11 красавіка юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына“, старшыня рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.
Усмешка гэтай жанчыны знаёмая кожнаму, хто аднойчы зацікавіўся лёсам БНР. А ейны жыццёвы шлях – адзін з найяскравых прыкладаў таго, што любоў да Беларусі і праца на яе карысць нават у самых безнадзейных сітуацыях і ў самых аддаленых ад Радзімы мясцінах свету апынаюцца недарэмнымі, прыносяць добры плён і саграюць удзячнасцю. Лёс спадарыні Івонкі Сурвіллы – гэта прыклад таго, як беларушчына здольная апанаваць, абудзіць самаахвярнасць і зрабіцца лёсам чалавека, які ў Беларусі нават не паспеў пажыць, – у эміграцыі Івонка Сурвілла апынулася ва ўзросце 8 гадоў.
Пра энергічнасць, арганізатарскія здольнасці і дысцыпліну спадарыні Івонкі на гэтай ніве сведчыць кожны, хто меў гонар зведаць супрацу з ёй. Але і просты сухі пералік ініцыятываў, аўтаркай якіх яна з’яўлялася, а таксама тых пасадаў, якія яна займала ў розныя гады, уражвае.
У 1959–1965 гадах гэта была праца на Іспанскім нацыянальным радыё, дзе разам з мужам яна рыхтавала беларускамоўныя перадачы. Пазней спадарыня Івонка была старшынёй Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. У 1974 годзе – старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе. У 1984 годзе спадарыня Івонка ўвайшла ў склад праўлення Канадскай этнакультурнай Рады. У 1989 годзе была сярод арганізатараў Фонда дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, які ўзначальвала да самага абрання старшынёй Рады БНР у 1997 годзе. Фонд займаўся зборам дапамогі для беларускіх шпіталёў і арганізоўваў адпачынкі для дзяцей з пацярпелых ад радыяцыі раёнаў.
За спрыянне ў станаўленні дэмакратыі ў Беларусі Івонка Сурвілла ў 2013 годзе была ўганаравана Медалём Брыльянтавага юбілею Каралевы Лізаветы II.
Шаноўная спадарыня Івонка! Ад усёй душы віншуем Вас з юбілеем! Зычым Вам моцнага здароўя, паплечнікаў, не менш за Вас энергічных і адданых Беларусі, а таксама новага плёну ў Вашай працы на беларускай ніве!
Інфармацыйны цэнтр МГА „ЗБС „Бацькаўшчына“