“Мы стваралі сваю Беларусь”

Грыцук В. Мы стваралі сваю Беларусь: жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука. Мінск: Медысонт, 2007. — 256 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 13.).Укладзеная Вольгай Іпатавай кніга Вольгі Грыцук “Мы стваралі сваю Беларусь” — ўжо трэцяя “жаночая” кніга, прысьвечаная беларускім дзеячам у Канадзе пасьля выданьняў Раісы Жук-Грышкевіч (“Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча” (Таронта, 1993) і Марыі Ганько “Каб сьведчылі пра Беларусь: Жыцьцё й дзейнасьць Міколы Ганька” (Менск, 2005)), таму ў нейкім сэньсе яе можна назваць тыповай. Як і папярэднія, гэтае выданьне складаецца з уласна ўспамінаў аўтаркі (невялікіх паводле памеру), а таксама іншых матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём яе мужа Аляксея Грыцука: невялікіх успамінаў пра яго іншых асобаў, разнастайных аўтарскіх публікацый дзеяча, ліставаньня.
Найбольшую цікавасьць уяўляюць ўспаміны аўтаркі — эмацыйныя, жыцьцёвыя, пяшчотныя — яскравы прыклад “жаночага” твора. Закаханая жонка, яна пасьлядоўна выкладае тое, што ведае пра жыцьцё свайго будучага сужэнца да сустрэчы зь ёй, падрабязна апісвае цяжкія абставіны знаёмства ў паваенным Зальцбургу ды растаньне на доўгія дзесяць гадоў, калі яна вымушаная была вярнуцца разам з маці й пляменьнікам у Польшчу, а Аляксей скіраваўся ў Канаду. Значная частка ўспамінаў прысьвечаная жыцьцю ў Канадзе: спачатку ўладкаваньню там Аляксея Грыцука, што як і тысячы іншых беларусаў, нягледзячы на наяўную адукацыю, пачынаў на новым месцы зь цяжкае фізычнае працы, затым — васямнаццаці гадам супольнага жыцьця. Абставіны апошняга (што зразумела для жанчыны) выкладзеныя асабліва старанна.Аднак разам з падрабязнасьцямі працаўладкаваньня, атрыманьня адукацыі ды прафэсійнага росту галоўнага героя ва ўспамінах, як і ў рэальным жыцьці, значнае месца займае расповед пра беларускае жыцьцё ў Канадзе. Аўтарка сама была сьведкай шмат якіх важных падзеяў з гісторыі беларускай грамады ў Таронта. Яна згадвае набыцьцё беларускага грамадзка-рэлігійнага цэнтру ў 1959 г., стварэньне ў 1967 г. БІНіМ у Канадзе, канфэрэнцыі беларусаведных студыяў у Атаўскім унівэрсытэце. Асобнае месца ў расповедах займаюць людзі, зь якімі давялося сустракацца і займацца супольнымі грамадзкімі справамі: Марыя і Мікола Ганькі, Людміла і Барыс Рагулі, Янка і Івонка Сурвіллы. Аляксей Грыцук быў сапраўды актыўным дзеячам беларускай дыяспары ў Канадзе. Жонка згадвае: “... ён пастаянна выконваў розныя функцыі ў беларускіх арганізацыях: быў некалькіразовым старшынём Згуртаваньня Беларусаў Канады, радным БНР, сакратаром БІНІМ у Канадзе. Ён быў сапраўднай духовай падпорай нашай арганізацыі і заўсёды стараўся ўздымаць імя беларуса да высокага ўзроўню...”Сьведчаньнем грамадзкага і навуковага ўнёску Аляксея Грыцука ў гісторыю беларускай Канады зьяўляюцца і іншыя матэрыялы кнігі: успаміны пра яго Марыі і Міколы Ганькоў, Барыса Аляксандрыва, Раісы Жук-Грышкевіч, а таксама артыкулы, эсэ, урыўкі з дысэртацыі — рэшткі пісьмовай спадчыны. Ці не найцікавейшымі сярод публікацый зьяўляюцца тэксты “Ідэалягічныя і сацыялягічныя асновы беларускага арганізацыйнага жыцьця ў Канадзе” (рэфэрат, чытаны на Другой канфэрэнцыі беларускіх студыяў у Атаве (1975)) ды “Беларускі друк у Канадзе” (пераклад англамоўнага дакладу на Трэцяй канфэрэнцыі канадыйскіх славістаў у Ёрк-унівэрстытэце (1969)). У першым зробленая спроба абагульненьня гісторыі зьяўленьня беларусаў у Канадзе, у другім — ахарактарызаваны і сыстэматызаваны тагачасны беларускі друк у гэтай краіне.Вялікую каштоўнасьць ня столькі як ілюстрацыя да біяграфіі Аляксея Грыцука, колькі як цікавая крыніца зьвестак пра беларускае жыцьцё ў Канадзе ўяўляе апублікаванае ў кнізе ліставаньне з рознымі беларускімі дзеячамі, пераважна ЗША і Канады. Тут можна знайсьці падрабязнасьці, прыкладам, акцыі на “ЭКСПА -67”, ці кантактаў і супольных ініцыятываў беларусаў Канады і ЗША, акалічнасьцяў друку некаторых беларускіх пэрыёдыкаў ды дзейнасьці Згуртаваньня Беларусаў Канады. Добра дапамагаюць разабрацца ў згаданых акалічнасьцях і імёнах дзеячоў грунтоўныя камэнтары да тэкстаў.Кніга пра жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука цікавая як адлюстраваньне лёсу яшчэ аднаго беларуса на фоне падзеяў жыцьця беларускай грамады ў Канадзе. Пасьля кніг Раісы Жук-Грышкевіч, Марыі Ганько ды інтэрвію канадыйскіх беларусаў у зборы ўспамінаў Аляксандра Адзінца “Паваенная эміграцыя: скрыжаваньні лёсаў” — гэта яшчэ адзін цікавы кавалак ў агульнай мазаіцы гісторыі канадыйскай беларускай дыяспары. Між іншым, гэтая гісторыя, часткова і досыць абагулена выкладзеная яшчэ ў 1982 г. Янам Садоўскім у ягоных “Byelorussians in Canada”, сёньня ўжо відавочна патрабуе новага грунтоўнага навуковага асьвятленьня. Улічваючы тое, што ёсьць сёньня кнігі “Беларусы ў ЗША” Вітаўта Кіпеля, “Беларусы ў Аўстраліі” Натальлі Гардзіенкі, рыхтуецца “Беларусы ў Вялікабрытаніі”, напэўна, час прыйшоў і для “Беларусаў у Канадзе”. Тым больш што недахопу і ў друкаваных, і ў архіўных матэрыялах, відавочна, не назіраецца, патрэбная толькі ініцыятыва саміх канадыйскі х беларусаў.
Яна СЛАВІНАГазета “Беларус” №540, студзень 2008 г.