Прынятыя звароты “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”.

8 студзеня, адбылося пашыранае пасяджэнне сустаршыняў Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-х угодкаў БНР з кіраўнікамі палітычных партый, рухаў і грамадскіх абя’днанняў. Былі прынятыя звароты да беларускага народу і органаў улады Рэспублікі Беларусь “Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”.У зваротах адзначаецца, што “падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі”.Аргкамітэт звярнуўся “да органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год – Годам беларускай дзяржаўнасці”.У накіраваных зваротах да Нацыянальнага Сходу і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладзеныя наступныя прапановы:1. Надаць 2008 году афіцыйны статус Года беларускай дзяржаўнасці.2. Абвясціць 25 сакавіка дзяржаўным святам.3. Даць афіцыйны дазвол на ўсталяванне памятных знакаў на будынку тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, дзе праходзіў Першы Усебеларускі кангрэс (1917 г.), і будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР (Мінск, вул. Валадарскага, 9).4. Вярнуць у заканадаўчае поле і легальны грамадскі ўжытак нацыянальную гістарычную сімволіку і атрыбутыку, якія ў БНР мелі дзяржаўны статус.5. Міністэрствам культуры і адукацыі Рэспублікі Беларусь рэкамендаваць іх падведамасным установам правесці цягам году тэматычныя заняткі, лекторыі, конкурсы, прысвечаныя Году беларускай дзяржаўнасці.6. Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь аказаць дапамогу выдавецтвам у выданні навукова-публіцыстычных і мастацкіх твораў, прысвечаных гісторыі БНР і яе дзеячам.7. Гарадскім і раённым адміністрацыям садзейнічаць у правядзенні ўрачыстых сходаў і юбілейных канцэртаў 25 сакавіка 2008 г.У звароце да беларускага народу Агульнанацыянальны аргкамітэт заклікае “ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я – гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі”.Да моманту стварэння прэс-цэнтра Агульнанацыянальнага аргкамітэту па святкаванні 90-х угодкаў БНР з пытаннямі і прапановамі звяртайцеся: zbsb@lingvo.minsk.by, zbsb@tut.by, (029) 632-00-92 (Алена Макоўская), (029) 625-83-78 (Ніна Шыдлоўская).

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына"

***

Зваротда беларускага народу“Аб абвяшчэнні 2008 года, года 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, – Годам беларускай дзяржаўнасці”

25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Тым самым пачаўся новы перыяд беларускай дзяржаўнасці. Стварэнне БНР стала лагічным завяршэннем этапу нацыянальнага адраджэння беларусаў XIX – пачатку XX стагоддзя, працягам тысячагадовага дзяржаватворнага працэсу ў Беларусі.На жаль, БНР праіснавала нядоўга, бо не змагла супрацьстаяць імперыялістычнай і бальшавіцкай экспансіі.Чаму вучыць гістарычны вопыт БНР?Па-першае. БНР – праз заснаваныя ёю дзяржаўныя інстытуты, атрыбуты ўлады і асобы сваіх кіраўнікоў – увабрала ў сябе гістарычны вопыт беларускай дзяржаўнасці.Карані беларускай нацыі і дзяржавы сягаюць у VI–IX стагоддзі да першых дзяржаўных утварэнняў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і літвы. Зорнымі вышынямі айчыннай дзяржаўнасці сталіся Полацкае, Смаленскае, Тураўскае і іншыя княствы, Вялікае Княства Літоўскае, паўстанніцкія беларускія дзяржавы 1794 г., 1830-1831 гг., 1863-1864 гг., 1920 г.Па-другое. БНР уяўляла сабой мадэль вольнай, суверэннай і дэмакратычнай рэспублікі.Па-трэцяе. БНР цвёрда і дакладна акрэсліла для міжнароднага супольніцтва права беларусаў заняць “свой пачэсны пасад між народамі” як самастойны і самадастатковы міжнародны суб’ект.Па-чацвёртае. БНР – праз свае першыя вайсковыя фармаванні – Менскі і Гарадзенскі палкі, збройныя атрады Слуцкай брыгады ў часе Слуцкага збройнага чыну – паказала ўсяму свету, што памяркоўны беларускі народ у ліхі час здольны бараніць зямлю продкаў.Па-пятае. Факт стварэння і жыццядзейнасці БНР аказаў настолькі моцны ўплыў на ўсю палітычную сітуацыю, што з ім вымушана была лічыцца і савецкая ўлада. Гэта знайшло сваё ўвасабленне ў стварэнні БССР, што праз сем дзесяцігоддзяў адкрыла мажлівасці для абвяшчэння сучаснай незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусь.І, урэшце, ад пачатку XX стагоддзя да сённяшняга часу БНР – сімвал нястомнай барацьбы беларускага народу за свабоду і нацыянальнае адраджэнне, захаванне роднай мовы, культуры, гістарычнай сімволікі, за ўмацаванне нацыянальнай свядомасці.Вось чаму створаны 19 ліпеня 2007 г. з ініцыятывы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Агульнанацыянальны грамадскі арганізацыйны камітэт па святкаванні 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі звяртаецца да беларускага грамадства, органаў улады краіны з прапановай абвясціць 2008 год – Годам беларускай дзяржаўнасці, а 25 сакавіка – дзяржаўным святам.Падрыхтоўка да юбілею і яго святкаванне павінны стаць падмуркам яднання розных рухаў, партый, згуртаванняў, арганізацый, усіх грамадзян незалежна ад палітычнай арыентацыі на грунце прызнання прыярытэтамі дзяржаўнага будаўніцтва нацыятворных пытанняў мовы, гістарычна сцверджанай сімволікі, свабоды і дэмакратыі.У склад Аргкамітэта ўвайшлі вядомыя грамадскія дзеячы з Беларусі і замежжа, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, рухаў, партый і арганізацый, беларускіх суполак з розных краін свету. Ганаровая старшыня Аргкамітэта – Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, сустаршыні – Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Аляксей Марачкін. Рабочай групай Аргкамітэта распрацаваны каляндарны План-графік юбілейных мерапрыемстваў. Мы заклікаем усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы і святкаванні 90-х угодкаў БНР. Кожная беларуская сям’я – гэта цаглінка ў гмах беларускай дзяржаўнасці, гэта паўнапраўны чыннік і творца яе сучаснай гісторыі.Пісьменнік і настаўнік, рабочы і селянін, дзяржаўны службовец і бібліятэкар, праграміст і фермер, сябра партыі і грамадскі актывіст, вернік і атэіст – усе, хто ўсведамляе сябе беларусам і грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, мусім стаць поруч. Ад нас, ад нашай пазіцыі залежыць наша з вамі будучыня, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў – нашчадкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
9 студзеня 2008 г.
Агульнанацыянальны аргкамітэт па святкаванні 90-х угодкаў БНР