21 лістапада, у межах кампаніі “Пяцісотгоднасць”, Лагойск наведаў Андрэй Хадановіч.Літаратар выступіў для вучняў старэйшых класаў лагойскай школы №1. Дзяўчаты і хлопцы відавочна рыхтаваліся да сустрэчы – і былі гатовыя не толькі госця паслухаць, але і сябе паказаць.
На пачатку імпрэзы яны станчылі традыцыйны танец у народных строях, а напрыканцы – ужо ўбраныя па-сучаснаму – выканалі эстрадную песню пра Беларусь. Хлеб-соль з рук навучэнцаў дадалі паэту пазітыўных уражанняў. Сам Андрэй чытаў прысутным вершы з кніг “Дэжа вю” і “Цягнік Чыкага-Токіё”, апавядаў, як напісаў зборнік дзіцячай паэзіі “Нататкі таткі”, дэкламаваў перакладзеныя ім творы французскага паэта Шарля Бадлера, а таксама спяваў пад гітару – як свае кавэры (“Гатэль Беларусь”, “Дзяўчонка з Беластока”), так і пераклады ўлюбёных песень (“Тысяча драбніцаў” Сержа Гензбура ды інш.).
Дзеці не бянтэжыліся і закідвалі паэта пытаннямі. Аўтары найлепшых атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, ініцыятарам і каардынатарам якой з’яўляецца ЗБС “Бацькаўшчына”. Пасля песні “Бэз”, гераіня якой сама збірае для хлопца букет, Андрэй нечакана атрымаў ад слухачкі букет гваздзікоў. Часам жыццё паўтарае сюжэты мастацкіх твораў.
“Будзьма беларусамі!”