Зварот да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

Шаноўныя грамадзяне Беларусі і нашыя суайчыннікі ў шырокім свеце!

Надышоў 2017 год — асаблівы год у нашай гісторыі. 500 гадоў таму, 6 жніўня 1517 года, у чэшскай Празе вялікі беларускі асветнік Францішак Скарына выпусціў у свет першую Біблію на роднай мове і фактычна заснаваў усходнееўрапейскае кнігадрукаванне. Біблію Скарыны чыталі не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ў шмат якіх іншых краінах свету. Пачэсны патрыятычны абавязак беларускага грамадства — годна сустрэць гэтую эпахальную ў нашай гісторыі дату.

Таму мы, вялікая група навукоўцаў, дзеячоў мастацтва, культуры і літаратуры ў траўні мінулага года выступілі з канкрэтнымі прапановамі па ўшанаванні Францішка Скарыны і накіравалі звароты ў адпаведныя дзяржаўныя інстанцыі. Сярод тых спраў найважнейшыя — стварэнне помнікаў Францішку Скарыну ў Вільні і Кракаве, наданне Нацыянальнаму аэрапорту «Мінск» імя нашага славутага першадрукара, а таксама вяртанне імя Скарыны галоўнаму праспекту сталіцы. У выніку мы атрымалі толькі адпіскі, у якіх нашыя прапановы былі адхіленыя (ці то «немэтазгодна», ці то «няма грошай», ці «ўсё ўжо зроблена»). Некаторыя начальнікі наогул не даслалі адказу.

Такое стаўленне да грамадскіх ініцыятыў, на нашу думку, сведчыць пра незацікаўленасць чынавенства ў паказе перад усім светам маштабнасці асобы Францішка Скарыны. Вядома, афіцыйна ўжо зроблены пэўныя захады: створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на чале з міністрамі інфармацыі і культуры, распрацоўваецца план мерапрыемстваў. Аднак безвыніковае сямімесячнае ліставанне прывяло нас да думкі, што нельга спадзявацца толькі на дзяржаўных функцыянераў. Трэба шукаць таксама іншыя магчымасці адзначыць гэтую вялікую дату. Таму звяртаемся да беларускага грамадства, спадзеючыся на ягоную зацікаўленасць у развіцці айчыннай культуры і яе годнай рэпрэзентацыі перад усім светам.

Зварот

да грамадскіх арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў Беларусі, бізнесоўцаў і патэнцыйных фундатараў, да ўсіх суайчыннікаў у Беларусі і за мяжой

Кніга для беларусаў, як і для кожнага народа, мела і мае вялікае цывілізацыйнае значэнне. Больш за 1000 гадоў яна захоўвае мудрасць былых пакаленняў і гуртуе нас як нацыю. Палову гэтага часу кніга нашых старажытных княстваў (Полацкага, Тураўскага, Смаленскага) і Вялікага Княства Літоўскага была рукапіснай. Яна стала вялікім здабыткам духоўнай культуры нашага народа, вядомым і шанаваным ва ўсім свеце.

6 жніўня 1517 года Францішак Скарына адгарнуў новую старонку нашай культуры, зрабіўшы кнігу даступнай шырокаму колу грамадства («паспалітаму люду»). У чэшскай Празе ён надрукаваў першую Біблію на роднай мове. Гэта была чацвёртая ў свеце друкаваная Біблія на жывой мове народу (пасля нямецкай, італьянскай і чэшскай). Выданні асветніка былі вяршыняй кнігадруку пачатку XVI стагоддзя і паставілі Вялікае Княства Літоўскае ў шэраг развітых краін тагачаснага свету.

З павагі да велізарнага ўкладу Францішка Скарыны ў справу айчыннага кнігадруку, напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускай Бібліі Грамадскі аргкамітэт па правядзенні свята прапануе актывізаваць грамадскую дзейнасць у гэтым кірунку. Вось толькі некаторыя агульнанацыянальныя справы, якія мы можам зрабіць разам:

