За некалькі дзён да пачатку з’езду ў Мінск пачалі з’язджацца беларусы з розных краін. Яны заходзілі на сядзібу “Бацькаўшчыны”, цікавіліся тым, як ідзе падрыхтоўка да з’езду, расказвалі пра дзейнасць беларускіх суполак за мяжой.
Апошнім падрыхтоўчым момантам стала пасяджэнне Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, што адбылося напярэдадні з’езду, увечары 17 ліпеня. На пасяджэнні былі абмеркаваны праекты выніковых дакументаў, прапанаваны кандыдатуры ганаровых сяброў “Бацькаўшчыны”, кандыдатуры на пасаду кіраўніка і старшыні Рады Згуртавання, сяброў Вялікай Рады і Управы.
Першы дзень
18 ліпеня а 9 раніцы перад будынкам Міжнароднага адукацыйнага цэнтра IBB пачалі збірацца дэлегаты і госці з’езду. На ўваходзе ўсіх вітаў знакаміты дудар Пузыня. Пасля рэгістрацыі дэлегатаў і гасцей а 10 раніцы адбылося ўрачыстае адкрыццё Пятага з’езду беларусаў свету. Прагучаў гімн “Бацькаўшчыны”. Затым з уступным словам выступіў кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькашчына” Аляксей Марачкін. Таксама быў заслуханы аўдыёзварот ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Пасля выбараў рабочых органаў і зацвярджэння парадку дня з’езду, перад прысутнымі выступілі пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Эрыксан, міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.
З дакладамі па асноўнай тэме з’езду “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця” выступілі кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькашчына” Аляксей Марачкін, гісторыкі Наталля Гардзіенка (Беларусь) і Янка Запруднік (ЗША), дырэктар Беларусага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Сіліцкі (Беларусь). З дакладам пра праблемы беларусаў Іркуцка і аб’яднання беларусаў ў супольнасць у межах Расіі выступіў Алег Рудакоў - старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я. Чэрскага.
Пасля асноўных дакладаў выступалі дэлегаты з’езду. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі выступы пісьменніцы Вольгі Іпатавай і палітыка Юрыя Хадыкі. Вольга Іпатава звярнулася да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай “вярнуць” беларускіх пісьменнікаў у бібліятэкі і школы, даць ім магчымасць для выступаў. Юры Хадыка агучыў свае апасенні наконт таго, што абраная тэма з’езду “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця” можа звесціся толькі да лінгвістычнага аспекту, аднак тут жа запэўніў, што ўжо на пачатку працы з’езду стала зразумела, што гэта не так. Таксама спадар Хадыка звярнуўся да міністра культуры з просьбай звярнуць асаблівую ўвагу на праблему рэстытуцыі і на праблему рэстаўрацыі гісторыка-культурных помнікаў. Ён заклікаў міністра зрабіць усё магчымае, каб захаваць хоць некалькі сапраўды ідэнтычных архітэктурных помнікаў.
Пасля перапынку быў заслуханы справаздачны даклад мандатнай камісіі. Згодна з дакладам на з’ездзе прысутнічалі 252 дэлегаты з 18 краін свету, якія прадстаўлялі больш за 50 суполак беларусаў замежа. Палова з дэлегатаў прадстаўлялі краіны замежжа. Са справаздачным дакладам аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” выступіла старшыня Вялікай Рады Алена Макоўская. Яна агучыла праблемы, з якімі сутыкалася “Бацькаўшчына” на працягу апошніх чатырох год, расказала пра культурніцкія акцыі, што ладзіла “Бацькаўшчына", пра кнігі, выдадзеныя “Бацькаўшчынай”, і пра дзейнасць кампаніі “Будзьма Беларусамі”, каардынатарам якой з’яўляецца МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. З кароткімі дакладамі выступілі Юры Статкевіч (Малдова), Вячка Целеш (Латвія), Юрка Станкевіч (Чэхія), Анатоль Міхнавец (Польшча), Валянцін Стэх (Літва). Вітальнае слова ад старшыні БСДП Міколы Статкевіча зачытаў Алесь Станкевіч. Затым удзельнікі з’езду разышіліся на працу па секцыях: “Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце (мова, літаратура, мастацтва, друк і г.д.)”, “Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў”, “Беларуская ідэнтычнасць у еўрапейскім кантэксце”.
Завяршыўся першы дзень Пятага з’езду святочным канцэртам. Дэлегатаў і гасцей сваімі выступамі парадавалі этна-джаз гурт “Акана-НХС”, гурт сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”, трыо “Вытокі”, гурт “Зігзаг” у асобе Ігара Загумёнава, гурт “Jab Club”, лідэр гурту “White Night Blues” Юры Несцярэнка, бард Алесь Камоцкі, сёлетні удзельнік Еўрабачання Пётр Ялфімаў, Зміцер Вайцюшкевіч, гурт “Рэха”.
Другі дзень
Другі дзень з’езду пачаўся з сустрэчы дэлегатаў з’езду з міністрамі, прадстаўнікамі міністэрстваў і іншых дзяржустановаў. На гэтай сустрэчы прысутнічалі міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, Пасол па асобых даручэннях Уладзімір Шчасны, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародным справам і сувязям з СНД Сяргей Маскевіч, кіраўнік упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязяў Міністэрства інфармацыі Уладзімір Матусевіч, намеснік кіраўніка ўпраўлення вышэйшай адукацыі – загадчык аддзела выкладання грамадазнаўчых дысцыплін Міністэрства адукацыі – Надзея Ганушчанка. Большасць пытанняў былі адрасаваны сп-ру Латушку. Авацыі прысутных выклікала прапанова Аляксея Марачкіна, адрасаваная Паўлу Латушку, аб наданні беларускай мове статуса адзініай дзяржаўнай мовы ў краіне, на якое сп-р Латушка адказаў, што асабіста ён як грамадзянін Рэспублікі Беларусь падтрымлівае гэтую прапанову, аднак як міністр культуры вымушаны папярэдзіць аб небяспецы гвалтоўнага насаджэння беларускай мовы адзначыўшы, што гэтае пытанне нельга вырашыць загадам за адзін дзень. Увогуле трэба адзначыць, што сп-р Латушка трымаўся вельмі годна. Адзінае пытанне, на якое ён не змог адказаць, тычылася занясення бел-чырвона-белага сцягу ў спіс гісторыка-культурных каштоўнясцяў. Сп-р міністр адразу прызнаўся, што не гатовы адказаць на гэтае пытанне і паабяцаў разгледзець яго пасля вывучэня. Адным з вострых пытанняў, якія былі ўзняты на сустрэчы, было пытанне пра аднаўленне Беларускага ліцэя Якуба Коласа. Адказваючя на яго сп-ня Ганушчанка спаслалася на тое, што ліцэй не прайшоў атэстацыі, падчас праверкі ў ліцэі былі выяўленя парушэнні матэрыяльна-тэхнічнага стану ды іншыя. Аднак, паводле яе словаў, у Беларусі ёсць шмат іншых ліцэяў, якія даюць вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Былі таксама ўзняты пытанні спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў замежжа, пытанні забеспячэння падручнікамі беларускіх школ за мяжой, стварэння тэлеканалаў, якія б вялі вяшчанне па-беларуску, вяртанні ЕГУ ў Беларусь. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны, але і гэтага было мала, шмат яшчэ пытанняў не паспелі агучыць, і сп-р Латушка яшчэ доўга размаўляў з дэлегатамі ў файе адукацыйнага цэнтру.
Таксама ў другі дзень адбылася прэзентацыя кніг, сустрэча з творчай інтэлігенцыяй, падвядзенне вынікаў працы секцый, прыняцце выніковых дакументаў, выбары кіруючых органаў.
На з’ездзе былі прыняты наступныя выніковыя дакументы:
- Праграма “Беларусы ў свеце” (2009-2013);
- Зварот да Нацыянальнага сходу і Урада Рэспублікі Беларусь аб прыняцці закона “Аб беларусах замежжа” ;
- Прапановы ў праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа”;
- Зварот да Адміністрацыі Прэзідэнта, Урада, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб стварэнні дзяржаўных органаў і ўстаноў па справах беларускай дыяспары;
- Зварот да Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урада Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта аб захаванні і падтрымцы Беларускага дома – культурна-асветнага цэнтра МГА ЗБС “Бацькаўшчыны”;
- Рэзалюцыя “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны і манументальная прапаганда”
- Зварот аб падтрымцы беларускамоўных СМІ і праграмаў па-за межамі Беларусі
- Зварот да дзяржаўных органаў і беларускай грамадскасці "Беларуская мова – аснова незалежнасці Беларусі"
- Зварот да дзяржаўных органаў і грамадскасці Рэспублікі Беларусь, беларускай дыяспары аб святкаванні 600-годдзя (15 ліпеня 2010 года) Грунвальдскай бітвы
- Выніковая рэзалюцыя “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця”
Акрамя вышэй пералічаных дакументаў, распрацаваных рабочай групай і зацверджаных Вялікай Радай, была прынята Заява ўдзельнікаў з’езду наконт масавых затрыманняў удзельнікаў мірнай акцыі салідарнасці з сем’ямі зніклых і палітвязняў, што праходзіла 16 ліпеня 2009 года.
Кіраўніком МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” амаль адінагалосна (двое дэлегатаў устрымаліся) была абрана Алена Макоўская, старшынёй Вялікай Рады – Ніна Шыдлоўская. Намеснікамі Старшыні Вялікай Рады абраны Валеры Герасімаў і Барыс Стук.
Ганаровымі сябрамі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” сталі Вячка Целеш (Латвія), Адам Мальдзіс (Беларусь), Валеры Барташ (Украіна), Юрка Станкевіч (Чэхія), Вячка Станкевіч (ЗША), Аляксей Марачкін (Беларусь).
Пасля выбараў новая кіраўніца МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская выказала падзяку яе папярэдніку – Аляксею Марачкіну, Вялікай Радзе і Управе мінулага абрання. Асобную падзяку ад імя дэлегатаў з’езда сп-ня Макоўская выказала за дапамогу ў арганізацыі з’езду і фінансавую падтрымку Валерыю Казакову (Расія), Ірэне Калядзе-Смірновай (ЗША), Згуртаванню беларусаў Вялікай Брытаніі, Згуртаванню беларусаў Канады, Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Канадзе, Зміцеру Ярашэўскаму (Германія), Ніне Петуховай (ЗША), Янку Марцінкевічу (Латвія), Макагону Андрэю (Расія), Але Орса-Рамана (ЗША), Ганько Марыі (Канада), Гімпелевіч Зінаідзе (Канада), Грыцук Вользе (Канада), Дробінай Надзеі (Канада), Кату Алесю (Канада), Юрку Станкевічу (Чэхія), Мурзёнку Пятру і Баркар Наталлі (Канада). Менавіта дзякуючы гэтым асобам і арганізацыям стала магчымым правядзеня Пятага з’езду беларусаў свету.
Фота Таццяны Печанко (першы дзень) і Aliaksei (другі дзень)
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"