Што Беларусь можа прапанаваць сваёй дыяспары

hu_logo-small.jpg

У мінулы раз мы разглядзелі, чым дыяспара можа быць карыснаю Беларусі.

Беларусь мала хто ведае ў свеце, а беларускі культурніцкі і палітычны ўплыў ніжэйшы, чым у любой суседняй краіны. Затое ёсць некалькі мільёнаў чалавек у Расіі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Канадзе, якія маюць беларускія, беларуска-польскія ці беларуска-габрэйскія карані. Яны пра гэтыя карані памятаюць і таму патэнцыйна могуць цікавіцца Беларуссю, а як максімум — быць яе хаўруснікамі і прасоўваць беларускія інтарэсы ў сваіх краінах, дапамагаць умацоўваць сувязі паміж Беларуссю і сваімі краінамі. Сярод такіх людзей ёсць знакамітыя бізнэсоўцы, палітыкі, навукоўцы і дзеячы культуры.

Беларусь зацікаўленая ў тым, каб мець стратэгію актыўнага ўзаемадзеяння з гэтымі людзьмі, з беларускай дыяспарай, каб магчы рэалізаваць каласальны патэнцыял, закладзены ў дыяспары. Такія стратэгіі маюць многія краіны — Ад Арменіі, Венгрыі і Ізраілю да Польшчы, Латвіі і Украіны.

Паспрабуем паразважаць цяпер над тым, што трэба рабіць, каб заахвоціць замежнікаў з беларускімі каранямі дапамагаць Беларусі.

Увогуле, у рамках паўнавартаснай стратэгіі ўсю шырокую аўдыторыю, якую Беларусь магла б разглядаць як дыяспары ці патэнцыйную дыяспару, трэба разбіць на групы і адносна кожнай групы высветліць, што гэтым людзям цікава ў сувязі з Беларуссю і чаго яны баяцца/адрынаюць/не прымаюць у сувязі з Беларуссю. У адпаведнасці з вынікамі гэтага трэба было б выпрацаваць стратэгію дзеянняў і ўвогуле разуменне, што рабіць і чаго не рабіць.

Але паспрабуем у агульных рысах абазначыць меры, якія ўжо зразумела, што могуць быць прынятыя.

1. Раздаць беларускія пашпарты

Першая агульная рэч, якую трэба забяспечыць для дыяспары, — гэта адчыніць дзверы ў Беларусь. Трэба поўнасцю даць “зялёнае святло” і проста зняць усе бар’еры для нашчадкаў выхадцаў з Беларусі, каб яны маглі пры жаданні прыязджаць у Беларусь, альбо, лепей, пераязджаць у Беларусь, працаваць тут, ствараць бізнес, укладаць грошы.

Максімальны варыянт — проста даваць такім людзям беларускае грамадзянства без накладання абавязку выходзіць з існуючага грамадзянства краінаў, дзе яны жывуць. Такім шляхам пайшлі Ізраіль, Арменія, Венгрыя, Латвія, Літоўская Рэспубліка і многія іншыя краіны.

Скажам, можна было б зрабіць умовай для набыцця грамадзянства Беларусі:

  • Дакументальнае пацверджанне беларускага этнічнага паходжання;
  • Дакументальнае пацверджанне, што продкі чалавека пастаянна жылі на тэрыторыі Беларусі;
  • Экзамен на валоданне беларускай мовай (менавіта беларускай, што — калі ўжо так баяцца наплыву мігрантаў — рэзка звузіла б кола патэнцыйных прэтэндэнтаў да тых, хто рэальна гатовы вывучыць мову і такім чынам прадэманстраваць сваю блізасць Беларусі);
  • Як дадатковы плюс — даведка ад арганізацыяў беларускае дыяспары.

Людзі, якія калісьці выйшлі з грамадзянства Беларусі, або дзеці грамадзянаў Беларусі павінныя мець права на беларускае грамадзянства аўтаматычна.

Тым, хто не адпавядае нейкім з гэтых умоваў, можна даваць проста пастаянны від на жыхарства ў Беларусі. Яго можна было б даваць увогуле ўсім, хто можа даказаць, што ягоныя продкі пастаянна пражывалі на тэрыторыі Беларусі.

Бо чаго баяцца?

Беларусь — міграцыйны донар. За апошнія сто гадоў яна страціла праз эміграцыю сотні тысячаў чалавек. Нашмат больш з’ехала з Беларусі, чым прыехала ў Беларусь. І сярод іх было шмат паспяховых, таленавітых людзей, якія змаглі рэалізавацца за мяжой, не маючы такой магчымасці ў Беларусі.

Беларусь павінная змагацца за “чалавечы капітал” і за тое, каб да яе ехалі — турысты, мігранты, інвестары. А самае базавае і мінімальнае (і што зусім не гарантуе, што нехта паедзе — але што дасць хаця б магчымасць паехаць тым, хто гэтага ўжо хоча) — гэта як раз расчыніць дзверы для тых, хто хоць трохі “свой”. Канечне, нашмат важней зрабіць, каб людзі не толькі маглі, але і хацелі прыехаць: ствараць прывабныя ўмовы для інвестыцый і бізнесу. Але гэта і складаней рабіць, і займае больш часу.

Пераважная большасць нашчадкаў выхадцаў з Беларусі жыве ў развітых і больш багатых за Беларусь краінах. Відавочна, што іхны прыезд у Беларусь можна толькі вітаць. На вынікі галасавання на выбарах галасы дыяспары таксама не асабліва паўплываюць. Балатавацца ў прэзідэнты і дэпутаты і так маюць права толькі людзі, што пастаянна жывуць у Беларусі.

Нарэшце, скажам наўпрост, ніякай чаргі па беларускія пашпарты не будзе. Паводле рэйтынгу Passport Index, беларускае грамадзянства — амаль самае непрывабнае ў Еўропе. Нават пашпарт Украіны, Грузіі ці Малдовы дае права без візаў падарожнічаць па краінах Шэнгенскай прасторы. Горш за Беларусь толькі Косава. Так што баяцца сапраўды няма чаго.

1.5 Раздаць “карткі беларуса”

Больш аблегчаны варыянт — стварыць спецыяльны статус “замежнага беларуса” і выдаваць адпаведныя пасведчанні, якія давалі б пэўныя правы (напрыклад, прыязджаць у Беларусь без візы на доўгі тэрмін, паступаць вучыцца, працаўладкоўвацца па-за міграцыйнай квотай і гэтак далей). Так робяць Польшча і Украіна.

Гэта аблегчаны варыянт, калі не хочацца даваць дыяспары адразу нацыянальныя пашпарты. Але ён і больш складаны, бо трэба прапісваць умовы для набыцця статусу “беларуса замежжа”, уводзіць спецыяльныя пасведчанні і гэтак далей. Я лічу, што прасцей адразу даваць людзям пашпарт ці пастаянны від на жыхарства.

2. Падтрымліваць беларускую культурніцкую прысутнасць за мяжой

2.1 Даглядаць беларускія помнікі, магілы, памятныя шыльды за мяжой

Кожны беларускі помнік за мяжой, кожны пабудаваны беларускім архітэктарам будынак, кожная беларуская магіла ці звязаная з Беларуссю памятная шыльда — гэта знак беларускай культурніцкай прысутнасці, гэта нагадванне навакольным людзям, што ёсць такая краіна — Беларусь і такія людзі — беларусы. Гэта вельмі важна для знаёмства замежнікаў з Беларуссю і, назавем гэта так, рэкламавання Беларусі за мяжой.

Беларуская культурніцкая прысутнасць за мяжой — мінімальная. І ад таго кожны пабудаваны дыяспарай помнік вельмі каштоўны для Беларусі.

