У Атаве (Канада) адбылася прэзентацыя кнігі «Шляхі да беларускай нацыі» Пятра Мурзёнка, старшыні Атаўскага аддзялення Згуртавання беларусаў Канады. Пётр Мурзёнак ужо чацвёрты год выдае штоквартальны вэб-часопіс «Культура. Нацыя», піша артыкулы на тэму праблемаў развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці, якія і ўвайшлі ў зборнік. Трэба адзначыць, што гэта першая кніга публіцыстыкі Пятра Мурзёнка, папярэднія тры былі зборнікамі паэзіі. І для Згуртавання «Бацькаўшчына» вельмі прыемна, што менавіта наша арганізацыя спрычынілася да выдання кнігі.
Прапануем Вашай увазе гутарку з аўтарам пра яго шлях на эміграцыю, пра выклікі часу, якія паўстаюць перад беларускай нацыяй і дзяржавай, а таксама пра асаблівасці жыцця беларускай грамады ў Канадзе.
– Ёсць тэорыі, якія сцвярджаюць, што час будавання нацый прайшоў: што можна было збудаваць, ужо збудавана. Ці згодныя Вы з гэтым? Як на Вашу думку, што ў свеце моцнай глабалізацыі чакае Беларусь і нашу мову?
– Я з’яўляюся прыхільнікам ідэі аб тым, што будаўніцтва нацый усё яшчэ адбываецца. І прыклады гэтаму ёсць – краіны былога СССР, Югаславіі. Усё залежыць ад волі супольнасцяў, якія саспелі каб гэтым займацца, і беларусы ў гэтым сэнсе – менавіта такая супольнасць. На мой погляд, ёсць шэраг аб’ектыўных фактараў, якія могуць дазволіць беларускай нацыі па-сапраўднаму паўстаць роўнай сярод роўных у свеце: тысячагадовая гісторыя і культура беларускага этнаса, незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, высокая этнічная аднароднасць насельніцтва (83,7% лічаць сябе беларусамі), наяўнасць актыўнай нацыянальнай эліты, спрыяльныя знешнія фактары. Усе яны разам даюць надзею на тое, што будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, а не цывільнай рускамоўнай, якая выбудоўваецца цяперашнім кіраўніцтвам, адбудзецца.Можна згадаць, што толькі за апошняе стагоддзе наша нацыя перажыла шэраг спрыяльных і неспрыяльных перыядаў у сваім развіцці як дзяржава. Але з кожным крокам краіна Беларусь набіраецца сілаў і, як паказвае мой аналіз, наступны перыяд для будаўніцтва нацыі павінен быць спрыяльным і, спадзяёмся, вырашальным.
Не думаю, што глабалізацыя ў бліжэйшыя 50–100 гадоў негатыўным паўплывае на развіццё і стан нацый. Гэтае пытанне яшчэ недастакова вывучана і, мяркую, роля глабалізацыі ў адносінах да існавання нацый альбо няправільна трактуецца, альбо перабольшваецца. Сапраўды, можна казаць, што ў век высокадакладных тэхналогій, глабальнай інфармацыйнай прасторы, глабальнага пранікнення капітала, распаўсюджання прынцыпаў і ідэй дэмакратыі і правоў чалавека, палітычныя і эканамічныя сферы асобных краінаў павольна збліжаюцца. Калі разглядаць Еўрапейскі Саюз, будаўніцтва якога ідзе ўжо больш за паўстагоддзя, то ў ім шмат чаго зроблена – Шэнгенская віза, адзіная валюта, ўздымаецца пытанне аб стварэнні адзіных узброеных сілаў Еўропы, шмат прыхільнікаў мае ідэя стварэння еўрапейскай нацыі. Але, з іншага боку, ёсць і вялікая колькасць еўраскептыкаў, якія ў першую чаргу выступаюць за зберажэнне ідэнтычнасці нацый і іх умацаванне.
Такім чынам, можна казаць, што рух да «глабалізацыі» і да нацыянальнай дзяржавы для Беларусі адбываюцца адначосова, і ў гэтым сэнсе важна быць моцным «еўраскептыкам» і нацыяналістам – я маю на ўвазе здольнасць ідэнтыфікаваць сябе як асобную нацыю і трымаць курс на нацыянальнае будаўніцтва. Вялікай небяспекай на гэтым шляху з’ўляецца рускамоўнасць беларускага насельніцтва і заганны стан беларускай мовы. Пашырэнне рускай мовы ў Беларусі ідзе паралельна са змяншэннем вясковага насельніцтва і можа стаць катастрафічным фактарам паглынання Беларусі «рускім мірам». Тая ж англійская мова ўсё больш распаўсюджваецца ў свеце як агульная мова зносін, але гэта заўжды другая мова пасля роднай, і цяжка нават уявіць, каб французы, галандцы ці немцы ведаючы мову англійскую адмовіліся б ад сваёй. І таму ў гэтых і іншых еўрапейскіх краінах ніколі не паўстае пытання аб ідэнтычнасці. У Беларусі ж сітуацыя адваротная, і выкліканая яна не глабалізацыяй, а лакальным уплывам суседняй імперыі, і таму ўмацаванне незалежнасці Беларусі ад Расіі, не адмаўляючы цывілізаванага супрацаўніцтва, у палітычным, эканамічным і культурным плане з’яўляецца істотнай перадумовай будаўніцтва беларускай нацыі. Падаецца, што дасягнуць большага суверэнітэту можна праз умацаванне дэмакратычных і грамадскіх інстытутаў, праз выхаванне беларускасці ў насельніцтва Беларусі.
– Гэтая Вашая чацвёртая кніга – публіцыстычная, тры папярэднія – паэтычныя. Ці варта ў будучым чакаць ад Вас мастацкай прозы?
– Пакуль што на гэта пытанне не магу адказаць станоўча. Мне здаецца, што я не маю дастатковых здольнасцяў, каб пісаць мастацкую прозу, хаця і не скажу, што не задумваўся пра гэта. Мне больш падабаецца выкладаць свае думкі ў канцэнтраванай, вершаванай форме. Я зайздрозціў свайму бацьку, настаўніку па адукацыі, які ў дзвюх кнігах – «Над Дзісенкай ракой» і «Адвечныя плыні» – па-мастацку і дэталёва адлюстраваў жыццё беларускай вёскі. Трэба сказаць, што бацька пачаў пісаць прозу даволі позна, у семдзесят тры гады, калі прыехаў у Канаду і вызваліўся ад працы па гаспадарцы ў вёсцы. Калі раўняцца на бацьку, то, спадзяюся, буду яшчэ мець час падумаць і пра прозу.
– Пасля эміграцыі Вы ўпершыню пабывалі на Радзіме толькі праз пятнаццаць гадоў, у 2013 годзе. У тым жа годзе запусцілі sakavik.net – пачалі рабіць часопіс. Ці няма сувязі паміж гэтымі падзеямі? Што з бачанага ў Беларусі паўплывала на гэта?
– Вынікам майго візіта стаў артыкул «Беларусь. 2013. Спатканне з Радзімай», надрукаваны ў №3 часопіса, там я падзяліўся з чытачамі ўражаннямі ад пабачанага. Сама паездка ніяк не паўплывала на тэматычны накірунак часопіса, заснаванага ў снежні 2012 года.
Ідэя стварэння часопіса ўзнікла пасля канферэнцыі беларускіх лідэраў у Вільні ў лістападзе 2012 года. Арганізатарам той сустрэчы была Рада БНР, мне давялося паўдзельнічаць у некалькіх дыскусіях са сп. І. Сурвіллай, Старшынёй Рады, якая вырашыла зрабіць яшчэ адно намаганне па аб’яднанні беларускіх апазіцыйных сіл. Адной з маіх прапаноў тады было абмеркаванне рэалізацыі сумеснага асветніцкага праекта, які, як меркавалася, стаў бы адным з інструментаў працэсу такога аб’яднання. На жаль, ідэя тады не знайшла падтрымкі, і гэта падштурхнула мяне да рэалізацыі падобнага асветніцкага праекта з дапамогай часопіса і вэб-сайта (www.sakavik.net). Асветніцкі праект «Разам» цяпер размешчаны на адной з старонак вэб-сайта, але развіваецца не так паспяхова як хацелася б.
Часопіс выдаецца раз на тры месяцы. Выйшла пятнаццаць нумароў. Першыя шэсць нумароў – пад назвай «Сакавік». Пачынаючы з №7 часопіс стаў называцца «Культура, Нацыя». Свежы нумар ў асноўным складаецца з матэрыялаў 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая сёлета на пачатку верасня прайшла ў Атаве. За тры з паловай гады апублікавана блізу сотні матэрыялаў, падрыхтаваных дваццаць адным аўтарам. Асноўная мэта часопіса – падтрыманне беларускасці і развіццё беларускай нацыі. На сайце публікуюцца матэрыялы і з іншых крыніц, калі яны блізкія ідэйна і тэматычна. Рэдакцыя часопіса ганарыцца тым, што больш за палову чытачоў часопіса – людзі з Беларусі.
– Чаму ў пэўны момант адбылася змена назвы часопіса з «Сакавіка» на «Культура. Нацыя»? Ці паўплывала гэта на тэматыку?
– Назва «Сакавік» была ўзята напачатку як сімвал нашага слаўнага мінулага - 25 сакавіка была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. А яшчэ як сімвал надзеі на сапраўднае нараджэнне беларускай нацыі вясною. Але ў чытачоў з-за такой назвы часта ўзнікалі асацыяцыі з нейкімі палітычнымі, рэвалюцыйнымі працэсамі. Часопіс жа грунтуецца на ідэях развіцця нацыі праз асвету насельніцтва краіны, галоўным стрыжанем якой ёсць культура. Назваць часопіс «Культура» не выпадала, бо ўжо быў заснаваны сп. Гедройцам часопіс з такой самай назвай, які адыграў значную ролю ў атрыманні свабоды Польшчай. Але мець сімвалічную духоўную пераемнасць ад часопіса Гедройца хацелася больш, чым быць абвінавачаным у плагіяце. І тады да назвы часопіса дадалося слова «нацыя», якое, нягледзячы на непрыязнае стаўленне да яго з боку многіх інтэлектуалаў, закліканае, на наш погляд, абвастрыць цікаўнасць да праблемы будавання нацыі ў Беларусі. Змена назвы не паўплывала на тэматыку часопіса, аднак у будучыні хацелася б мець больш матэрыялаў па пытаннях менавіта культуры, бо цяпер большая частка матэрыялаў прысвечана нацыянальным праблемам.
