Іна Снарская: Ідэнтычнасць вынікае з дзейнасці. Недастаткова проста сказаць: “Я – беларус!”

Беларуская паэтка Іна Снарская, якая амаль больш за дваццаць пяць гадоў жыве ва Украіне, пры канцы мінулага году прэзентавала ў Мінску кампакт-дыск “Ад сэрца да сэрца – дарога”, запісаны разам з музыкай Таццянай Грыневіч. Але перад тым яна завітала на сядзібу ЗБС “Бацькўшчына”, дзе мы з ёй – адным з найдаўніх сябраў нашага Згуртавання – пагутарылі пра бягучыя поспехі і творчыя планы, а таксама згадалі Першы З’езд беларусаў свету і паспрабавалі адшукаць рэцэпт узмацнення нацыянальнай свядомасці.

–Па ўсім відаць, у кожны свой прыезд на Радзіму Вы маеце шмат справаў. Можа распавядзеце пра іх?

– Напрыклад, я адведала Саюз беларускіх пісьменнікаў, пабачылася з яго кіраўніцтвам. Гэты мой прыезд стаў магчымым дзякуючы арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Саюзу пісьменнікаў, а таксама ЗБС “Бацькаўшчына”. Прыехаць з Украіны зараз вельмі не проста. Так што я шчыра ўдзячная ўсім, хто мне дапамог. Абмяркоўвалі з Барысам Пятровічам і Алесем Пашкевічам публікацыю маёй прозы ў часопісе “Дзеяслоў”, а таксама магчымасць выдання новай кнігі паэзіі. Справа ў тым, што ў Беларусі мой апошні зборнік – “Лясная панна” – выходзіў у 2001-м годзе. Ужо пятнаццаць гадоў з таго часу мінула… Іншыя кнігі – “Верасовыя песні зары”, “Кветка гарынь”, “Дзве зямлі – дзве долі”, “Ад сэрца да сэрца – дарога” – друкаваліся ва Украіне. Некаторыя вершы ў іх перакладзеныя на ўкраінскую мову, але ў цэлым гэтыя кнігі па-беларуску.

– Але ж Вы і па-ўкраінску пішаце таксама?

– Так, пішу, але ж украінскай кнігі пакуль няма. Ёсць публікацыі – у часопісах “Родны край”, “Дніпро”, газеце “Літаратурная Украіна”, калектыўных зборніках паэзіі . На падрыхтоўку кнігі, па-шчырасці, папросту не хапае часу. Я працую на тэлебачанні. Работа цікавая, творчая, але вельмі адказная, забірае шмат часу. Даводзіцца і сцэнары пісаць, і рэжысурай займацца, і арганізоўваць здымкі. Раблю сюжэты, перадачы, дакументальныя фільмы пра лёсы адметных асобаў Палтаўшчыны. Сярод ураджэнцаў Палтаўшчыны надзвычай багата знакавых для ўкраінскай гіторыі і культуры асобаў – Олэна Пчілка, Анатоль Дзімараў, Васыль Сыманэнка, Грыгір Тютюннык…

– А ці не было жадання зрабіць нешта і пра знакавых асобаў для Беларусі таксама?

– Вядома, было. У 2005 годзе на нашым тэлебачанні выходзілі перадачы і дакументальныя фільмы з цыклу “Пра Беларусь з любоўю”. З калегамі мы некалькі разоў прыязджалі ў Мінск. Здымалі матэрыял пра Янку Купалу, Чырвоны касцёл, Лошыцкі парк. Нам дапамагаў пробашч Чырвонага Касцёлу айцец Уладзіслаў Завальнюк. Шчыра кажучы, гэты праект трымаўся на нашым з ім энтузіазме. Ксёндз Уладзіслаў аплочваў дарогу, у Касцёле Св. Сымона і Св. Алены мы спыняліся на час здымак. Але іншай дапамогі, акрамя таго, што адну перадачу прафінансаваў беларус замежжа Віктар Сулкоўскі, мы так і не знайшлі. З гэтым праектам мы звярталіся ў Пасольства Беларусі ва Ўкраіне. Спадар Валянцін Вялічка, які быў тады амбасадарам, выказаў нам сваю павагу, мы нават запісалі з ім інтэрв’ю для пачатку цыклу, але далей за маральную падтрымку справа не пайшла.

– А тыя перадачы карысталіся глядацкім попытам?

Так, усе глядзелі з задавальненнем. І беларусы, і ўкраінцы. У мяне тады былі вялікія планы. Хацелася зрабіць нешта пра Уладзіміра Караткевіча, Адама Міцкевіча. Асобаў, якія лучаць Беларусь з Украінай, шмат. Напрыклад, аўтар першай Канстытуцыі Украіны Піліп Орлік нарадзіўся ў Беларусі...

– Вядома, што Вы не толькі пісьменніца, а яшчэ і спецыялістка па металаканструкцыях…

– Так, я з чырвоным дыпломам скончыла будаўнічы факультэт Наваполацкага політэхнічнага інстытута, Абараніла працу па тэме “Тралейбусны парк на 300 машын”. Спецыялізавалася па жалезабетоне. Пасля пераезду ва Украіну нейкі час працавала на адпаведнай кафедры Палтаўскага будаўнічага інстытута, але ўвесь час адчувала, што гэта “не маё”. А “маёй” была журналістыка. Я з сёмага класа друкавалася ў полацкай раённай газеце, удзельнічала ў з’ездах юных карэспандэнтаў. Усе знаёмыя думалі, што я буду паступаць у Мінск, ва Ўніверсітэт, на журналістыку. Але жыццё склалася інакш…

– Прыкладна ў той час, як Вы вучыліся, у Полацку існавала вельмі моцная супольнасць нацыянальна свядомых людзей, якіх узначальваў Уладзімір Арлоў…

– Гэта было аб’яднанне “Крыніцы” ў Наваполацку пры газеце “Хімік”. “Крыніцы” былі, можна сказаць, полацкімі “Тутэйшымі”. Акрамя Уладзіміра Арлова свядомай беларускай мяне зрабілі Валянціна Аксак, Сяржук Сокалаў-Воюш, Лявон Баршчэўскі, Якуб Лапатка, мастакі Цімохавы… У мяне было вясковае дзяцінства, мая мама выкладала беларускую мову і літаратуру, я чытала шмат беларускіх кнігі, але ніколі б не загаварыла па-беларуску, каб не гэтыя людзі… Першыя вершы, у часопіс “Маладосць”, у мяне прымала Яўгенія Янішчыц… Вялікі ўплыў на фармаванне маёй “беларушчыны” аказаў Рыгор Барадулін, які быў рэдактарам маёй першай кнігі “Пачакай, мая птушка...” Ён жа мне і параіў так яе назваць – яму спадабаўся аднайменны верш, – а таксама даў першую рэкамендацыю для Саюза пісьменікаў. І вось ужо амаль трыццаць гадоў у іншай краіне я аддана змагаюся за родную мову. Прычынай гэтага можа быць яшчэ тое, што я называю генетычнай памяццю. Гэта памяць маіх продкаў – расстраляных дзядоў Іосіфа і Клаўдзія Снарскіх. Я цікавілася сваім радаводам, паходжаннем прозвішча. Цікава, што Снарскія былі нават сярод удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага…

– Ці не балюча было пакідаць такі асяродак?

– Вельмі балюча! Я нават плакала на ўласным вяселлі. Але ж паехала ў іншую краіну за сваім лёсам, каханнем! На жаль, свядомасць у дваццаць два гады не такая самая, як у пяцьдзесят. Бывае, так зацісне сум за Радзімай, што адчуваю сябе віннай, што пакінула сваю родную зямлю...

– На гэтую сітуацыю можна паглядзець і з іншага боку: ад’ехаўшы, Вы пашырылі геаграфію беларушчыны. У Вашай асобе Беларусь “прырасла” Палтаўшчынай. Можа і Радзіма Вам вінная. А ці часта ў Беларусі бываеце, дарэчы?

– Хацелася б часцей… Бываю тут у лепшым выпадку два разы на год. Прыязджаючы сюды, стараюся сустрэцца з сябрамі, пабачыць родных, адведаць бацькоўскія магілы, вырашыць літаратурныя, творчыя справы. Тут у мяне вельмі інтэнсіўнае, насычанае жыццё. За тыдзень раблю столькі справаў, колькі ў Палтаве і за месяц не зрабіць. Гэта цяжка, але такія канцэнтраваныя сустрэчы з Радзімай мяне вельмі стымулююць.

– Вы робіце фільмы для тэлебачання, пішаце кнігі, а нядаўна прэзентавалі працу ў новым для сябе фармаце – музычны кампакт-дыск.

– Творчы чалавек павінен змяняцца, вынаходзіць новыя жанры, звяртацца да розных творчых формаў. З дапамогай Таццяны Грыневіч я нарэшце ажыццявіла сваю даўнюю мару. У Палтаве на тэлебачанні я запісала лепшыя вершы розных гадоў, пераправіла праз інтэрнэт у Мінск, а Таццяна ўжо тут са сваёй камандай падрыхтавала дыск. Я вельмі ёй удзячная. Справа гэтая – працаёмкая. Зрабіць дыск не нашмат лягчэй, чым падрыхтаваць кнігу да выдання.

– Што чуваць пра культурна-асветнае аб’яднанне “Агніца”, якое Вы ўзначальваеце?

– На жаль, не маю сілаў і часу, каб займацца “Агніцай” гэтаксама актыўна, як раней. Болей карысці беларускай справе прыносіць не столькі грамадская работа, колькі творчыя выступы ў Палтаве, у вёсках і мястэчках вобласці. Прыемна, што пасля кожнай сустрэчы да мяне падыходзяць землякі, знаёмяцца і кажуць, што яны ўспамінаюць сваю Радзіму, калі чуюць беларускія вершы, і ў іх робіцца святлей на душы… Два гады таму ў Палтаве ўтварылася аб’яднанне паэтаў і бардаў “Надежды маленький оркестрик” – мы назвалі калектыў вядомым радком Булата Акуджавы. Выступаем амаль кожны месяц, у нас шмат прыхільнікаў. Ва Украіне зараз вельмі цяжка, а нашыя канцэрты дапамагаюць людзям хоць на нейкі час забыць пра эканоміку, вайну, асабістыя праблемы… Акрамя гэтага, наша Палтаўская абласная арганізацыя Нацыянальнага саюзу пісьменнікаў Украіны, да якога я таксама належу, рэалізуе праект “Літаратурна-краязнаўчыя маршруты “Землякі”. Мы адраджаем памяць пра выдатных украінскіх пісьменнікаў. У вёсках ці мястэчках, дзе яны нарадзіліся, мы ствараем або “асучасніваем” музейныя экспазіцыі, паказваем фільмы, ладзім выступы сучасных пісьменнікаў, праводзім тэматычныя канферэнцыі. Гэты наш праект атрымаў невялікі грант ад Еўрапейскага Сюзу, перамог разам з іншымі пяццю праектамі ў міжнародным конкурсе сярод 120, дасланых з усёй Украіны. Мы гэтым ганарымся. Так што справаў хапае, толькі пасьпявай рабіць…

– Разам з “Аркестрыкам” Вы па-беларуску выступаеце?

– Так. Хоць я пішу на трох мовах, украінцы заўсёды просяць чытаць менавіта па-беларуску. Наша мова ім вельмі падабаецца. Бывае, што я перапытваю ў нашых глядачоў, на якой мове чытаць вершы, – яны заўсёды абіраюць беларускую.

