Ганна Сурмач святкуе юбілей!

4 ліпеня юбілей адзначае вядомая грамадская дзяячка і гісторык Ганна Сурмач.

Сп. Ганна нарадзілася ў вёсцы Пацэвічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ад 1982 па 1993 гг. ўзначальвала Цэнтральны дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва Беларусі.

Імя Ганны Сурмач непарыўна звязанае з грамадскай арганізацыяй Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Яна была сярод тых, хто засноўваў арганізацыю ў 90-х, узначальвала Рабочую групу па правядзенні Першага з’езда беларусаў свету, на якім і была абрана старшынёй Рады. Да 1999 года Ганна Сурмач працавала на гэтай пасадзе. Сёння яна – сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны”.

Ад 1999 года спадарыня Ганна жыве за мяжой. Працавала на радыё “Свабода”, дзе рабіла цыкл перадачаў прысвечаных беларускай дыяспары, кіравала суполкай “Скарына” ў Чэхіі, а ў 2007 годзе была абрана старшынёй Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага задзіночання (БАЗА) і рэдактарам газеты “Беларус”.

Ганна Сурмач з’яўляецца аўтаркай кніг “Першы з’езд беларусаў свету”, “Беларусь без межаў” і суаўтаркай кнігі “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржаўнасці”.

Ад “Бацькаўшчыны” да Беларуска-амерыканскага задзіночання дзейнасць Ганны Сурмач заўжды была і ёсць звязанай з беларускай дыяспарай, з беларускімі арганізацыямі замежжа. Яе актыўнасць і энергія дала пачатак шмат якім справам па папулярызацыі культурнай спадчыны беларускага замежжа.

Сардэчна віншуем Ганну Сурмач з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, заўсёднага натхнення, добрага настрою і плёну ў кожнай справе!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”