Напярэдадні 25 сакавіка “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” зрабіла падарунак аматарам гісторыі, усім чытачам, якія паважаюць і цэняць нашу гісторыю, – два друкаваныя выданні, звязаныя з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі.
Першае — новая п’еса драматурга, пісьменніка, публіцыста, заслужанага работніка культуры Беларусі, кандыдата гістарычных навук Алеся Петрашкевіча “Приласкать и уничтожить”. У гэтым творы аўтар закранае гісторыю станаўлення нашай дзяржаўнасці і распавядае пра тое, як стваралася Беларуская Народная Рэспубліка.
Творчасць А. Петрашкевіча пачыналася ў 50-я гады ХХ ст. з публіцыстыкі, фельетонаў і сатыры. Да гістарычнай тэматыкі драматург звярнуўся ў сярэдзіне 70-х гадоў, калі напісаў першую п’есу «Напісанае застаецца», якая распавядае пра жыццё Францыска Скарыны. Гістарычныя п'есы Алеся Петрашкевіча былі выдадзены зборнікамі "Воля на крыжы" (2000), "Здрапежаная зямля" (2003). У 2007 годзе выйшла ў часопісе “Дзеяслоў” новы гістарычны твор, прысвечаны вядомаму змагару за незалежнасць Беларусі Кастусю Каліноўскаму “Рыцар свабоды”.