На пачатку ліпеня сядзібу Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» наведалі прадстаўнікі беларусаў Малдовы: старшыня Праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур і старшыня Міжнароднага таварыства сяброўства і супрацоўніцтва «Малдова–Беларусь» і Асацыяцыі беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» Генадзь Зяньковіч. Прапаноўваем да вашай увагі гутарку пра немалыя дасягненні беларускай дыяспары ў неспрыяльных эканамічных умовах.
Алена Макоўская, Генадзь Зяньковіч, Ніна Шыдлоўская, Ганна Мазур
Ганна Мазур: Жывём цікава, шмат чаго адбываецца. Рэгулярна ўдзельнічаем у вялікай колькасці розных мерапрыемстваў, самі ладзім святы. Асаблівую радасць уся дыяспара атрымлівае ад міждзяржаўных культурных мерапрыемстваў, якія арганізоўваюцца дзякуючы міжурадавым пагадненням паміж нашымі краінамі. Такім чынам увосень у Малдову пасля дзесяцігадовага перапынку вярнуліся Дні культуры Беларусі. Гэтая грандыёзная падзея ўвабрала ў сябе цэлы шэраг мерапрыемстваў. Адбылася сустрэча Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова з кіраўнікамі грамадскіх аб'яднанняў беларускай дыяспары ў Малдове. У Нацыянальнай філармоніі ім. С. Лункевіча быў адчынены вернісаж габеленаў беларускіх майстроў «Каляровая нiзка» і праведзены святочны канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Cвята». Гэтай восенню чакаем працяг гэтай выдатнай міждзяржаўнай культурнай практыкі.
Генадзь Зяньковіч: У траўні гэтага года быў афіцыйны візіт дэлегацыі Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь разам з прадстаўнікамі Кансультацыйнага міжэтнічнага савета, які дзейнічае пры Упаўнаважанным. У Доме нацыянальнасцяў Рэспублікі Малдова прайшоў круглы стол «Сучасныя рэаліі і перспектывы міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў галіне міжэтнічных адносін», а пасля быў зладжаны канцэрт.
– Міністэрства культуры і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў маюць спецыяльныя праграмы для дыяспары, але з беларусамі замежжа цяпер усё ж больш працуе Міністэрства замежных спраў…
Ганна Мазур: У верасні 2014 года быў утвораны Кансультацыйны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У склад яго ўвайшлі тры кіраўнікі беларускіх этнакультурных аб'яднанняў з Малдовы. Гэты факт – выдатны паказчык плённай дзейнасці беларускай дыяспары ў Малдове. На першым пасяджэнні, якое адбылося ў ліпені 2015 года, я мела гонар прысутнічаць разам яшчэ з адным малдаўскім калегам. Мінулай восенню Беларускі культурны рух Малдовы разам з Беларускім таварыствам па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом «Радзіма» звярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з праектам «Міжнародны культурна-асветніцкі форум “Дзеці Бацькаўшчыны”», маючы на мэце ўключыць яго ў рамкі дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце». Асноўная ідэя праекта – правядзенне на базе аднаго з вядучых дзіцячых аздараўленчых лагераў Беларусі («Зубраня», «Лідэр» і інш.) культурна-адукацыйнай змены для маладога пакалення беларусаў замежжа з розных краінаў. Гэтая ініцыятыва атрымала высокую ацэнку з боку МЗС, але ў сувязі з эканамічна няпростым перыядам праект застаецца на стадыі разгляду.
– Мы ведаем, што Беларусы Малдовы заўсёды актыўна супрацоўнічаюць з Пасольствам Рэспублікі Беларусь...
Ганна Мазур: Амбасада Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова аказвае нам маральную падтрымку. Дыпламаты заўсёды наведваюць нашыя мерапрыемствы, калі мы іх запрашаем, а вось матэрыяльнай падтрымкі з боку нашага дыпламатычнага прадстаўніцтва мы пакуль не маем. А між тым, каб годна глядзецца побач з іншымі этнасамі, рэальная матэрыяльная дапамога проста неабходная. Украінцы, расіяне, баўгары, габрэі, азербайджанцы, армяне, палякі і многія іншыя народнасці рэгулярна ладзяць буйныя мерапрыемствы з вялікімі грашовымі бюджэтамі, што дзейсна ўзмацняе фактар прысутнасці гэтых этнасаў у Малдове. Зразумела, што час цяпер эканамічна няпросты, гэта востра адчуваецца ва ўсіх сферах. Аднак, нягледзячы на ўсе праблемы, было б вельмі дарэчы, каб па прыкладзе многіх іншых дыпламатычных прадстаўніцтваў Пасольства таксама мела магчымасць матэрыяльна дапамагаць землякам.
Генадзь Зяньковіч: Самім пацягнуць арганізацыю буйнога мерапрыемства і знайсці неабходныя грошы вельмі цяжка. Штодзённага рэсурсу, каб можна было плённа функцыянаваць, няма. Радуемся, калі нам строямі, падручнікамі дапамагаюць… Добра, што ў снежні мінулага года пры Пасольстве пасля трохгадовага перапынку аднавілася Каардынацыйная рада грамадскіх аб'яднанняў беларускай дыяспары Рэспублікі Малдова. Гэты орган не з'яўляецца юрыдычнай асобай. Ён створаны на добраахвотных пачатках, каб каардынаваць дзейнасць грамадскіх арганізацый беларусаў Малдовы – на сёння афіцыйна зарэгістравана дзесяць этнакультурных беларускіх структур. Нам сапраўды неабходная дыялогавая пляцоўка. Спадзяемся, што наша Каардынацыйная рада пры Пасольстве будзе рэгулярна збірацца.
– А ці мае ўрад Малдовы нейкія праграмы падтрымкі нацыянальных меншасцяў?
Ганна Мазур: Ёсць пералік зацверджаных штогадовых дзяржаўных мерапрыемстваў. Улады пытаюцца ў кожнай дыяспары пра іх жаданне паўдзельнічаць, выдзяляюць пляцоўку і просяць падрыхтаваць адмысловыя сцэнічныя нумары. Пасля азнаямлення з прапановамі выбіраюць асобныя і зацвярджаюць праграму мерапрыемства. Увосень у Цэнтральным парку ладзіцца Рэспубліканскі этнакультурны фестываль – даюць магчымасць выставіць аформлены стэнд, прадэманстраваць строі, пачаставаць гасцёў свята нацыянальнымі стравамі... За кошт дзяржаўных сродкаў этнасы атрымліваюць годную культурную пляцоўку, на якой, як той казаў, можна і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Але выдаткі, звязаныя з пастаноўкай нумароў, з адмысловымі інсталяцыямі, са шматлікімі арганізацыйнымі момантамі, мы пакрываем сваімі сіламі і сродкамі, а яны патрабуюцца немалыя, каб годна выглядаць на падобных святах.
Генадзь Зяньковіч: Калі нам неабходна памяшканне альбо сцэна для арганізацыі і правядзення якога-небудзь беларускага свята ці iншага культурнага мерапрыемства, Бюро міжэтнічных адносін нам яго бясплатна вылучае. Зараз вельмі чакаем адкрыцця Беларускага культурнага цэнтра, спадзяемся, што ён станецца сур'ёзнай дапамогай для дыяспары. Ужо два гады нам яго абяцае адчыніць сумеснае беларуска-малдаўскае прадпрыемства «Керамін-Груп». І прэзідэнт Беларусі, і міністр культуры прыязджалі, аглядалі памяшканне… Можа штосьці з гэтага і будзе.
Ганна Мазур: У гэтым годзе змянілася кіраўніцтва Бюро міжэтнічных адносін – дзяржаўнага органа, які распрацоўвае і прасоўвае дзяржаўную палітыку ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў, што пражываюць у краіне. Новы генеральны дырэктар спадар Алег Бабенка паабяцаў Беларускаму культурнаму руху Малдовы выдзеліць памяшканне ў будынку Бюро. Гэта шыкоўна, у цэнтры горада…
Генадзь Зяньковіч: На нацыянальным радыё ў Галоўнай рэдакцыі перадач для нацыянальных мяншыняў, я раблю перадачу «Беларуская крыніца», вось Ганна мне дапамагае, іншыя таксама…
– Нацыянальны канал дае эфірны час толькі для беларусаў ці іншыя нацыянальнасці таксама прадстаўленыя?
Генадзь Зяньковіч: Ёсць яшчэ ўкраінская перадача, перадачы для балгараў, для гагаўзаў, для рускіх. Сваю перадачу хацелі стварыць палякі, ды чамусьці ў іх не атрымалася. Але трэба разумець, што ўкраінцаў у Малдове жыве 600 тысяч, рускіх – 500 тысяч, а беларусаў – шэсць тысяч згодна з перапісам 2004 году. Таму часу нам выдзелілі не шмат. Але гэтая перадача – наш гонар. На нацыянальным радыё беларуская мова не гучыць нідзе ў СНД: ні ў Расіі, ні ва Ўзбекістане, ні ў Арменіі. На ўзроўні гарадскога радыё мова, наколькі мне вядома, гучыць яшчэ ў Сімферопалі, але на ўзроўні нацыянальнага – толькі ў нас.
– І колькі ж чалавек слухае вашую перадачу?
Генадзь Зяньковіч: Іх было б 1,2 мільёны – па колькасці радыёкропак. Але цяпер практычна ўсе яны ліквідаваныя, і нашая аўдыторыя – прыкладна пяць тысяч беларусаў, украінцы… Час цяпер такі, што ўсё распаўсюджваецца праз інтэрнэт, вось і мы таксама робім рассылку гатовых праграмаў на некалькі сотняў адрасоў.
– Ганна, распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра свой тэатр «Куфар», які дзейнічае пры Беларускім культурным руху Малдовы, як ён з'явіўся, што за нумары вы ставіце на згаданых святах?
Ганна Мазур: У 2012 годзе ў мяне з'явілася наватарская для беларускай дыяспары Малдовы ініцыятыва: арганізаваць і правесці з удзелам дзяцей і дарослых інтэрактыўны спектакль «у хатнім фармаце» цалкам на беларускай мове паводле нашага старажытнага зімовага свята-абрада Каляды. Так на свет з'явіўся наш першы спектакль – «На Каляды». Атрымалася вельмі прыгожа, усіх удзельнікаў зачапіла, і наша практыка незвычайных тэатральных пастановак займела працяг: «Гуканне Вясны» ў 2013 годзе, «Вясновы кліч» і «Каляднае свята» ў 2014 годзе. Гэты ўнікальны досвед і выспеліў ідэю аб стварэнні этнічнага тэатра. Такім чынам, у пачатку 2015 года наша традыцыя беларускамоўных пастановак набыла форму: нарадзіўся народны беларуска-малдаўскі этнічны тэатр «Куфар/Cufăr». Мэта нашага тэатра – захаванне, папулярызацыя і сімбіёз культурных традыцый беларускага і малдаўскага народаў. Вельмі сімвалічна, што слова «Куфар» у беларусаў і «Cufăr» у малдаван гучыць аднолькава.
Цяпер наш этнічны тэатр – актыўны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, якія праводзіць Бюро міжэтнічных адносін на самых вялікіх сцэнах краіны. Натуральна, што ў рамках агульнага мерапрыемства пра гадзінны спектакль гаворка не ідзе – мы робім паэтычныя замалёўкі з музычным суправаджэннем, падаем гэта ў адмысловай форме. Гэтак, на 25-годдзе Бюро мы на сцэне нацыянальнага тэатра «Mihai Eminescu» ладзілі выступ пад назвай «Мая Беларусь» на вершы Янкі Купалы, Пятруся Броўкі і іншых нашых класікаў, а на Днях славянскага пісьменства і культуры ў Тэатры оперы і балета прэзентавалі гледачам паэтычную замалёўку «Мая мова». Малдаўская публіка вельмі добра ўспрымае беларускую паэзію. Як мастацкі кіраўнік тэатра, я, перш чым з'явіцца на вялікай сцэне, прааналізавала, што робяць прадстаўнікі іншых этнасаў. Напрыклад, ва ўкраінцаў і рускіх зазвычай масавыя і відовішчныя нумары, па сорак чалавек могуць на сцэну выходзіць, усе ў строях, і так спяваюць і танчаць – прыгажосць!.. Але нашыя суполкі не могуць пахваліцца ні масавасцю, ні наяўнасцю вялікай колькасці касцюмаў, і я знайшла нішу: беларуская паэзія.
– А малдаване хоць разумеюць пра што вершы? Хто іх перакладае на малдаўскую мову?
Ганна Мазур: На мерапрыемствах, што ладзім мы самі, кшталту «Гукання вясны» ці «Каляднага свята», выкарыстоўваем білінгвальную практыку: камбінуем беларускую мову з малдаўскай. А вось падчас дзяржаўнага агульнага мерапрыемства ў нашым тэатральным выступе гучыць толькі беларуская мова, бо нашая задача – паказаць этнас, гледачам якраз наша родная мова і цікавая. У траўні на Днях славянскага пісьменства і культуры тэатр «Куфар» знаёміў малдаўскую публіку з вершамі Генадзя Бураўкіна і Яўгеніі Янішчыц, мы дэманстравалі, як выглядаюць старонкі помнікаў беларускага пісьменства – Псалтыр Францыска Скарыны, Першы Статут ВКЛ, «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Вядома, што многія гледачы не разумеюць беларускія словы, але мы імкнемся рознымі метадамі спрыяць, каб быў зразуметы агульны сэнс. Асабліва прыемна, што заўсёды ў канцы мерапрыемстваў да нас падыходзяць розныя людзі, кажуць словы падзякі, каментуюць выступ, віншуюць з творчымі знаходкамі. Гэта для нас вельмі важна.
Генадзь Зяньковіч: Наогул, беларуская мова і літаратура – невычэрпная крыніца натхнення для беларусаў замежжа. Я сам скончыў БДУ, вучыўся, дарэчы, на адным курсе з Яўгеніяй Янішчыц, – сам на журналістыцы, а яна на філалогіі, жыў у адным інтэрнацкім пакоі з Іосіфам Сярэдзічам… Колькі цудоўных успамінаў адразу прыйшло... Я і Васіля Быкава ведаў, бо бываў у рэдакцыі «Гарадзенскай праўды», дзе ён тады працаваў. Прынёс яму аднойчы артыкул пра вайну, ён спытаўся толькі, ці ваяваў мой бацька, пачуў станоўчы адказ, а пасля моўчкі дастаў з-пад стала свой двухтомнік і падпісаў яго мне. Анатоля Бутэвіча ведаю, міністра культуры... Рэдактара «Советской Белоруссии» Ігара Асінскага таксама, з ім мы часам нават перапісваемся. Дарэчы сказаць, да класікаў беларускай літаратуры амаль заўсёды звяртаюся падчас стварэння радыёперадачы «Беларуская крыніца».
На развітанне хочацца выказаць словы вялікай удзячнасці Згуртаванню беларусаў свету «Бацькаўшчына» за вельмі гасцінны прыём, за падарункі, за Вашу рэгулярную і шматгранную падтрымку беларускай дыяспары, за ўсё тое, што робіце для белараусаў замежжа...
Ганна Мазур: Ад усяго сэрца шчыра жадаем «Бацькаўшчыне» далейшых поспехаў на няпростым шляху... «Па бездарожжы» ўпэўнена пратоптвайце для нас «сцежкі» і пракладайце патрэбныя «трасы». Мы заўсёды рады браць удзел у Вашых мерапрыемствах. І запрашаем у госці да нас, у сонечную Малдову...