Адрасы БНР

За тыя 90 год, што прайшлі ад абвяшчэння ў Мінску незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, мала якія будынкі таго часу ацалелі праз вайну ды савецкі вандалізм. Ды і за апошнія дзесяць год праз нібыта рэканструкцыю і ўпарадкаванне цэнтру сталіцы было знішчана шмат помнікаў. Дзіва, але тое знішчэнне не датыкнулася большасці будынкаў, якія маюць дачыненне да гісторыі БНР. Усе яны ацалелі, праўда, няшмат мінскіх жыхароў ведае, што ў будынку Дома афіцэраў працавала Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў будынку па вуліцы Валадарскага, дзе сёння месціцца кавярня “Чабурэчная” была абвешчана незалежнасць БНР.

На просьбу Рацыі гісторык Сяргей Харэўскі правёў экскурсію па галоўных месцах БНР у Мінску. Падыходзім спачатку да Дома афіцэраў.

- Вось бачым перад сабой жоўты дом, які старыя мінчукі завуць “дом, які на шакаладках” (бо яго выява змяшчалася колісь на цукерках). А ў нашай гістарыяграфіі ён завецца Юбілейным домам. Гэта колішні царкоўна-археалагічны музей. Менавіта ў гэтым будынку знаходзіліся шмат якія ўстановы Беларускай Народнай Рэспублікі, там працаваў сакратарыят. Калі глянем правей – то ўбачым вядомы, бадай, кожнаму тэатр імя Янкі Купалы. Акурат у ім адбываўся Першы ўсебеларускі кангрэс.

Калі ехаць з чыгуначнага вакзалу ў напрамку Баранавічаў ды Брэста, то перад першым прыпынкам на станцыі “Сталічны” можна ўбачыць цагляныя будынкі ў стылі мадэрн проста сярод рэек. Менавіта ў гэтым чыгуначным дэпо дэлегаты Першага ўсебеларускага з’езду працягнулі сваю працу пасля таго, як кангрэс у гарадскім тэатры (цяпер тэатры імя Купалы) быў разагнаны бальшавікамі:

- Кангрэсменаў прытулілі мінскія чыгуначнікі. І вось гэтае чыгуначнае дэпо, што між рэек знаходзіцца, - гэта менавіта той будынак, куды нелегальна ў час кароткага бальшавіцкага панавання ў Мінску перамясціліся структуры БНР.Калі збочыць на вуліцу Карла Маркса ды пайсці ў бок Нацыянальнага банку паміж гастраномам ды банкам, можна ўбачыць будынак, дзе друкаваліся ўсе дакументы БНР, у тым ліку і тэксты трох устаўных грамат. Цяпер гэта вуліца Леніна,13, а 90 год таму тут была друкарня Якава Грынблата (вул. Губернатарская, 32). Па вайне ён быў перабудаваны, але сам дом ацалеў.

Працягваем вандроўку з гісторыкам Сяргеем Харэўскім:

- Калі пашыбуем далей па Леніна, то ўбачым будынак, дзе цяпер музычная школа пры кансерваторыі. Яна якраз перад кафедральным касцёлам. Гэта колішні палац генерал-губернатара і архіепіскапскі палац. Унікальны помнік, хоць ён добра знявечаны – цяжка зразумець, што гэта будынак ажно канца XVII ст. Вось тут знаходзілася і дзеяла рада БНР. На гэтым будынку быў балкон, вядомыя здымкі, зробленыя тут, над ім луналі бел-чырвона-белыя сцягі, а на Саборную плошчу прыходзілі ўрачыставаць прыхільнікі БНР. Мінчукі радаваліся абвяшчэнню БНР. А якраз у касцёле тады адбылося ўрачыстае набажэнства на Вялікдзень - 25 сакавіка 1918 года. І мінскі біскуп Зыгмунд Лазінскі правіў першую ў гісторыю імшу па-беларуску. Вядома, што беларускае набажэнства на Вялікдзень мела вялікі эфект.

