Сёмы з’езд беларусаў свету

15–16 ліпеня ў Мінску адбудзецца Сёмы з’езд беларусаў свету МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

З’езд беларусаў свету адбываецца раз у чатыры гады і ўздымае актуальныя пытанні развіцця беларускай нацыі, узаемадзеяння Беларусі і яе дыяспары. Акрамя гэтага З’езд з’яўляецца важнай пляцоўкай па абмене досведам і меркаваннямі паміж прадстаўнікамі беларускай дыяспары, грамадзянскай супольнасцю і дзяржаўнымі інстытуцыямі.

Сёлетні, Сёмы з’езд беларусаў свету пройдзе пад тэмай – “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”.

Падчас З'езда будуць працаваць наступныя секцыі:

- Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы

- Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах

- Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці

У Сёмым з'ездзе возьмуць удзел беларусы замежжа з болей чым 18-ці краін свету, прадстаўнікі грамадскай супольнасці Беларусі, дзяржаўных структур.

Мерапрыемства адбудзецца ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау (IBB) па адрасе: пр-т Газеты Праўда, 11. Уваход па запрашальніках.

Напярэдадні З’езда, 14 ліпеня, у 18.00 у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбудзецца адкрыццё выставы “Зора і Вітаўт”, прымеркаванай да 90-х угодкаў беларускіх дзеячаў у ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеля. Адрас: Мінск, Кастрычніцкая пл., 1, Палац рэспублікі. Уваход вольны.