І ў белы дзень, і ў чорну ноч Я ўсьцяж раблю агледзіны, Ці гэты скарб ня збрыў дзе проч, Ці трутнем ён ня зьедзены.
Гэтыя радкі з верша класіка ў 1981 годзе натхнілі Янку Запрудніка на напісанне артыкула і пазнейшае выданне асобнай публікаткі “Спадчына бацькоў: “агледзіны”. Да 100-годдзя нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Са згоды і блаславення Янкі Запрудніка яны сталі дэвізам і далі назву для новай кніжнай серыі, заснаванай сумесна мінскімі Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ды нью-ёркскім Беларускім інстытутам навукі і мастацтва.
Дакладней, “Спадчына: агледзіны” — падсерыя ў вялікай кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаванай ЗБС “Бацькаўшчына” ў 2004 годзе, аднак з асобнай канцэпцыяй. Адна з галоўных яе мэтаў: вярнуць з небыцця — выцягнуць з архіваў, з старой расцярушанай перыёдыкі — важныя для беларускай гісторыі і культуры тэксты і даць іх у кніжным выглядзе сённешнім чытачам, ад студэнтаў да даследчыкаў, аднавіўшы такім чынам часавую сувязь. У падрыхтоўцы першых серыйных выданняў укладальнікам дапамагалі адмыслоўцы ў беларускай гісторыі, культуры, архіўнай справе: Ганна Запартыка, Арсень Ліс, Анатоль Сідарэвіч, Андрэй Буча, Аляксандар Пашкевіч, Валянціна Лебедзева і іншыя.
Першай кнігай у новай серыі будзе “Выбранае” беларускага грамадскага дзеяча ў Празе, дзеяча БНР, публіцыста і філосафа Тамаша Грыба. Нягледзячы на дастатковую вядомасць гэтай асобы, ягоныя тэксты ніколі не выдаваліся ў кніжным фармаце. Раскіданыя па перыёдыках 1920-х—1930-х гадоў, а таксама захаваныя ў рукапісах-машынапісах, яны сёння ўпершыню сабраныя разам і прадставяць чытачу цікавую і разнастайную публіцыстычну і эпісталярную спадчыну пражскага беларуса. Кніга выбранага Тамаша Грыба мае выйсці ў свет ужо ў гэтым месяцы.
Наступным серыйным выданнем стане “Выбранае” літаратуразнаўцы й філосафа, чалавека, які некалі быў творчым апекуном Янкі Купалы Уладзіміра Самойлы. І ягоная спадчына сабраная пад кніжнай вокладкай таксама ўпершыню.
Выданні, што рыхтуюцца ў серыі, заснаваныя на архіўных і бібліятэчных росшуках. Гэта не маюць быць вычарпальныя “зборы твораў”, але зборнікі, што разнастайна і шматгранна рэпрэзентуюць на сёння малавядомы ці нават амаль забыты даробак колішніх працаўнікоў беларушчыны. У кніг ёсць яшчэ адна мэта: не толькі прадставіць творчую спадчыну аўтараў, але і распавесці пра іх як асобаў — з увагі на тое, што іх біяграфіі дасёння маюць істотныя лакуны.
Трэцяй пазіцыяй у серыі, над якой вядзецца праца, станецца кніга пад назвай “Як укладалі «Спадчыну»” — бадай першае беларускае выданне, у якім распавядаецца гісторыя адной адзінай кнігі — “Спадчыны” Янкі Купалы, выдадзенай у Мюнхене ў 1955 годзе. Хоць змест шырэйшы за назву: у ёй малюецца панарама інтэлектуальнага жыцця беларускай эміграцыі 1950-х гадоў.
І Тамаш Грыб, і Уладзімір Самойла, і ўкладальнікі “Спадчыны” Вітаўт Тумаш і Станіслаў Станкевіч былі сябрамі Рады БНР. Таму цалкам лагічна, што серыя “Спадчына: агледзіны” мае прысвячэнне — “Да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі” — наш сціплы унёсак у адзначэнне гэтага важнага юбілею.
Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч