Чаму пад пагрозай апынулася існаванне іркуцкіх “Крывічоў”

hu_logo-small.jpg

У сярэдзіне красавіка ў Беларусь прыйшла сумная навіна: згубіў працу Алег Рудакоў, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага, нястомны актывіст Іркуцкага беларускага моладзевага клубу “Крывічы”, чалавек, які для ўсяго свету адкрыў беларускае Забайкалле.

Раптоўна выявілася, што ўся тая каласальная праца, з якой атаясамліваецца імя спадара Алега Рудакова, рабілася ў асноўным за ягоны ж уласны кошт. Праз страчаную магчымасць сплочваць арэнду і ўкладацца ў арганізацыю культурных мерапрыемстваў пад пагрозай апынулася існаванне іркуцкіх “Крывічоў”, а пазыкі, у якія спадар Алег “улез”, каб вытрымаць абяцанне і ўсё ж правесці фестываль “Беларускі кірмаш-2017”, паставілі пад пагрозу ягоны ўдзел у Сёмым з’ездзе беларусаў свету ў якасці сустаршыні. Прэс-служба ЗБС “Бацькаўшчына” з гэтай нагоды вырашыла пагутарыць з ім і разабрацца ў сітуацыі.

– Праблемы з арэндай у вас, здаецца, узнікалі і раней. Ці мае сённяшняя сітуацыя прынцыповыя адрозненні ад папярэдніх цяжкасцяў?

– З 2000 па 2012 год мы па ільготнай цане ў адміністрацыі Іркуцка арандавалі шэсць кабінетаў агульнай плошчай каля васьмідзесяці квадратных метраў, у цэнтры горада. Там у нас былі і Бібліятэка беларускай літаратуры, і музей-майстэрня “Беларуская хата”, і працоўныя кабінеты Рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскага” (ІТБК) і Іркуцкага гарадскога грамадскага аб’яднання “Моладзевы клуб “Крывічы” (Клуб “Крывічы”).

Вясной 2012 г. на нас завялі “справу аб экстрэмізме” – абвінавацілі сябра клуба “Крывічы”, які размясціў палітычныя карыкатуры на сваёй асабістай старонцы “Вконтакте”. Калі справа рассыпалася, нам спачатку адмянілі ільготную арэнду, пазней папрасілі вызваліць памяшканне і ўрэшце намякнулі мне, што надышоў час вызваляць месца старшыні ІТБК. Але гэты ціск мы вытрымалі! Мае пошукі праўды і абіванне шматлікіх парогаў прынесла свой плён: у Рэсурсным цэнтры МКУ “Горад” ІТБК адвялі бясплатна адзін кабінет плошчай дваццаць квадратных метраў і, да ўсяго, далі ў карыстанне камп’ютар, сталы, крэслы і інтэрнэт, таксама бясплатны. У гэтым кабінеце ІТБК месціцца дасюль – я туды перадаў большасць Бібліятэкі, шафы, дакументы, фота, цымбалы, кросны, іншую маёмасць… Аднаго кабінета было мала, і я наважыўся за свой кошт арандаваць прыватны дом на вуліцы Польскіх паўстанцаў – туды пераехалі клуб “Крывічы” і майстэрня “Беларуская хата”.

У ліпені 2014 г. я напісаў заяву аб выхадзе з ІТБК. Незадоўга да таго я стаў прадстаўніком новасібірскай фірмы “Сібір-МАЗ-Сервіс” у Іркуцку, і клуб “Крывічы” пераехаў на ўскраіну горада, на вуліцу Мала-Якуцкую, бліжэй да пляцоўкі для продажу машын. У мінулым годзе мы зарэгістравалі асобную фірму ООО “Іркуцк-МАЗ-Цэнтр”, дзе мяне прызначылі выканаўчым дырэктарам. Справы, як нам падавалася,  ішлі добра, і ў кастрычніку “Крывічы” знялі офіс у цэнтры горада. Але нечакана фірмы “Сібір-МАЗ-Сервіс” і “Іркуцк-МАЗ-Цэнтр” збанкрутавалі, мне за два месяцы не выплацілі заробак і, адпаведна, не было чым разлічыцца за два месяцы арэнды. Я быў вымушаны ўзяць вялікія пазыкі.

Можна казаць, што такая сітуацыя за дваццаць адзін год беларускага руху ў Іркуцку здарылася ўпершыню.

– Ці не падаецца вам цяперашняя цяжкая эканамічная сітуацыя больш небяспечнай для працягу існавання “Крывічоў”, чым колішняе несправядлівае абвінавачванне ў экстрэмісцкай дзейнасці?

– “Справа аб экстрэмізме” была дутая. Нас абвінавачвалі ў тым, чаго мы не рабілі, абсурднасць была відавочная. У нашым офісе і ў маёй кватэры адбыліся ператрусы. Мяне спрабавалі перакваліфікаваць са сведкі ў абвінавачанага. Цягалі на допыты сяброў клуба, падчас якіх некаторых літаральна даводзілі да слёз. Нейкія староннія людзі далі супраць нас паказанні на карысць Следчага камітэта. У выніку, не вытрымаўшы ціску, некалькі чалавек з суполкі сышло. Але бараніць нас узнялася міжнародная супольнасць. Ліст аб непаразуменні даслалі нават з амбасады. Таму мы перажылі гэтую навалу годна.

Цяпер жа сітуацыя зусім іншая, нашмат больш небяспечная – эканамічная яма. У нас няма грошай утрымліваць офіс. Нам няма як існаваць, дзе збірацца на рэпетыцыі, майстар-класы, урокі беларускай мовы…

– Па ўсім відаць, што моладзевы клуб “Крывічы” займае заўважнае месца ў культурным жыцці Іркуцка: рэгулярныя, частыя імпрэзы, нядаўняя перамога ў галасаванцы на Іркуцкім гарадскім партале… Ці ёсць магчымасць хаця б часткова выправіць сітуацыю, звярнуўшыся па дапамогу да Расійскай дзяржавы?

– Мы ліставалі ў гарадскую адміністрацыю, але нам адмовілі. Кажуць, няма падставы даваць нам памяшканне. ІТБК далі, чувашам, палякам, татарам, буратам далі… Для іх, відаць, падстава ёсць…

– У сувязі з апошнімі падзеямі ці не ўзнікала ў вас думка вярнуцца ў ІТБК? Ці не паступала такой прапановы з боку цяперашняга кіраўніцтва суполкі? Наогул, якім чынам можна ахарактарызаваць сённяшнія стасункі “Крывічоў” з ІТБК?

– У 2013 г., калі “справа аб экстрэмізме” трохі прыціхла, я ўсё ж такі вырашыў перадаць кіраванне ІТБК Алене Сіпаковай, а яшчэ праз год быў вымушаны напісаць заяву аб выхадзе з ІТБК, бо ў нас з ёй узніклі моцныя супярэчанні. Галоўная прэтэнзія спадарыні Сіпаковай да мяне была ў тым, што я перашкаджаю ёй кіраваць суполкай, хоць я сам лічу, што было не так. Было відавочна, што яна не жадала ў сваёй дзейнасці азірацца на мяне як на былога старшыню, таму я, каб не даводзіць сітуацыю да абсурду, выйшаў з ІТБК, мяркуючы, што пачну займацца навуковай дзейнасцю.

Але следам за мной з ІТБК выйшлі некаторыя актыўныя сябры суполкі, у тым ліку Моладзевае крыло ІТБК – Клуб “Крывічы” – амаль у поўным складзе. Такім чынам, улетку 2014 г. у нас не толькі падзяліліся офісы, але і пачалі працаваць дзве самастойныя беларускія суполкі. Зрэшты, падзяліўся актыў, а шараговыя сябры і беларусы Іркуцка як мелі, так і цяпер маюць магчымасць прыходзіць на мерапрыемствы і да “Крывічоў”, і ў ІТБК.

На сённяшні дзень стасункаў паміж Клубам “Крывічы” і ІТБК няма. І не можа быць. Вярнуцца туды, дзе ў свой час на мяне і на “Крывічоў” абрынуліся асабістыя абразы, і толькі адзін сябар пасля мне патэлефанаваў і папрасіў прабачэння? У мяне няма да іх прэтэнзій, але разам нам ужо не быць ніколі.

– Дарэчы, давайце пагаворым пра асабістае. Што паўплывала на ваш выбар паступаць менавіта ў Цюменскую вайсковую вучэльню, праз што чаго вы ў выніку і апынуліся ў Іркуцку?

– У 1985 г. я мог прыслухацца да парады настаўніка гісторыі, які раіў мне паступаць у Віцебскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, альбо да парады полацкага (я ездзіў туды з вёскі на трэніроўкі) валейбольнага трэнера, які раіў скончыць Брэсцкі фізкультурны інстытут. Урэшце, я з сёмага класа быў памочнікам камбайнёра, меў правы трактарыста і мог наогул нікуды не паступаць, бо аграном на поўным сур’ёзе абяцаў месца ў калгасе і новы трактар. Але я паслухаў ваенрука, бо лічыў тады, што трэба абараняць сацыялістычныя дасягненні ад праклятых капіталістаў.

Але ў 1989 г., як я стаў афіцэрам у войску, дык замест палітзаняткаў ужо распавядаў сваім салдатам пра Дэмакратычную пляцоўку і Навадворскую, а ў 1990 г. выйшаў з камсамола – гэта быў прэцэдэнт, афіцэрамі маглі быць толькі камуністы і камсамольцы. Стварыў нефармальны гурток “ПіФ” (Палітыка і Філасофія) і зрабіўся зацятым ельцыністам. Падчас путчу ў 1991 г., пакуль я быў у адпачынку ў Беларусі, мае салдаты на чале з прапаршчыкам забарыкадаваліся, вывесілі трыкалор і адмовіліся сыходзіць з каравулу – мне за гэты факт непадпарадкавання пасля паразы путчу зрабілі вымову.

У 1994 г. я звольніўся з войска па стане здароўя, без права пенсіі, але атрымаў добры аклад па звальненні. І аддаў яго, каб правесці першае Купалле ў Іркуцкай вобласці…

– У даўнім інтэрв’ю сваё жаданне застацца ў Сібіры па заканчэнні навучання вы патлумачылі тым, што займелі добрую працу. Было б вельмі цікава даведацца, чым жа вы займаецеся па-за арганізацыяй беларускіх святаў, імпрэзаў, фальклорнымі вандроўкамі і этнаграфічнымі даследаваннямі? Кім давялося папрацаваць за гады жыцця ў Сібіры, колькі прафесій змяніць? Як у вас атрымліваецца для ўсяго знаходзіць час?

– Дык вось жа бачыце – не атрымліваецца знаходзіць час, нічога не паспяваю! Беларускай справай займаюся на аматарскіх пачатках, а працую дзе магу і як магу. Беларускія святы, абрады ды вечарыны збольшага раблю на асабістыя сродкі.

А кім я працаваў? Пастараюся ўспомніць. Да 1999 г. я працаваў у ахове і трохі займаўся бізнесам. Паралельна вучыўся адразу у дзвюх ВНУ: на гістарычным факультэце Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і на эканамічным факультэце Іркуцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Затым да 2001 г. працаваў настаўнікам гісторыі ў школе. Пазней быў менеджарам “Беларускага гандлёвага дома”, займаў пасаду генеральнага дырэктара гандлёвага дома “Электа”. З лета 2008 да восені 2013 г. быў памочнікам дэпутата заканадаўчага сходу Іркуцкай вобласці. А пра “Іркуцк-МАЗ-Цэнтр” вы ўжо ведаеце…

Калі ўзнікала патрэба, падпрацоўваў і таксістам, і грузчыкам. Ладзіў юбілеі для беларусаў… Усяго ўжо і не згадаю.

 – А ці праўда, што ля вытокаў беларускага руху ў Прыбайкаллі стаялі тры-чатыры чалавекі, з якіх толькі вы адзін гаварылі па-беларуску? За два дзясяткі гадоў тая адчайная ініцыятыва разраслася да некалькіх арганізацый, дзясяткаў творчых калектываў па ўсёй вобласці. Даводзілася чуць нават пра беларускую кавярню ў Іркуцку.

– У 1995 г. я ў іркуцкай абласной газеце “Советская молодежь” змясціў абвестку з заклікам да беларусаў Прыбайкалля гуртавацца ў зямляцтва, і ўжо ў наступным годзе адбылося першае пасяджэнне  аргкамітэта з пяці чалавек, на якім з маёй ініцыятывы было вырашана правесці Першы з’езд беларусаў Прыбайкалля. На тым з’ездзе прысутнічалі 23 ўдзельнікі, але былі зацверджаныя асноўныя прынцыпы і кірункі дзейнасці, паводле якіх я і працую ўжо дваццаць адзін год. На Другім з’ездзе, які адбыўся праз паўгода, запачаткавалі ІТБК. Моладзевае крыло ІТБК – Клуб „Крывічы“ – аформілася праз некалькі месяцаў, у самым пачатку 1997 г.

Сёння акрамя ІТБК і “Крывічоў” у Іркуцкай вобласці дзейнічае Мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Чаромхава” пад кіраўніцтвам Васіля Ракіты.

ІТБК мае восем аддзяленняў у вёсках Іркуцкай вобласці і горадзе Усолле-Сібірскае. У горадзе Свірску і некаторых вёсках ёсць актыўныя беларускі суполкі, якія пакуль што проста не аформіліся афіцыйна.

– Вашыя імпрэзы збіраюць дзясяткі і сотні чалавек. Самае галоўнае тое, што да вас цягнецца моладзь! Вельмі цікава, якім чынам гэта адбываецца. Пра актывістку “Крывічоў” Вольгу Галанаву вы расказвалі, што яна проста пабачыла на дзвярах шыльду са словам “беларускае”, з цікаўнасці зайшла ды так і засталася. Ці можаце згадаць і апавесці яшчэ колькі такіх гісторый пра індывідуальнае ці масавае навяртанне ў беларушчыну?

– Воля Галанава – старшыня Клуба “Крывічы”! З 2009 г. і дасёння. Яна прыехала ў Іркуцк з вёскі і паступіла ў педагагічны інстытут. Яна шукала падпрацоўку і прыйшла ў суседні офіс – там патрэбныя былі расклейшчыкі аб’яваў. А я выйшаў з нашага офіса. Гляджу – стаіць дзяўчына, па тыпажы беларуска. Я тады дапамагаў у перадвыбарчай працы партыі “Яблоко” (быў у ёй, нейкі час нават узначальваў Іркуцкую абласную суполку) і меў патрэбу ў раскладчыках агітацыйных газет па дамах. Яна згадзілася. Я спытаўся, як яе завуць і, пачуўшы “Оля”, сказаў: «“Воля” па-нашаму». Яна здзівілася і сказала, што яе так заўжды называла бабуля. Ну і высветлілася, што ў Волі тры чвэрці беларускай крыві, хаця яна ўжо ў трэцім пакаленні нарадзілася ў Сібіры.

А вось яшчэ выпадак. Наташа Навумава прыйшла да нас у гурт, таму што ёй спяваць падабалася. Кажа, я не беларуска, мой бацька – наогул гуран (сібірскі народ). Хай так, думаю, затое спявае прыгожа. І тут на Каляды з паўночнага горада Іркуцкай вобласці Кірэнска прыехаў да Наташы яе дзед. Тая запрасіла яго да нас, і высветлілася, што ён мой зямляк, прыехаў з Гарадка. Наташа ледзь не абамлела, накінулася на дзеда: “Ты чаму мне не казаў, што ты беларус?”. А дзед ёй у адказ: “А ты мяне не пытала!”.

Альбо як я з Алесем Галкіным пазнаёміўся, вялікім патрыётам нашага краю. Еду ў аўтобусе. Сядзіць побач са мной нейкі дзядзька і ўвесь час на мяне косіцца. Паказвае на мой значак “Пагоня” і пытае: “А што гэта за значак такі?” Я яму кажу сувора, каб адчапіўся: “Гэта Пагоня! Беларускі герб!”. А той раптам пераходзіць на беларускую: “А што гэта, пан беларус?” – “Так! – адказваю. – Я – беларус! А вы?” – “Дык і я беларус, з Баранавіч!”. Мы сябруем ужо 22 гады. Ён вялікі патрыёт, заўжды са мной размаўляе толькі па-беларуску і прыходзіць на большасць нашых імпрэзаў!

Такіх гісторый у мяне процьма! Магу тры тамы напісаць. Я памятаю, як пазнаёміўся з кожным! Але яшчэ рана пераходзіць на мемуары… Я яшчэ малады! Усяго 49 гадоў!

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.