14 ліпеня (пятніца) ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», што ў Палацы Рэспублікі, адкрываецца выстава «Зора і Вітаўт», прымеркаваная да 90-х угодкаў беларускіх дзеячаў у ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеляў.
Вітаўт і Зора пазнаёміліся ў акупаваным Мінску, пазней вучыліся разам у Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў паваеннай Германіі, ва ўніверсітэтах Марбурга і Лювена. У сярэдзіне 1950-х гг., следам за бацькамі выехалі ў ЗША, дзе і пасяліліся настала.
Паўсюль яны былі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага жыцця: ладзілі скаўцкія і іншыя нацыянальныя імпрэзы, канцэрты, фестывалі, канферэнцыі. Шматгадовая праца ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы дала магчымасць паспрыяць разбудове беларускіх фондаў розных амерыканскіх бібліятэк, сабраць унікальную калекцыю беларусікі, ладзіць выставы беларускага друку, збіраць архівы, складаць бібліяграфіі, займацца навуковай працай.
Сябры Беларускага інстытута навукі і мастацтва (ад 1982 г. Вітаўт Кіпель з’яўляецца яго дырэктарам), яны шмат выступалі на канферэнцыях і іншых мерапрыемствах, расказваючы пра Беларусь і беларусаў. А ад пачатку 1990-х Вітаўт і Зора сталі частымі гасцямі на радзіме, перадавалі каштоўныя выданні ў беларускія бібліятэкі, удзельнічалі ў навуковых і грамадскіх імпрэзах, дапамагаючы чым і дзе было магчыма.
Зора памерла 14 красавіка 2003 года, а сп. Вітаўт працягвае агульную справу з аднадумцамі па два бакі акіяну.
Разнастайная і багатая творчая спадчына, актыўная грамадская дзейнасць, як і розныя этапы жыцця Вітаўта і Зоры Кіпеляў, прадстаўлены на выставе ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». На ўрачыстым адкрыцці плануе прысутнічаць дачка Зоры і Вітаўта — Алеся Кіпель.
Выстава папярэднічае VII З’езда беларусаў свету, што пройдзе ў Мінску 15-=16 ліпеня, арганізаваная Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, ЗБС «Бацькаўшчына» і мастацкай галерэяй «Універсітэт культуры» Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”