Цікава, што ў гэтыя ж дні стваралася каталіцкая партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. На паседжанне БХД з’ехаліся важныя прадстаўнікі рымска-каталіцкага касцёла. Да ўсяго, у гэты ж час у Мінску быў наноў асвечаны касцёл Святога Язэпа на вуліцы Кірылы і Мяфодыя, 4. Яго пакінулі рускія войскі - і будынак некаторы час стаяў пусты. Тут таксама прайшло ўрачыстае набажэнства. Упершыню з 1863 году касцёл быў адкрыты для вернікаў.

Вельмі важны адрас у мінскай гісторыі БНР - Серпухаўская, 9 (цяпер вуліца Валадарскага, 9). Калі павярнуць на гэтую вуліцу з праспекта Скарыны, не даходзячы да Рускага драматычнага тэатру, бачым дом - яшчэ з савецкіх часоў тут на першым паверсе месціцца “Чабурэчная”. У сярэдзіне сакавіка 1918 года Народны сакратарыят арандаваў там залу ў сялянскага пазямельнага банку на трэцім паверсе для сваіх паседжанняў. Менавіта тут 25 сакавіка ў восем гадзінаў раніцы былі прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Рэспублікі.

Ёсць на гэтай вуліцы яшчэ адзін будынак, звязаны з гісторыяй БНР:

- Акурат насупраць, гэта колішняя Серпухаўская, 9, была штаб-кватэра Рамана Скірмунта, калі можна яе назваць штаб-кватэрай. Якраз тут знаходзілася Мінскае беларускае прадстаўніцтва, сябры якога былі кааптаваныя ў Раду БНР. Сярод іх былі Алексюк, Уласаў. Вераемна, у гэтым імпазантным будынку ў такім эклектычным стылі а-ля ракако і праходзілі паседжанні Мінскага беларускага прадстаўніцтва, яно прадстаўляла такую “правіцу”.

Адрасы пражывання дзеячоў БНР у Мінску - тэма для асобнага даследавання. У горад тады пастаянна з’езджаліся палітыкі і грамадскія дзеячы з іншых гарадоў ды мястэчак, толькі на кангрэс прыехала ля 1500 дэлегатаў. У тагачасным Мінску не заўжды хапала месца, каб задаволіць жыллёвыя патрэбы прыезджых. Сяргей Харэўскі паўжартам кажа: было такое, што там, дзе хто ўпаў, там і спаў. Аднак некаторыя адрасы пражывання дакладна вядомыя:- Мы казалі пра будынак на Валадарскага, дзе засядаў Беларускі нацыянальны камітэт. Спачатку там было Беларускае таварыства дапамогі ахвяраў вайны. Там жыў Раман Скірмунт. Можна меркаваць, што некаторыя дзеячы БНР жылі ў гатэлі “Еўропа” – цяпер гэтага будынка няма, сёння там пачынаецца сквер, затое маем другую “Еўропу”. Дом сябры Грамады Фелікса Стацкевіча быў на вуліцы Гандлёвай. На жаль, яго нядаўна разбурылі. Там, дзе цяпер духоўна-асветніцкі цэнтр, быў дом Луцкевічаў - на Садовай, гэта цяпер тэрыторыя парку Купалы. Засталіся яшчэ два дамы ад колішняй вуліцы Святаюр’еўскай ці проста Юраўскай (яна ішла ўздоўж цяперашней Кастрычніцкай плошчы). Яны ў дварах, дзе палац прафсаюзаў.

На ніводным з тых будынкаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да беларускай гісторыі няма аніякіх шыльдаў. Хоць ініцыятывы па ўшанаванні раз-пораз узнікаюць, дзяржаўныя структуры аніяк не зацікаўленыя ў гэтым.

Скульптар Алесь Шатэрнік, прыкладам, яшчэ 15 год таму зрабіў мемарыяльную шыльду, якая мусіла з’явіцца на тым самым будынку па вуліцы Валадарскага, 9. Але апошняя ініцыятыва, што сыходзіць ад інстытуту гісторыі пры ЕГУ, можа мець плён. 5 траўня, да 140-годдзя ад дня нараджэння старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту, аднаго з міністраў Рады БНР Рамана Скірмунта, мае прайсці ўрачыстасць у Чырвоным касцёле і ўсталяванне шыльды там. Папярэдняя згода на гэта ад ксяндза Уладзіслава Завальнюка на гэтую акцыю, не супраць і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле “Радыё Рацыя”