МГА “Згуртаванне беларусаў свету
"Бацькаўшчына” выказвае занепакоенасць з нагоды таго, што з 1 верасня 2009 года
“Радыё Швецыя” спыняе вяшчанне на беларускай мове. Пра гэтае рашэнне паведаміў кіраўнік Міжнароднага канала Шведскага нацыянальнага радыё (у гэты канал уваходзіць і “Радыё Швецыя”)
Інгемар Лёфгрэн. Па словах спадара Лёфгрэна, Шведскае радыё “зрабіла цяпер выбар на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моваў, а менавіта – рускай, тым больш, што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі”.Перадачы па-беларуску гучалі ў эфіры “Радыё Швецыя” ад 2004 года. Журналісты беларускай рэдакцыі расказвалі ў сваіх перадачах пра Швецыю як пра дэмакратычную краіну і тым самым садзейнічалі дэмакратычнаму развіццю Беларусі. Вялікая ўвага надзялялася асвятленню беларускай культуры, шведска-беларускіх адносінаў. Слухачамі перадачы былі таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Швецыі ды іншых еўрапейскіх краінаў. Спыненне перадач па-беларуску не толькі перавядзе да змены моўнага асяроддзя, але і паўплывае на змест праграмы: натуральна, што руская служба будзе надзяляць болей увагі расійска-шведскім адносінам. Больш за тое, спыненне вяшчання па-беларуску зменшыць прысутнасць беларускай мовы ў свеце, што нельга дапусціць, улічваючы сённяшнюю сітуацыю з мовай у Беларусі і пагражальныя асімілятыўныя працэсы сярод беларусаў замежжа. Падобна на тое, што ў сувязі з пацяпленнем адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам, праца беларускай рэдакцыі, што спрыяла дэмакратызацыі Беларусі, падаецца кіраўніцтву Шведскай радыёкампаніі непатрэбнай. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” вітае пазітыўныя тэндэнцыі апошняга часу па збліжэнні Беларусі з ЕС. Аднак пакуль наша краіна не стала незваротна на шлях дэмакратызацыі, пакуль існуе небяспека знікнення роднай мовы тытульнай нацыі, нельга пазбаўляць беларусаў адной з нешматлікіх магчымасцяў атрымліваць праўдзівую інфармацыю па-беларуску.МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае падтрымку беларускай рэдакцыі Шведскага радыё і спадзяецца, што рашэнне пра спыненне вяшчання па-беларуску будзе адменена. Заклікаем беларусаў на Радзіме і ў замежжы, усіх, каму неабыякавы лёс роднай мовы і беларускай рэдакцыі Шведскага радыё, далучыцца да кампаніі па падтрымцы і накіраваць лісты з патрабаваннем працягнуць вяшчанне па-беларуску пасля 1 верасня 2009 года ў наступныя інстанцыі:Генеральны дырэктар Шведскага радыё Mr. Mats Svegfors mats.svegfors@sr.seНамесніца гендырэктара Ms. Cilla Benkö cilla.benko@sr.seКіраўнік Міжнароднага каналу Mr. Ingemar Löfgren ingemar.lofgren@sr.se Кіраўніца "Радыё Швецыя" Ms. Gundula Adolfsson gundula.adolfsson@sr.se
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”