Удзельнікі гурта “Стары Ольса” ў штаце Нябраска

Афіцыйная Беларусь можа мець добрыя ці дрэнныя стасункі з Радай БНР і арганізацыямі, якія ў ёй прадстаўленыя. Але магілы Старшыняў Рады БНР на Альшанскіх могілках, альбо беларускія цвінтары ў Саўт-Рывер і Нью-Брансуіку, або памятная шыльда на былой дыпламатычнай місіі БНР у Таліне — гэта ўсё знакі беларускай прысутнасці. Усё гэта наўпрост працуе на карысць прэстыжу Рэспублікі Беларусь, на прамоцыю Беларусі ў адпаведных краінах.

Неабходна скласці афіцыйны рэгістр беларускіх помнікаў за мяжою і сачыць за іх добраўпарадкаванасцю сіламі беларускай дзяржавы, узаемадзейнічаць з уладамі на месцы, ускладаць туды кветкі па важных датах і ўключаць у адпаведныя турыстычныя шляхаводы. У гэты рэгістр маглі б увайсці:

  • архітэктурныя помнікі: беларускія цэрквы, дамы;
  • помнікі: памятны крыж у Левашоўскай пустцы (Санкт-Пецярбург), беларускія памятныя крыжы ў Саўт-Рывер і ў Канадзе, помнік змагарам за незалежнасць у Баварыі і іншыя;
  • магілы важных беларусаў, беларускія могілкі: Саўт-Рывер, Іст-Брансуік, Лондан (Сэнт Панкрас), Альшанскія могілкі ў Празе і многія іншыя;
  • памятныя шыльды ў гонар беларусаў або падзеяў, звязаных з Беларуссю: шыльда на доме Алеся Адамовіча ў Маскве, беларускія памятныя шыльды ў цэнтры Вільні і іншыя.

2.2 Даглядаць знакавыя беларускія культурніцкія з’явы і ініцыятывы: цэрквы, бібліятэкі, грамадскія цэнтры

Ёсць матэрыяльныя помнікі, а ёсць культурніцкія з’явы, якія падтрымліваюцца дзякуючы высілкам канкрэтных людзей. І гэтыя з’явы — арганізацыі, установы — гэтаксама важныя для рэкламавання Беларусі ў сваіх краінах, як і помнікі матэрыяльнай культуры.

Лонданская Царква Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народа не каштавала беларускаму дзяржаўнаму скарбу ні капейкі. Яе пабудова ў 2016 годзе сталася заўважнай падзеяй у архітэктурнай супольнасці Вялікабрытаніі, і царква ўжо атрымала шэраг архітэктурных узнагародаў. Гэта вельмі вялікая навіна для беларуска-брытанскіх стасункаў, для рэкламы Беларусі ў свеце. Беларусь вельмі шмат атрымала ад адкрыцця гэтае царквы (як і ўвогуле ад 70-гадовага існавання беларускай каталіцкай місіі ў Лондане), і гэтую рэдкую, нават унікальную падзею можна было б актыўна выкарыстаць, каб эфект быў яшчэ большым.

Беларускі крыж у Канадзе

Але да майго здзіўлення і абурэння на сайце амбасады Беларусі ў Вялікай Брытаніі або на сайце БЕЛТА пра царкву не было і няма ні слова. Хаця архітэктар Рафаэль Цзывай Со і беларускі святар у Лондане айцец Сяргей Стасевіч заслугоўваюць найвышэйшай пашаны ад беларускай дзяржавы.

Што, сярод іншага, уваходзіць у катэгорыю культурніцкіх з’яваў, якія трэба падтрымліваць:

  • беларускія хоры і беларускія школы — часта яны фінансуюцца мясцовымі ўрадамі, але Рэспубліцы Беларусь беларускія школы ў Вільні, на Падляшшы ці ў Рызе патрэбныя гэтаксама моцна, як і мясцовым уладам;
  • бібліятэкі: Бібліятэка імя Ф. Скарыны ў Лондане, беларускія кнігазборы ў Амерыцы, Польшчы і іншых краінах;
  • беларускія музеі й культурніцкія цэнтры, прыкладам Музей Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі;
  • беларускія вёскі ў Сібіры.

Беларуская вёска ў Сібіры

У той жа час, як правіла, не мае сэнсу даваць грошы проста арганізацыям беларускай дыяспары (таварыствам, клубам, зямляцтвам) проста дзеля таго, што яны беларускія. Увогуле, па маёй практыцы дзейнасць арганізацый дыяспары не патрабуе ніякага вонкавага фінансавання: каб сабрацца разам паспяваць песняў і паразмаўляць на беларускай мове, грошай ня трэба. Дапамога арганізацыям па вялікім рахунку дастатковая ў форме прадстаўлення памяшкання пад мерапрыемствы і пад бібліятэку, калі яны гэтага не маюць.

Грошы беларуская дзяржава мусіла б выдаткоўваць на падтрымку канкрэтнай беларускай спадчыны ў краінах, дзе яна ёсць. Яе вельмі мала і таму кожны такі аб’ект — на вагу золата.

3. Ладзіць мерапрыемствы для дыяспары

Беларускія амбасады маглі б зрабіцца цэнтрамі прыцягнення беларускай дыяспары і, напрыклад, раз у год праводзіць шырокія мерапрыемствы адмыслова для беларускай дыяспары і для ўсіх зацікаўленых Беларуссю. Гэта можа быць Купалле, гэта можа быць Дзень незалежнасці (нават калі адзначаць яго ў ліпені). Такія мерапрыемствы добра дапамагалі б завабліваць людзей у арбіту Беларусі.

Шыльда ў гонар Францішка Скарыны ў Вільні

Што магло б быць карысным і запатрабаваным у дыяспары?

  • Нэтворкінг: месца, дзе можна сустрэцца з такімі ж людзьмі, як ты. З агульнымі інтарэсамі, агульнай настальгіяй і з сувяззю міжсобку ў выглядзе беларускага паходжання. Каб было з кім падзяліцца сваёй зацікаўленасцю, стварыць уласныя праекты ці проста разам паслухаць беларускай музыкі і паесці беларускай ежы. Бо з сябрамі-амерыканцамі ці калегамі-немцамі такога не зробіш.
  • Культурніцкія мерапрыемствы— якасныя і самабытныя, куды не сорамна запрасіць жонку ці знаёмых небеларусаў. Купалле ўяўляе сабою аптымальную нагоду для вялікіх беларускіх фестываляў пад адкрытым небам, з музыкай і нацыянальнай кухняй — такія, якія б маглі забавіць замежнікаў, асабліва замежнікаў беларускага паходжання, і куды б тым хацелася прыходзіць зноў. У Маскве кожны год у адным з паркаў праходзіць вялікі агульнагарадскі Сабантуй, які арганізуюць супольна татары, башкіры і іншыя расейскія цюркскія народы — вядома, пры актыўнай падтрымцы (і нават галоўнай ролі) урадаў Татарстана і Башкартастана. Тысячы масквічоў усіх нацыянальнасцяў прыходзяць туды і знаёмяцца з татарскай і башкірскай культурамі. Купалле магло б быць такім самым фестывалем — але беларускім.

Святкаванне Купалля беларусамі Лондана

  • Дзіцячыя мерапрыемствы: святы, моўныя заняткі, нядзельныя школкі і летнікі для дзяцей беларускай дыяспары. Вельмі важна і эфектыўна прышчэпліваць інтарэс да Беларусі людзям з самога малога ўзросту — каб яны ведалі пра свае беларускія карані і каб беларуская культура ў будучыні асацыявалася ў гэтых маладых амерыканцаў, брытанцаў, немцаў, расіянаў з шчаслівымі дзіцячымі ўспамінамі. Для дзяцей з дыяспары можна было б арганізоўваць і летнікі ў Беларусі, як гэта робіцца ва Украіне і Латвіі.

 

4. Дапамагаць у генеалагічных даследаваннях

Беларуская дыяспара ў шырокім сэнсе — гэта людзі, якія маюць карані ў Беларусі. Іхная патэнцыйная цікавасць да Беларусі звязаная з цікавасцю да сваіх каранёў. Таму чым прасцей будзе для замежнікаў вывучаць і здабываць новую інфармацыю пра сваіх беларускіх продкаў, тым больш будзе стымулявацца іхная цікавасць і да Беларусі.

Неабходна максімальна аблегчыць доступ да гістарычных архіваў і да матэрыялаў, што выкарыстоўваюцца ў генеалагічных даследаваннях: кнігі запісаў нараджэнняў, смерцяў і шлюбаў; матар’ялы перапісаў насельніцтва і іншае. Гэтыя матэрыялы варта максімальна алічбаваць і зрабіць даступнымі анлайн, пажадана на англійскай мове. Беларускія дзяржаўныя архівы ужо вядуць працу ў гэтым кірунку, але шмат яшчэ трэба зрабіць.

5. Даглядаць габрэйскую спадчыну

Узаемадзеянне з нашчадкамі беларускіх габрэяў — гэта асобная вялікая і вельмі перспектыўная тэма.

Да сярэдзіны ХХ стагоддзя Беларусь мела вельмі вялікае габрэйскае насельніцтва. У Беларусі нарадзілася шмат выбітных габрэйскіх дзеячаў, у тым ліку некалькі прэзідэнтаў і заснавальнікаў Дзяржавы Ізраіль, навукоўцаў і нават лінгвіст, які адрадзіў іўрыт. У Беларусі былі заснаваныя важныя іудзейскія рэлігійныя школы — Мірская, Берасцейская, Валожынская ешывы. Гэтыя школы дагэтуль працягваюць існаваць пад сваімі “беларускімі” назвамі і ў замежжы.

Габрэйскія могілкі , Друя (фота – В. Рыжкоў)

Беларусь мае вялікі патэнцыял быць цікавай для нашчадкаў беларускіх габрэяў — мінімум як мэта для рэлігійнага турызму (як цяперашняя ўкраінская Умань, куды кожны год тысячы хасідаў прыязджаюць наведаць магілу рабіна Нахмана) і як мэта для генеалагічнага турызму (Беларусь рэгулярна наведвалі сваякі Джарэда Кушнэра, зяця прэзідэнта ЗША Дональда Трампа).

На гэтую тэму варта будзе потым напісаць асобна.

6. Паляпшаць імідж Беларусі

Нарэшце, самы лірычны і самы “глабальны” пункт.

Тое, як актыўна нашчадкі беларусаў за мяжою цікавяцца сваімі беларускімі каранямі і Беларуссю, наўпрост залежыць ад рэпутацыі Беларусі ў свеце. Рэпутацыя — гэта тая рэч, якая выбудоўваецца доўгімі гадамі актыўнай бесперапыннай працы. Рэпутацыю складана пабудаваць, але вельмі лёгка разбурыць.

Рэпутацыя Беларусі ў свеце залежыць ад таго, якія навіны прыходзяць з Беларусі. Калі гэта добрыя навіны, рэпутацыя Беларусі паляпшаецца. Калі дрэнныя — яна знішчаецца. Прычым знішчаецца ад дрэнных навінаў яна хутчэй, чым паляпшаецца ад добрых навінаў.

Дрэнныя навіны — гэта палітычная нестабільнасць, разгоны дэманстрацый або палітычныя рэпрэсіі. Усё, што падмацоўвае імідж Беларусі як “апошняй дыктатуры Еўропы”, — гэта вельмі дрэнна для яе рэпутацыі. Наадварот, дасягненні накшталт Нобелеўскай прэміі па літаратуры, атрыманай Святланай Алексіевіч — гэта выдатная нагода, каб пра Беларусь пачалі казаць больш добрага. Такія нагоды трэба максімальна выкарыстоўваць, але Беларусі гэтага рабіць дагэтуль не атрымоўваецца.

Нашчадкі беларусаў ва ўсім свеце павінны мець магчымасць ганарыцца Беларуссю і сваімі беларускімі каранямі. Зрабіць так, каб Беларуссю можна было ганарыцца і каб за Беларусь не было сорамна — гэта важная задача для беларускай дзяржавы і беларускага грамадства.

Алесь Чайчыц, Сябра Прэзідыума Рады БНР

Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі  ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.