Дзяржава – дыяспара: крок наперад, два назад (Тры месяцы пасля Пятага з’езда беларусаў свету)

У ліпені гэтага года адбыўся Пяты з’езд беларусаў свету. Ілюзій на хуткія станоўчыя змены ў адносінах дзяржава—дыяспара не было, але пэўныя спадзяванні на зрухі ў гэтым напрамку меліся. Прайшло амаль тры месяцы. Ці змянілася штосьці?

Нагадаем, што на Пятым з’ездзе беларусаў свету абмяркоўваліся важныя праблемы грамадскага жыцця ў Беларусі і ў дыяспары ў кантэксце нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. Упершыню за 18 гадоў у працы З’езда бралі актыўны ўдзел дзяржаўныя чыноўнікі, што давала надзею на пэўныя зрухі ў палітыцы дзяржавы як адносна дыяспары, так і захадаў па захаванні і развіцці беларускай мовы і культуры ў самой Беларусі.

Выніковыя дакументы былі накіраваны ў адпаведныя дзяржаўныя органы Беларусі. Асноўныя пытанні, на якія рабіла акцэнт МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, гэта: абвяшчэнне наступнага года – Годам роднай мовы, і ў сувязі з гэтым правядзенне шэрагу канкрэтных захадаў па папулярызацыі мовы; стварэнне супольнага (дзяржаўныя і грамадскія ўстановы) Аргкамітэту па святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы; прыняцце закона “Аб беларусах замежжа”; стварэнне дзяржаўных органаў і ўстановаў па справах беларускай дыяспары; а таксама ўздымалася пытанне аб памяшканні для Беларускага дома, створанага на базе “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” з архівам і бібліятэкай беларускай дыяспары.

Дзеля абмеркавання гэтых пытанняў новаабранае кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” сустрэлася з міністрам культуры Паўлам Латушкам, упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам і Уладзімірам Шчасным – паслом па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Беларусі. Усе сустрэчы былі цікавыя і станоўчыя. Але! Практычны вынік пакуль што мела сустрэча хіба што са сп. Гулякам. Ён прапанаваў уключыць прадстаўнікоў “Бацькаўшчыны” ў склад Грамадскай рады пры апараце упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У выніку перамоваў у раду ўвайшло кіраўніцтва арганізацыі, а таксама сябры Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўген Вапа (Польшча), Алег Рудакоў (Расія), Хведар Нюнька (Літва). Па словах сп. Гулякі, першае пасяджэнне рады, на якім будуць абмеркаваны актуальныя пытанні беларускага замежжа, мяркуецца на восень.

На пасляз’ездаўскія пісьмовыя звароты дагэтуль няма адказу ні з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ні з Міністэрства культуры.

Атрыманы адказ толькі ад намесніка міністра замежных спраў сп. Алейніка, у якім паведамляецца, што МЗС азнаёмілася з дасланым лістом і з меркаваннямі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адносна магчымых кірункаў узаемадзеяння з беларусамі замежжа і “ў межах кампетэнцыі будзе ўлічваць гэтыя прапановы ў працы”. У лісце адзначана, што “МЗС і надалей будзе садзейнічаць органам дзяржаўнага кіравання Беларусі, перш за ўсё Апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у іх працы з суайчыннікамі, якія жывуць за мяжой”. Ці будзе ў бліжэйшы час рыхтавацца закон аб беларусах замежжа, ці будуць неяк улічаны прапановы дэлегатаў Пятага з’езда беларусаў свету, так і засталося незразумелым.

Па словах Ніны Шыдлоўскай, старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:

“Маўчанне з боку дзяржаўных органаў, якое вельмі падобнае на ігнараванне, не на карысць, на маю думку, ні агульнай справе падтрымкі беларусаў замежжа і ўзаемакарыснага супрацоўніцтва з імі беларускай дзяржавы, ні іміджу ўладаў. “Бацькаўшчына” звяртаецца да дзяржавы не толькі з просьбамі штосьці зрабіць, мы прапаноўваем канкрэтныя захады, свае напрацоўкі, а па некаторых накірунках – і дапамогу (як, напрыклад, арганізацыя правядзення шырокага абмеркавання ў суполках беларусаў замежжа канцэпцыі закона). Складаецца ўражанне, што яшчэ не хутка ў нашай краіне накірунак супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой будзе важным для дзяржавы. Шкада, бо гэта і надалей будзе прыносіць вялікія страты. Асіміляцыйныя працэсы ў краінах пражывання беларусаў працягваюцца. І мы – беларуская нацыя – штогод нясем вялікія страты ад гэтага”.

Па словах Алены Макоўскай, кіраўніка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”:

“Безумоўна, пазітыўна тое, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў бралі ўдзел у з’ездзе і ўпершыню за вельмі працяглы час адбылася адкрытая грамадская дыскусія, без цэнзуры і абмежаванняў. Таксама з’езд пазітыўна паўплываў на імідж беларускай дзяржавы. Але ці здолеюць беларускія дзяржаўныя органы замацаваць гэты станоўчы момант?! Відавочна адно, адсутнасць нейкіх нават невялікіх практычных крокаў наперад з боку беларускай дзяржавы ў супрацоўніцтве з беларусамі замежжа будзе паступова гэты імідж разбураць”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение