Само дзейства адбывалася ў лесе, дзе сабралася больш за сорак студэнтаў, а таксама прадстаўнікі беларускай нацыянальнай суполкі ў Вільні, сярод якіх заснавальнік “Талакі” Сяргей Вітушка з сям’ёй і перакладчыца Вера Рыч. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі беларускія спевакі і прадстаўнікі літоўскай моладзевай арганізацыі “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты Літвы”. Аўтэнтычныя беларускія гульні і спартовыя забавы, сціплая вячэра, цудоўныя спевы беларускіх бардаў Таццяны Беланогай і Андруся Мельнікава, а таксама музыка Андрэя Апановіча з гурта “Стары Ольса”, і, натуральна, пошукі папараць-кветкі, скокі цераз вогнішча ды паход да рэчкі з самага ранку сонейка сустракаць. "ЗБС "Бацькаўшчына" таксама выступіла адным з тых, хто дапамог у арганізацыі Купалля.
Хацелася б асобна адзначыць, што падрыхтаванае моладзевай ініцыятывай StudAlliance свята стала не толькі беларускім, але і літоўскім. Менавіта ў гэты дзень нашыя даўнія блізкія суседзі таксама святкуюць самы доўгі дзень і называюць гэтае свята Jonines. Міжкультурны фармат мерапрыемства быў абраны невыпадкова, бо беларуска-літоўскае Купалле – Jonines падтрымліваў праект LitPro, які ўжо другі год існуе ў ЕГУ і накіраваны на вывучэнне літоўскай мовы і культуры. Аб значнасці і неабходнасці такога міжкультурнага нефармальнага дыялогу казалі ў сваіх выступах і літоўскія госці. Пра ўражанні ад святкавання Купалля мы запыталі ў аднаго з галоўных ініцыятараў і арганізатараў мерапрыемства, студэнта праграмы “Культурная спадчына і турызм”, кіраўніка моладзевай ініцыятывы “StudAlliance” Кірыла Атаманчыка: “Я ацэньваю мерапрыемства даволі пазітыўна. Мяркую, што першы “блін” не быў камяком, бо, нягледзячы на нестабільнае надвор’е, свята атрымалася і прайшло ў цудоўным настроі. Вельмі спадабалася, як госці паставіліся да першай часткі мерапрыемства. Я ніколі не бачыў такога захаплення ад спартовых гульняў. Натуральна, што былі і смачныя шашлыкі і традыцыйныя карагоды, а таксама пошукі папараць-кветкі. Вельмі ўзрушыла прысутных тое, як Вера Рыч склала купальскую песню і падзяквала ўсім за тое, што мы ў гэты дзень былі разам. Калі ацаніць мерапрыемства агулам, то лічу, што па сутнасці атрымалася нешта арыгінальнае, аўтэнтычнае і цікавае”. Арганізатары і ўдзельнікі мерапрыемства спадзяюцца, што літоўска-беларускае Купала-Jonisis стане чарговым крокам на шляху ўзаемадзеяння суседніх культур і што такія сумесныя мерапрыемствы адбудуцца яшчэ не аднойчы.
Паводле газеты “Свабода”