метадычнай і іншай дапамогі грамадскім аб'яднанням беларусаў замежжа ў ажыццяўленні сумесных мерапрыемстваў.
Праз Упаўнаважанага і яго апарат Савет узаемадзейнічае з органамі кіравання Рэспублікі Беларусь па пытаннях захавання і папулярызацыі агульнай гісторыка-культурнай спадчыны, заахвочвання беларусаў замежжа да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах у Беларусі, да супрацоўніцтва ў сферы турызму, садзейнічання ў рэалізацыі правоў беларусаў замежжа на атрыманне адукацыі і павышэнне кваліфікацыі, згодна з закандаўствам Рэспублікі Беларусі і іншых пытаннях.
Пасяджэнні Савета праводзяцца па меры неабходнасці, але не радзей аднаго разу ў паўгоддзе. Дзейнічае савет на грамадскіх пачатках.
На думку кіраўніка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алены Макоўскай, уваходжанне прадстаўнікоў “Бацькаўшчыны” ў склад кансультатыўнага савета “можна разглядаць як канструктыўны крок з боку беларускіх уладаў. Мы спадзяёмся, што прадстаўніцтва “Бацькаўшчыны” ў Савеце дасць магчымасць паўплываць на хутчэйшае прыняцце закона “Аб беларусах замежжа”, а таксама вырашаць бягучыя праблемы беларускай дыяспары”.
Поўны склад Савета можна паглядзець на сайце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.