Афіцыйны Мінск баіцца беларусаў замежжа?

Палац мастацтваў адмовіў у памяшканні для правядзення Пятага з’езда беларусаў свету. Гэта ўжо 18-ая адмова ў сталіцы.

Сёння, 8 мая, Рэспубліканская мастацкая галерэя (вул. Казлова,3), што належыць Беларускаму саюзу мастакоў, адмовіла Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў прадстаўленні памяшкання для правядзення Пятага з’езда беларусаў свету.

У афіцыйным лісце, падпісаным дырэктарам прадпрыемства А. Зінкевічам, гаворыцца, што магчымасці прадставіць памяшканне ў арэнду няма “ў сувязі з дзеяннем раней заключаных дамоў арэнды”.Кіраўніцтва МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” зазначае, што першапачаткова варыянт правядзення з’езда ў Палацы мастацтваў не разглядаўся, паколькі там невялікае памяшканне. Аднак пасля таго, як астатнія залы горада Мінска адмовілі ў арэндзе, вырашана было даслаць заяўку ў Палац мастацтваў, асабліва ўлічваючы той факт, што гэтая зала належыць Беларускаму саюзу мастакоў і там праводзіліся пасяджэнні ТБМ ды іншыя імпрэзы беларускіх грамадскіх аб’яднанняў.Раней у прадстаўленні памяшкання адмовілі Палац Рэспублікі, Палац прафсаюзаў, ДК МТЗ, ДК МАЗ, актавая зала Лінгвістычнага ўніверсітэта, Дом афіцэраў і інш. Пяты з‘езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” запланаваны на 18-19 ліпеня 2009 г. Удзел у ім павінны ўзяць 400 дэлегатаў з больш чым 20 краін.Ранейшыя чатыры з’езды, якія праводзяцца раз на чатыры гады, праводзіліся ў Мінску.Кіраўніцтва Згуртавання не выключае, што, калі не ўдасца знайсці памяшкання ў Мінску, галоўны форум беларускай дыяспары будзе праведзены па-за межамі Беларусі.Прэс-служба МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”