Алесь Чайчыц: “Расіяне вельмі мала ведаюць пра Беларусь, яны ёй не цікавяцца”

Гістарычна склалася так, што сёння Расія бліжэй да Беларусі за якую іншую краіну. Шчыльныя на мяжы з небяспекай эканамічныя зносіны, празрыстая дзяржаўная мяжа, панаванне расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, рускай мовы і насычанасць беларускай культурнай прасторы артэфактамі расійскай культуры збольшага ўспрымаецца як натуральны стан рэчаў. У такіх варунках ужо адзіны факт наяўнасці арганізацый беларускай дыяспары ў Маскве сяму-таму (што па той бок мяжы, што на Радзіме) можа падацца экзотыкай. Выглядае, што мы ведаем пра Расію не так шмат, як нам самім падаецца. І яшчэ меней ведаем пра тое, якой Беларусь бачаць расіяне.

Прапануем да вашай увагі гутарку з сябрам Рады БНР, публіцыстам і кансультантам па міжнародных камунікацыях Алесем Чайчыцам, які нарадзіўся і жыве ў Маскве, і добра абазнаны ў праблемах і перспектывах беларускіх арганізацый сталіцы Расіі.

– Раскажыце, калі ласка, пра стан арганізацый беларускай дыяспары ў Маскве. Што са старымі, ці з’явяцца новыя?

– Старая беларуская арганізацыя збольшага “дэактывізавалася”, яе дзейнасць цяпер абмяжоўваецца адным-двума мерапрыемствамі на год. Напрыклад, нядаўна ладзілі сустрэчу з Уладзімірам Арловым. Моладзевыя студэнцкія суполкі былі ў 1990-я і 2000-я гады, але цяпер моладзевай самаарганізацыі, падобна, што няма. Відаць, новае пакаленне мае іншыя інтарэсы. Больш актыўныя беларускія арганізацыі на сёння – афіцыйныя Рэгіянальная культурна-нацыянальная аўтаномія Масквы і Федэральная культурна-нацыянальная аўтаномія Расіі. Маскоўская аўтаномія нядаўна ў Культурным цэнтры пры амбасадзе Беларусі зладзіла вельмі якаснае мерапрыемства памяці Мікалая Улашчыка. Дарэчы, адкрыццё Культурнага цэнтра таксама было выключна важнай падзеяй. Наяўнасць пляцоўкі – гэта вельмі вялікая справа. Па факце – гэта моцная матэрыяльная падтрымка, бо памяшканне – гэта парогавая праблема пры арганізацыі мерапрыемстваў у Маскве. Цяпер жа з’явілася надзея, што Маскоўская аўтаномія будзе яшчэ больш імпрэзаў ладзіць.

– Маскоўская аўтаномія мае шмат актыўных сяброў?

– Цяжка сказаць. Хтосьці сочыць за падзеямі і ставіць лайкі ў сацсетках, а хтосьці ходзіць на ўсе імпрэзы. У залежнасці ад тэматыкі мерапрыемстваў, на іх прысутнічае розная колькасць людзей, часам могуць з’явіцца і не датычныя да аўтаноміі людзі. Што да фармальнага сяброўства, я нават пра сябе, прызнацца, дакладна не ведаю, ці праходжу па нейкіх спісах у якасці сябра аўтаноміі. Зрэшты, заяву на ўступленне ў свой час пісаў.

– Ці спрыяе Расійская дзяржава?

– У Маскве ёсць Дом нацыянальнасцяў. Там розныя дыяспары ладзяць мерапрыемствы, часам ладзілі і беларусы. Для гэтага Дом нацыянальнасцяў мае бюджэт і дэклараваныя дзяржавай намеры аб падтрымцы беларускай культуры, але найчасцей падыход бывае фармальны. Увогуле, з асабістай практыкі я пераканаўся, што для арганізацыі беларускіх мерапрыемстваў не трэба шмат грошай. Трэба памяшканне і жаданне, вольны час, энтузіязм, зацікаўленасць. Не шмат каштуе, каб сустрэцца і паспяваць, паглядзець фільм ці пра нешта апавесці. Не цяжка скінуцца грамадой на квіткі, пражыванне і харчаванне для якога-небудзь запрошанага з Беларусі дзеяча…

– І ўсё ж сустрэчы ладзяцца рэдка. Выходзіць, якраз энтузіязму і няма?

– У тым і праблема. Няма энтузіязму.

– Маскоўскі рытм не пакідае часу?

– Проста Масква недалёка ад Беларусі, і калі хто дужа цікавіцца беларускімі справамі, то яму прасцей не сустракацца з адзінадумцамі ў Маскве, а ўзаемадзейнічаць непасрэдна з Беларуссю. Тым больш, што пасля падзеяў 2014 года нацыянальныя справы набылі нязвыклыя сэнсы. Можна лёгка быць звінавачаным у “нацыяналізме”, “русафобстве” ці яшчэ чым-небудзь. У Расіі цяпер спрыяльныя ўмовы для шавіністаў, якія не прызнаюць беларускай дзяржаўнасці, ненавідзяць беларускую мову й культуру.

– А тэндэнцыя да згасання такіх настрояў ёсць?

– Яшчэ нядаўна здавалася, што самая актыўная фаза скончылася і ўсталяваўся нейкі новы кансэнсус, выйшлі на плато. Але цяпер нават не ведаю.

– Які ўзрост у беларусаў Масквы, якія ходзяць на мерапрыемствы, займаюцца справамі суполак? Ці далучаецца да гэтых справаў моладзь?

– Я моладзі і студэнцтва даўно не бачыў на мерапрыемствах. Студэнтам цікава party. І гадоў 10–15 таму было шмат мерапрыемстваў у такім фармаце. Дарослыя і старыя беларускія актывісты цяпер зрэдчас толькі збіраюцца на прыватныя сустрэчы вузкім колам старых сяброў…

Маскоўская аўтаномія беларусаў Масквы апошнім часам больш актыўная. Нядаўняя сустрэча, прысвечаная Мікалаю Улашчыку, мела фармат навуковага круглага стала: праграма, спісы дакладчыкаў, навукоўцы, даклады. Сярод іншага ад імя Маскоўскай аўтаноміі вырашылі напісаць у Мінгарвыканкам прапанову назваць адну з Мінскіх вуліц яго імем…

Масква – вялікі горад, беларусаў у ім дзясяткі тысяч, і часта невядома, хто з іх чым займаецца. Напрыклад, мы аднойчы выпадкова даведаліся, што ў Маскве была беларускамоўная тэатральная трупа, людзі некалькі гадоў рабілі пастаноўкі на беларускай мове. А аднойчы выпадкова высветлілася, што начальнік дэпартамента культуры ў прэфектуры адной з акругаў Масквы - шчыры беларус, які ў рамках праграмы культурніцкіх мерапрыемстваў прэфектуры штогод ладзіў у адным з паркаў беларускае купалле, з запрошанымі артыстамі, продажам сувеніраў... Усё з падачы аднога чалавека! Я пастараўся звесці яго з арганізаванай дыяспарай, і ў мінулым годзе, здаецца, пачаліся нейкія зрухі. Вось такі фармат і моладзь прыцягне. Калі дадаць адміністрацыйнага рэсурсу да нейкай шчырай прыватнай ініцыятывы, то і маштаб можа быць выбуховым. Гэта істотна зможа паспрыяць і папулярызацыі беларускай культуры, і Беларусі, падорыць людзям з беларускімі каранямі адчуванне далучнасці да нашай краіны, а Беларусі – дадатковы фактар уплыву ў стасунках з Расіяй.

– А як даўно вы ў Маскве? Як там апынуліся?

– Я там нарадзіўся. Мой бацька з Беларусі, адзін з першых удзельнікаў Таварыства беларускай культуры, актыўны дзеяч дыяспары. Ён вельмі дбаў пра тое, каб максімальна беларусізаваць сямейную атмасферу. На пачатку 1990-х я хадзіў у беларускую школку. Пасля распаду СССР бацька вярнуўся ў Беларусь і нейкі час працаваў у Міністэрстве замежных справаў, такім чынам некалькі гадоў мне давялося пажыць у статусе прадстаўніка Беларусі за мяжой. Гэта наклала на мяне адбітак – асацыяванне сябе з Беларуссю, пачуццё адказнасці, абавязанасці перад Беларуссю… Пару гадоў у Мінску я хадзіў у беларускую школу. Беларускую мову з літаратурай тады ненавідзеў…

– Тыпова для біяграфіі гарадскога жыхара, ангажаванага ў беларушчыну.

– А пасля чамусьці моцна ўсім гэтым зацікавіўся, мабілізаваўся, з дапамогай інтэрнэта набыў практыку камунікацыі па-беларуску. Пачаў гаварыць з бацькам па-беларуску. Пачаў сустракацца з маскоўскімі беларусамі…

– Вось жа аказваецца, што ў Маскве на пачатку 1990-х існавалі беларускія школы. А як з гэтым цяпер?

– Усяго адна была. Мы гэта называлі “школка”, але насамрэч гэта былі дзіцячыя курсы, арганізаваныя Таварыствам беларускай культуры. Мала што памятаю з тых часоў, хіба толькі тое, што ўражанні меў прыемныя. Цяпер такога ўжо няма. Відаць, варта паўплываць на аўтаномію і амбасаду, бо дзецям гэта трэба. Маім, напрыклад.

– А ці назбіраецца па Маскве ахвотных на групу?

– Зноў жа, залежыць ад фармату. Калі заняткі будуць цікавыя і пазітыўныя, то попыт будзе. Украінцы, латышы, палякі ў Маскве гэта маюць. Спадзяюся, і ў нас з’явіцца.

– Як з Масквы выглядае цяперашняя сітуацыя з беларускай культурай у Беларусі? Даводзіцца чуць меркаванні пра зварот афіцыйных уладаў да нацыянальнага, ад якога яны ў свой час, у 1990-я, дыстанцыяваліся.

– Калі агулам, то адчуванне ёсць, але не павароту ўладаў да беларушчыны, а жыццяздольнасці беларушчыны ў неспрыяльных умовах. Беларушчына выявілася больш пасіянарнай, чым магло паказацца. Чыстыя крамы з беларускамоўнымі шыльдамі, беларускамоўная рэклама. Кавалачак якога-ніякога, але “сярэднявечнага” горада ў цэнтры. Беларусь стварае еўрапейскае адчуванне. Грамадства эвалюцыянавала ў бок нацыянальных каштоўнасцяў – і ўлада разам з ім. На пасады прыходзяць чыноўнікі, якія большую частку жыцця прабавілі ў незалежнай Беларусі, якія памятаюць дзяржаўныя Пагоню і сцяг, нармальна да іх ставяцца.

– А як наогул сярэднестатыстычны расіянін бачыць Беларусь? У нас тут дамінуе расійскае тэлебачанне, кнігі расійскіх выдавецтваў, замежная літаратура ў перакладзе на рускую мову. Часам здаецца, што мы, беларусы, ведаем пра Расію ўсё. І не адразу прыходзіць да галавы, што па той бок празрыстай дзяржаўнай мяжы пра нас, відаць, ведаюць менш.

– Расіяне вельмі мала ведаюць пра Беларусь. Беларусь абсалютна не ў фокусе іхнай увагі, яны ёй не цікавяцца. Адно толькі ведаюць, што гэта “прыкладна тое ж, што Расія”. “Лукашэнка, трактары, бульба”. Украіна нашмат бліжэй да іх. Па-першае, Украіна мае большую колькасць насельніцтва і, адпаведна, грамадства мае з ёй больш чыста асабістых сувязяў. Ну а па-другое… Пры патрэбе можна выбраць рускую Украіну на любы густ. Ёсць гогалеўская Украіна, ёсць Заходняя, “бандэраўская” Украіна, ёсць Кіеў, маці гарадоў рускіх, ёсць “Белая гвардыя” Булгакава. Рускія пісьменнікі жылі ў Кіеве, Харкаве. А згадайце Адэсу! А Крым! Што да Беларусі – ну героі брэсцкай крэпасці, партызаны ў вайну. Датычна гісторыі, то пануе ўяўленне, што беларусы “заўжды былі пад палякамі”. І ўсё. Некаторыя лічаць, што тут усе каталікі. Бывае адчуванне, што пра Беларусь у Расіі ведаюць не больш, чым пра якуюсь Славенію. У святле апошніх падзеяў ды тэндэнцый, такое знаходжанне па-за фокусам для Беларусі можа і добра.

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС “Бацькаўшчына”