– Што прымусіла Вас, асобу ўжо сфармаваную, маючую і навуковую пасаду, і сям’ю, з’ехаць за мяжу?
– Адказ на гэтае пытанне я даваў раней у інтэрв’ю спадарыні Наталлі Гардзіенка. Асноўным матывам ад’езду ў 1998 годзе была бесперпектыўнасць у новаствораных умовах, якія можна было ахарактарызаваць як вяртанне ў мінулае. Аналіз сітуацыі падказваў мне, што чакаць змен да лепшага, беларускага, дэмакратычнага, можна будзе не раней, чым праз 40–50 год (1–2 пакаленні). Напалову мае прагнозы ўжо спраўдзіліся. Хтосьці можа сказаць, што такі ад’езд падобны да ўцёкаў, да здрады свайму народу, але вырашаць свой лёс, браць адказнаць за сям’ю – гэта права кожнага чалавека. Мы ехалі ў вялікую невядомасць. Палітычны кампанент пры ад’ездзе прысутнічаў, але не быў вырашальным. Вядучымі былі словы «Ніколі не позна пачаць спачатку». У сваё апраўданне магу сказаць, што тое, што я раблю для беларускай справы тут, я, верагодна, не змог бы рабіць на радзіме. На нядаўняй 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў сваім дакладзе я казаў, што сучасная эміграцыя ў Канадзе (канец ХХ – пачатак ХХІ ст.) – гэта ў асноўным эміграцыя эканамічная, сямейная. Людзі гэтай хвалі, як і абсалютная большасць насельніцтва сённяшняй Беларусі, апалітычныя.
– Як адбылося Вашае знаёмства з беларускай грамадой Канады?
– Знаёмства з беларускай грамадой Атавы адбылося толькі праз год нашага жыцця ў гэтым горадзе. Шчыра кажучы, такое позняе знаёмства было абумоўлена не толькі побытавымі праблемамі. Расчараванне станам беларускага грамадства, якое я меў пры ад’ездзе, не выклікала ніякага жадання нават пошуку магчымасці такой сустрэчы. Тым не менш, мы з Наталіяй, маёй жонкай, улетку 1999 года трапілі на беларускі сход, які ладзіў у сваім доме сп. Міхайлаў, тагачасны лідар групы беларусаў. Тамсама мы пазнаёміліся са сп. Івонкай Сурвіллай. Паступова знаёміліся з іншымі беларусамі. Можна казаць, што ў Атаве ўтварылася цеснае кола беларусаў, якія сябруюць і падрымліваюць беларускі дух. Тое, што гэта сапраўднае кола сяброў, было яскрава прадэманстравана падчас арганізацыі і правядзення 32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.
– Вы на працягу пяці гадоў былі старшынём Згуртавання беларусаў Канады, Атаўскі аддзел Згуртавання ўзначальваеце і цяпер. Што з сябе ўяўляе беларуская грамада Канады сёння? Ці пашыраецца супольнасць? Ці ўяўляе беларуская ідэя цікавасць для эмігранцкай моладзі ў Канадзе?
– Паводле афіцыйнай статыстыкі ў 2011 годзе ў Канадзе налічвалася каля 15 000 беларусаў, з іх каля 1000 у Атаве і каля 7000 у Таронта. Дынаміка міграцыі беларусаў у Канаду за апошнія трыццаць гадоў дазваляе чакаць, што ў гэтым годзе чарговы перапіс насельніцтва пакажа лічбу каля 20 000.
Што тычыцца актыўных беларускіх суполак, то яны дзейнічаюць на сёння толькі ў Таронта і ў Атаве. Беларуская суполка ў Атаве, якая з’яўляецца аддзелам Згуртавання беларусаў Канады, налічвае каля 30–60 чалавек. У параўнанні з агульнай колькасцю беларусаў у горадзе гэта нібыта і не шмат, аднак такі стан цалкам адпавядае статыстыцы, згодна з якой у грамадскім жыцці бярэ ўдзел малая частка людзей – 5–10%. Асноўная частка суполкі склалася каля 12–15 гадоў таму. Новыя людзі да нас таксама далучаюцца, у асноўным яны нацыянальна свядомыя, сямейныя, але моладзі студэнцкага ўзроста, якую можна назіраць, напрыклад, у Нью-Ёрку, не шмат.
Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар ЗБС «Бацькаўшчына» Фота Алеся Каралькевіча