1. Працягнуць пошукі месца пахавання Францішка Скарыны ў Чэхіі.
2. Пашырыць вядомасць свята праз размяшчэнне сімволікі 500-годдзя беларускага кнігадрукавання на білбордах, расцяжках, грамадскім транспарце (аўтобусах, тралейбусах, трамваях, цягніках метрапалітэна).
3. Арганізаваць тэматычныя выставы прафесійных мастакоў.
4. Правесці конкурс на лепшы літаратурны, мастацкі і музычны твор, прысвечаны Францішку Скарыну.
5. Па творах Францішка Скарыны, адаптаваных паводле сучаснага правапісу, зладзіць агульнанацыянальную дыктоўку.
6. Пачаць стварэнне мемарыяльнага шляху “Дарога Скарыны” з Полацка ў Вільню, пазначаючы яго памятнымі камянямі праз кожную “літоўскую” мілю (роўную прыблізна 15 км).
7. Распрацаваць турыстычны маршрут “Дарога Скарыны” ад Полацка да Вільні. Адкрыццё адзначыць міжнародным велапрабегам па гэтым маршруце.
8. Распрацаваць турыстычныя маршруты з Менска да Кракава, Прагі, Падуі і Познані.
9. Прымеркаваць да 500-годдзя беларускага кнігадруку штогадовы Менскі паўмарафон і накіраваць сабраныя падчас яго грашовыя сродкі на рэалізацыю канкрэтных культурных праектаў. Правесці аналагічныя забегі таксама па ўсёй краіне.
10. Прысвяціць нашаму вялікаму суайчынніку рыцарскі фэст і байкерскі злёт, наладзіўшы іх на Скарынавай радзіме — у Полацку.
11. Арганізаваць сямейныя чытанні і гутаркі з дзецьмі, прысвечаныя ўкладу Францішка Скарыны ў развіццё беларускай культуры.
12. У мастацкіх школах і студыях выяўленчага мастацтва па ўсёй краіне правесці конкурсы на тэму “Францішак Скарына і яго час”, па іх выніках зладзіць выставы.
13. Арганізаваць праз СМІ конкурсы сярод дзяцей і падлеткаў на лепшы верш пра Францішка Скарыну або нашу старадаўнюю дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае.

14. Прапанаваць настаўнікам для класнай гадзіны тэмы, прысвечаныя гісторыі беларускай кнігі і ўкладу Францішка Скарыны ў яе развіццё. 15. Правесці ў розных навучальных установах віктарыны, прысвечаныя гісторыі беларускай кнігі. 16. Зладзіць тэматычныя канферэнцыі, семінары, конкурсы навуковых работ, заахвочваючы школьнікаў і студэнтаў да навуковай дзейнасці ў сферы гісторыі і кнігазнаўства. 17. Выпусціць разнастайную сувенірную і іншую дробную прадукцыю (вымпелы, значкі, кніжныя закладкі, плакаты, кубкі, майкі, пакеты і г. д.) з выявамі і эмблематыкай, адпаведнымі юбілею; разаслаць святочныя паштоўкі да Дня друку ў школы і бібліятэкі. 18. Арганізаваць 6 жніўня ў Полацку і Менску парад паветраных шароў з адпаведнымі святу выявамі і сімволікай. 19. Ва ўсіх хрысціянскіх установах адзначыць 6 жніўня яшчэ і як дзень пачатку выдання Бібліі на нашай роднай мове. Цягам году ў цэрквах, касцёлах, рэфармацкіх храмах правесці тэматычныя мерапрыемствы. 20. Адзначаць 9 лістапада — дзень, калі Францішак Скарына ў Падуанскім універсітэце абараніў годнасць доктара медыцыны — як прафесійнае свята беларускіх медыкаў. 21. Праявіць іншыя ініцыятывы дзеля папулярызацыі імя і творчасці Скарыны, а таксама дасягненняў нашай культуры Залатога веку ў цэлым. 22. Як мага шырэй асвятляць ва ўсіх даступных СМІ юбілейныя імпрэзы, падкрэсліваючы веліч асобы Скарыны, яго еўрапейскі маштаб.

Галоўная ж прапанова — 500-годдзе заснавання беларускага кнігадрукавання адсвяткаваць усёй краінай 6 жніўня 2017 года. Гэтае свята павінна прыйсці ў кожны дом. Варта адзначыць яго віншаваннямі, сямейнымі ўрачыстасцямі, сяброўскімі імпрэзамі. Усе мы, незалежна ад таго, выпускаем кнігі ці чытаем іх, мусім святкаваць Дзень друку 6 жніўня, не чакаючы афіцыйнага прызнання гэтага свята. Права на гэта даў нам Францішак Скарына.

Тым не менш, разумеючы, што беларускія чыноўнікі павінны дзейнічаць у інтарэсах грамадства, трэба працягваць дыялог з дзяржаўнымі ўстановамі, звяртацца з прапановамі наўпрост да службоўцаў, каб яны таксама праяўлялі ініцыятыву з адказнасцю перад будучымі пакаленнямі. Годным чынам, у штодзённай працы на ніве культуры і адукацыі, правядзем год Францішка Скарыны ў Беларусі і свеце з надзеяй на лепшую і трывалую будучыню!

Радзім Гарэцкі, акадэмік; Арсень Ліс, доктар філалагічных навук,лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР 1986 года; Анатоль Вярцінскі, паэт, заслужаны дзеяч культуры,лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь; Мікола Купава, сябра Беларускага саюза мастакоў; Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва; Мікола Савіцкі, прафесар, кандыдат эканамічных навук; Ірына Багдановіч, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалалагічных навук; Алесь Лявончык, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу,сябра Беларускага саюза тэатральных дзеячаў; Зміцер Санько, галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналогія».