Макей сустрэўся з прадстаўнікамі „Бацькаўшчыны”

13 снежня 2016 г. адбылася сустрэча Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея з прадстаўнікамі кіраўніцтва Міжнароднага грамадскага аб’яднання „Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына” Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай.

Прэсавая служба МЗС паведаміла толькі, што “бакі закранулі тэму супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў розных сферах, а таксама пытанні правядзення VII з’езду беларусаў свету”. У інтэрв’ю Радыё Рацыя Алена Макоўская раскрыла некаторыя падрабязнасці сустрэчы. Па яе словах, сустрэча прайшла па ініцыятыве МЗС, але цікавасьць гэтага ведамства да “Бацькаўшчыны” не з’яўляецца нечаканай.

– Як вы ведаеце, у 2014 годзе быў прыняты Закон “Аб беларусах замежжа”, і “Бацькаўшчына” зрабіла вельмі шмат, каб гэты закон быў прыняты. У адпаведнасці з гэтым законам менавіта МЗС з’яўляецца той установай, якая каардынуе ад імя дзяржавы стасункі з беларусамі замежжа. І напярэдадні кожнага з’езда, гэта таксама натуральны працэс, мы звяртаемся да розных дзяржаўных установаў з тым, каб сапрасіць іх на з’езд.

Акром таго, пры МЗС працуе кансультацыйная рада з прадстаўнікоў беларускай дыяспары, “Бацькаўшчына” таксама ў яе ўваходзіць. Тое, што афіцыйная ўлада хоча паглыбіць супрацоўніцтва з беларусамі замежжа – вельмі важная з’ява, – лічыць Макоўская. Падчас яе гутаркі з Уладзімірам Макеем таксама абмяркоўваўся беларускі аналаг “карты паляка”.

– Прадстаўнікі беларускай дыяспары – гэта было агучана на папярэдніх з’ездах, вельмі зацікаўленыя, каб былі зроблены канкрэтныя крокі для таго, каб яны атрымлівалі нейкую палёгку прыязджаючы ў нашу краіну. Мы не кажам пра менавіта “карту беларуса”, але магчыма ўвядзенне альбо нейкага пасведчання, альбо нейкіх ільготаў, магчымасць атрымоўвання бясплатных візаў, палёгкі пры рэгістрацыі, калі беларусы ўязджаюць у саму краіну.

15 снежня “Бацькаўшчына” правядзе раду, дзе будзе абмяркоўвацца будучы З’езд беларусаў свету. Папярэдне плануецца, што ён пройдзе ў Менску ў ліпені, але канкрэтная дата яшчэ не прызначаная.

Стас Дадэрка, “Беларускае Радыё Рацыя”, фота mfa.gov.by