– У 2015 годзе на пытанне з анкеты Згуртавання “Бацькаўшчына” пра спосабы ўзмацнення нацыянальнай свядомасці ў беларусах Вы адказалі, што не ведаеце такіх спосабаў. Можа за год штосьці змянілася, і цяпер Вы зможаце падзяліцца досведам?

– Трэба пачынаць з сябе. Недастаткова проста сказаць, маўляў, я – беларус ці беларуска. Ідэнтычнасць вынікае з дзейнасці. Трэба хоць нешта рабіць для сваёй Радзімы, і тады яны зробіць для цябе. Што аддаў – тое тваё. А яшчэ трэба ісці да людзей, не гледзячы на цяжкасці, на нейкія асабістыя крыўды. А крыўды здараюцца і ў мяне… Гадоў шэсць-сем таму я прэзентавала ў Кіеве, у Саюзе ўкраінскіх пісьменнікаў, сваю кнігу “Верасовыя песні зары”, выдадзеную ў кіеўскім выдавецтве “Етнос”. Запрасіла на гэты вечар прадстаўнікоў беларускай арганізацыі з Кіева. І што б Вы думалі? Прыйшло шмат украінцаў, пісьменнікаў, у тым ліку вядомы беларусіст, прафесар Грыгорый Півтарак, укладальнік украінска-беларускага слоўніка. Беларусы ж – не прыйшлі. Было крыўдна, што мяне не падтрымалі землякі. А вось у Харкаў мясцовыя беларусы мяне запрашаюць пастаянна, ужо некалькі вечарын зладзілі… Аляксандр Кузьменка з Харкава, калі даведаўся, што ён на шостую частку беларус, то самастойна вывучыў беларускую мову. Яму ніякія аб’яднанні і спосабы ўзмацнення нацыянальнай свядомасці не былі патрэбныя. Цяпер размаўляе і піша па-беларуску. Дмітро Шчарбіна, яшчэ адзін мой добры ўкраінскі знаёмы, вывучыў беларускую мову таксама самастойна. Ён вядомы перакладчык, проста талент, пераклаў на ўкраінскую нават Васіля Быкава. Добра перакладае і з украінскай на беларускую і наадварот, ды не толькі прозу, але і вершы... Так што пачынаць трэба з сябе. Натхняць іншых сваім уласным прыкладам.

– У ліпені Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ладзіць Сёмы З’езд беларусаў свету. Завітаеце на яго?

– Вядома, буду вельмі старацца, каб прыехаць. Я ж у “Бацькаўшчыне” ад самага яе заснавання. З Аленай Макоўскай пазнаёміліся яшчэ на Першым З’ездзе беларусаў свету. Мяне дасюль, праз гады, узрушваюць успаміны пра яго. Упершыню ў Мінску сабраліся беларусы з розных краінаў. Сустрэча ладзілася ў Оперным тэатры, адкрываў яе Васіль Быкаў, якому апладзіравалі стоячы. На вуліцы спявалі беларускія песні, спявалі гімн “Магутны Божа”, трымаючы запаленыя свечкі… Урэшце, усе гэтыя гады я – сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны”. Гэты факт – вялікая падтрымка для мяне, ён узмацняе маё пачуццё далучнасці да беларускай справы. Да гэтага майго прыезду Згуртаванне, як і Саюз беларускіх пісьменнікаў, мае непасрэднае дачыненне, бо дапамагло і фінансава, і арганізацыйна. Пры падтрымцы “Бацькаўшчыны” быў выдадзены ў 2001 годзе і мой паэтычны зборнік “Лясная панна”. А ў сваёй Палтаве я намагаюся рабіць усё ад мяне залежнае, каб гучала беларуская мова. Нясу сваю родную Беларусь іншым людзям – ад сэрца да сэрца.

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”