Адышоў у лепшы свет Кастусь Акула

Учора, 29.01.2008 г. у Канадзе, адышоў у лепшы свет Кастусь Акула.
Кастусь Акула (Аляксандр Ігнатавіч Качан) – вядомы грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі, таленавіты празаік, паэт, драматург.Нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 - у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА). Ваяваў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. іміграваў у Канаду.Кастусь Акула з'яўляўся адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары. Пісаў і друкаваўся ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША. К.Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант". У Беларусі і на эміграцыі Кастусь Акула вядомы сваімі празаічнымі творамі - раманамі "Змагарныя дарогі", “За волю”, трылогіяй "Гараватка". К.Акула (адзіны з беларускіх пісьменнікаў замежжа) напісаў раман на англійскай мове "Заўтра - гэта ўчора" ("Tomorrow is yesterday", 1968) пра лёс беларусаў і Беларусі ваеннай і паваеннай пары. Раман зараз рыхтуецца да выдання ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Варабей у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчына”.Усё жыццё Кастуся Акулы было прасякнутае любоўю да Беларусі. Ён марыў бачыць сваю Радзіму вольнай, незалежнай краінай і шмат зрабіў для гэтага.МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” смуткуе з нагоды смерці вядомага дзеяча беларускай эміграцыі, чыё ахвярнае жыццё на карысць Беларусі ёсць узорам для беларусаў у замежжы і на Радзіме. Выказваем шчырыя спачуванні родным, блізкім і паплечнікам сп. Кастуся.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение