Віншуем Анатоля Вярцінскага з юбілеем!

18 лістапада спаўняецца 85 гадоў сябру Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” Анатолю Вярцінскаму, паэту, адному з найстарэйшых літаратараў Беларусі.

Фота: naviny.by

Спадар Анатоль нарадзіўся ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і, скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ ў 1956 годзе і некалькі гадоў працаваў у рэдакцыях раённых газет. У 1962 годзе выдаў свой першы зборнік паэзіі “Песня пра хлеб”, які моцна паўплываў на гучане ўсёй беларускай паэзіі 1960-х агулам. У тым жа годзе пераехаў у Мінск і пачаў супрацоўнічаць з газетай “Літаратура і мастацтва”. Праз два гады быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, працаваў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986–1990 гадах быў галоўным рэдактарам газеты “Літаратура і мастацтва”, менавіта ў гэты перыяд на старонках выдання друкавалася праўда пра Курапаты. У 1998 года Анатоль Вярцінскі зрабіўся сябрам Беларускага ПЭН-Цэнтра. З 1990 па 1995 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала тэкст беларускай Канстытуцыі. На працягу ўсяго гэтага часу спадар Анатоль працягваў пісаць вершы і артыкулы, якія, пабачыўшы свет, нязменна ставаліся заўважнымі падзеямі ў беларускай літаратуры. Гэтак, за кнігу публіцыстычных нататак “Нью-ёркская сірэна” Анатоль Вярцінскі быў у 1988 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы, а ў 2010 годзе за высокі ўклад у беларускую літаратуру стаў лаўрэатам прэміі “Залаты апостраф” ад рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў”. Вершы Анатоля Вярцінскага пакладзеныя на музыку. Ягоныя пераклады п’ес Лопэ дэ Вегі, Міхаіла Себасцьяна і Віялеты Пальчынскайтэ, а таксама ўласныя п’есы для дзяцей былі пастаўленыя на сцэнах рэспубліканскіх тэатраў.

Шаноўны спадар Анатоль! Згуртаванне “Бацькаўшчына” шчыра дзякуе Вам за тую асалоду, якую нясе кожнае спатканне з Вашай творчасцю, захапляецца Вашай грамадскай дзейнасцю. Сардэчна віншуем Вас з юбілеем, зычым моцнага здароўя, энергіі, нязгаснага натхнення! Спадзяемся прачытаць яшчэ не адну кнігу Вашых вершаў і пачуць шмат Вашых мудрых парадаў!

Управа МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»