Пяцісотгоднасць: гравюры Францыска Скарыны як налепкі

Напярэдадні юбілею беларускага кнігадруку, які сёлета будзе адзначацца 6 жніўня, Згуртаванне “Бацькаўшчына” і нью-ёркскі Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва выпусцілі серыю налепак з гравюрамі Францыска Скарыны.

Як вядома, гравюры кніжных выданняў Францыска Скарыны – найбольш раннія ілюстрацыйныя гравюры ў славянскім друку, якія вылучаюцца высокімі вартасцямі, маюць арыгінальныя кампазіцыі, а таксама з’яўляюцца выдатным візуальным аздабленнем да кніг. З дапамогай кніжных гравюр чытач мог глыбей і паўней асэнсаваць змест кнігі, а таксама напоўніцу ўявіць яе сюжэты і герояў.

Налепкі стылізаваныя пад паштовыя маркі. Імі можна выдатна аздобіць ліст, паштоўку, нататнік, ноўтбук, планшэт ды іншыя прылады для пісьма. Атрымаць іх можна будзе бясплатна на мерапрыемствах, якія адбываюцца ў межах акцыі “Пяцісотгоднасць” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Ініцыятар выдання налепак – вядомы філатэліст з Гарадзеншчыны Лявон Карповіч.