Беларусы з усяго свету збяруцца ў Менску 15-16 ліпеня

15-16 ліпеня ў Менску збяруцца беларусы з усяго свету. Малая Рада Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» зацвердзіла дату, тэматыку і склад арганізацыйнага камітэту VII з’езда беларусаў свету, паведаміла нашаму радыё старшыня галоўнай рады арганізацыі Ніна Шыдлоўская.

— Арганізацыйны камітэт склаўся з сяброў Вялікай рады, а гэта агулам 94 асобы, з іх 47 асобаў з Беларусі і 47  — прадстаўнікі беларусаў замежжа. У арганізацыйны камітэт быў таксама ўключаны Пётра Мурзёнак з Канады. Таксама былі зацверджаныя сустаршыні аргкамітэту, гэта 5 асобаў і ўсе яны папярэдне далі згоду. Назаву іх у алфавітным парадку: Яўген Вапа, Радзім Гарэцкі, Янка Запруднік, Алена Макоўская, Алег Рудакоў, Ніна Шыдлоўская. Таксама была зацверджана працоўная група, якую ўзначальвае старшыня Рады. Цяпер ужо можна тыя нормы прадстаўніцтва вылучэння дэлегатаў на з’езд, якія таксама былі ўхваленыя малой радай даводзіць да арганізацый беларусаў замежжа і пачаць вылучэнне дэлегатаў.

РР: Звычайна з’езды беларусаў свету звяртаюць увагу на нейкія канкрэтныя праблемы, на што сёлета вы хочаце звярнуць асаблівую ўвагу?

— Кожны з’езд у нас уздымае праз тэму нейкія важныя пытанні, якія тычацца агулам беларускай нацыі. Гэты з’езд не стаў выключэннем і тэма, якая будзе раскрывацца з розных ракурсаў, гэта «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця». Акрамя асноўных дакладаў, што прагучаць у час з’езда, тэмы і дакладчыкі якіх бліжэйшым часам будуць вызначацца і абмяркоўвацца, ужо зацверджаныя секцыі, што будуць працаваць у час з’езда. Гэта: «Гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці», «Беларускае замежжа і Беларусь. Стратэгія ўзаемадзеянняў у сучасных умовах», «Беларуская мова і культура як падмурак дзяржаўнай незалежнасці». Відавочна, як заўсёды, выніковыя дакументы будуць выцякаць з агульнапастаўленай тэмы і на базе тых напрацовак, што будуць зробленыя падчас працы секцый.

РР: Вы даволі шчыльна супрацоўнічаеце з беларускім МЗС, якое таксама глянула, скажам так, больш прыхільна на беларускае замежжа. Як вы бачыце гэтую супрацу? Ці магчымы ўдзел прадстаўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі таксама ў працах з’езду?

— Два апошнія з’езды ўдалося вельмі добра пасупрацоўнічаць з прадстаўнікамі дзяржаўных міністэрстваў і іншых устаноў з тым, каб нашы дэлегаты мелі магчымасць наўпрост абмеркаваць, агучыць праблематыку, якая іх хвалюе. Пра гэты з’езд мы таксама ўжо размаўлялі падчас візіту ў МЗС са спадаром міністрам Уладзімірам Макеем. Прадстаўнікі МЗС, я спадзяюся нічога не зменіцца, будуць прысутнічаць ня з’ездзе. Стратэгія ўзаемадзеяння беларусаў Беларусі і беларусаў замежжа толькі тады можа якасна рэалізоўвацца, калі ў гэта ўключана наша дзяржава. Таксама тэмы секцый, якія мы прапрацавалі, відавочна цікавыя супрацоўнікам дзяржустаноў, бо гэта адпавядае сённяшнім выклікам адносна нашай каіны і можна будзе супольна знайсці пэўныя рашэнні, пэўныя крокі, якія варта рабіць Блеарусі, каб не страціць незалежнасці і сваёй дзяржаўнасці.

З’езды беларусаў свету праводзяцца пачынаючы з 1993 года кожныя чатыры гады ў Менску. Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў арганізацый з больш як дваццаці краінаў свету.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя