Сучасныя выклікі Беларусі і стратэгію супрацоўніцтва з беларусамі замежжа абмяркуюць у ліпені на Сёмым з’ездзе беларусаў свету

15 лютага адбылося пасяджэнне Малой Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Удзельнікі пасяджэння ўхвалілі фінансавую справаздачу і справаздачу пра дзейнасць Згуртавання за 2016 год (апошняя неўзабаве з’явіцца на сайце арганізацыі).

Асноўным жа пытаннем пасяджэння была падрыхтоўка да Сёмага з’езду беларусаў свету. Большасцю галасоў сябры Вялікай Рады зацвердзілі правядзенне З’езду 15–16 ліпеня ў Мінску.

Кожны З’езд беларусаў свету ўздымае важныя для беларускай нацыі пытанні. Сёмы з’езд не будзе выключэннем. Ён пройдзе пад тэмай “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця”.

Акрамя пленарнага пасяджэння, праца дэлегатаў будзе праходзіць у трох секцыях: 1. Гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці. 2. Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах. 3. Беларуская мова і культура як падмурак дзяржаўнай незалежнасці.

У арганізацыйны камітэт па правядзенні З’езду ўвайшлі сябры Вялікай Рады (сорак сем асобаў з Беларусі і сорак сем – з замежжа), а таксама старшыня Атаўскага аддзялення Згуртавання беларусаў Канады Пётр Мурзёнак.

Сустаршынямі Арганізацыйнага камітэту па правядзенні З’езду абраныя Яўген Вапа (Польшча), Радзім Гарэцкі (Беларусь), Янка Запруднік (ЗША), Алена Макоўская (Беларусь), Алег Рудакоў (Расія), Ніна Шыдлоўская (Беларусь). Таксама быў зацверджаны склаў Працоўнай групы на чале са старшынёй Рады Нінай Шыдлоўскай.

Ухваліўшы бюджэт З’езду, нормы прадстаўніцтва дэлегатаў на З’езд і меркаваную колькасць гасцей, сябры Малой Рады абмеркавалі і зацвердзілі падрабязны План дзейнасці Згуртавання на 2017 год.

Акрамя пытанняў, звязаных з Сёмым з’ездам беларусаў свету, план утрымлівае шэраг важных пунктаў па арганізацыйна-прававой, выдавецкай і культурна-асветніцкай дзейнасці Згуртавання, у тым ліку ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”