Лекцыя на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.
Як вядома, у апошнія стагоддзі наша краіна прымусова знаходзілася спачатку ў складзе Расійскай імперыі, потым – Савецкага Саюза. І ў выніку прайшла праз вялікія культурныя страты, шэраг спусташальных войнаў і зазнала знішчэнне самай актыўнай і дзеяздольнай часткі грамадства. За гэты час былі зробленыя спробы змяніць ідэнтычнасць беларусаў – русіфікацыя і саветызацыя. У выніку ў грамадстве адбыўся разрыў традыцый, пераемнасці.
Даследаванні сацыёлагаў, нацыянальныя апытанні паказваюць, што 30% беларусаў па-ранейшаму, нягледзячы на тое, што ўжо 25 гадоў жывуць у незалежнай дзяржаве, лічаць сябе савецкімі людзьмі. З гэтага вынікае слабая грамадзянская пазіцыя, перакладанне рашэння сваіх праблемаў на дзяржаву, якая ўспрымаецца асноўным размеркавальнікам выгадаў і пакаранняў (патэрналізм), а правы і свабоды не ўсведамляюцца як уласная каштоўнасць. Гістарычная памяць пра гарадское самакіраванне, пра развітую краіну з універсітэтамі, школамі і друкарнямі, з прагрэсіўнай канстытуцыяй і заканадаўствам, дзе жылі разам прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і рэлігій, адсутнічае і не ўспрымаецца як уласная каштоўнасць. Такі тып ідэнтычнасці можна назваць «афіцыйным», і ён сёння найбольш шырока прадстаўлены ў нашай краіне і канфліктуе з »этнакультурнай» ідэнтычнасцю, як яе вызначаюць некаторыя навукоўцы, якая апелюе да пазітыўных дасягненняў і культурных здабыткаў нашага народа за шматвяковую гісторыю. Менавіта гэты, апошні, тып ідэнтычнасці ёсць глебай для дэмакратычных пераўтварэнняў, асновай незалежнасці Беларусі і цывілізацыйна звязвае Беларусь з Еўропай.
У 2009 годзе Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» правяло супольна з лабараторыяй «Новак» сацыялагічнае даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, пасля некаторыя замеры былі паўтораныя ў 2012 і пазней, у 2014 г. Ніжэй прыводзяцца некаторыя дадзеныя з гэтага даследавання і высновы, зробленыя сацыёлагамі і аналітыкамі:
- У беларусаў дамінуе тэрытарыяльная і грамадзянская ідэнтычнасць:
На пытанне «Што больш за ўсё звязвае вас з людзьмі вашай нацыянальнасці?» рэспандэнты адказалі:
– 72,5% – тэрыторыя і агульнае месца пражывання; – 68,8% – дзяржава.
Такім чынам, нацыянальная ідэнтычнасць у асноўным фарміруецца праз асэнсаванне сувязі з тэрыторыяй і дзяржавай, а не з культурай.
- Савецкая ідэнтычнасць vs еўрапейская:
– 29,2% беларусаў адчуваюць сябе савецкімі людзьмі; – 25,9% беларусаў адчуваюць сябе еўрапейцамі.
- Уяўленне пра сябе:
51,8% – беларусы – асобны народ; 41,9% – беларусы – частка трыадзінай славянскай нацыі.
Галоўнае дзяржаўнае свята: 3 ліпеня – 56,9%, 25 сакавіка – 1,2%.
Нацыянальны сімвал: Дзяржаўны сцяг і герб – 67,5%, бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня – 9,7%, абодва ў роўнай ступені – 14,3%.
Вытокі беларускай дзяржаўнасці:
Полацкае і Тураўскае княствы – 25,1%,
ВКЛ – 44,8%, БНР – 9,9 %, БССР – 18,2%, РБ – 15,6%.
Не ведаю, што адказаць, – 14,6%
З чаго вынікае, што пераважная бальшыня бачыць вытокі беларускай дзяржаўнасці ў Полацкім княстве і ВКЛ, але нацыянальным сімвалам успрымаюцца сённяшнія дзяржаўныя герб і сцяг.
- Беларускі нацыянальны характар:
Паводле апытання 2012 года, нацыянальны характар апісваецца станоўча: гасціннасць, працавітасць, дабрыня, цярпімасць, законапаслухмянасць (топ-5). Аднак толькі 7,8% рэспандэнтаў лічыць, што яны ў максімальнай ступені падобныя па сваіх якасцях да тыповага беларуса, 37,0% – падобныя да тыповага беларуса ў большай ступені; 39,6% – падобныя сярэдне, 12,7% – падобныя мала ці зусім не падобныя.
На адкрытае пытанне, што менавіта адрознівае яго ад тыповага беларуса, рэспандэнты адказалі наступным чынам: любоў да свабоды, актыўнасць, прадпрымальнасць, упэўненасць у сабе, смеласць. З гэтага можна зрабіць выснову, што МЫ – памяркоўная нацыя, але Я – нетыповы беларус!
- Веданне мовы:
Па ацэнцы рэспандэнтаў, ад 20 да 30% з іх добра валодае беларускай мовай, але рэальна выкарыстоўваюць яе ў штодзённай камунікацыі ад 4 да 7%.
2009 г. | 2012 г. | |
Свабодна валодаю: размаўляю, чытаю, пішу, думаю | 34,2 | 23,4 |
Чытаю, разумею размову, але кепска пішу і практычна не размаўляю | 43,2 | 48,1 |
У асноўным разумею размоўную мову, але не чытаю, не размаўляю і не пішу | 19,6 | 25,7 |
Не разумею размоўнай мовы, не чытаю, не размаўляю і не пішу | 1,7 | 2,5 |
- Стаўленне да тых, хто гаворыць па-беларуску
«Сапраўдныя беларусы, патрыёты» | 49,3 | 46,7 |
«Вёска» | 5,3 | 6,1 |
«Апазіцыя» | 4,2 | 8,9 |
«Дзіўныя людзі» | 2,7 | 4,4 |
«Нацыяналісты» | 3,3 | 5,2 |
«Працуюць на публіку, хочуць здзівіць» | 6,3 | 7,5 |
«Эліта нацыі» | 5,5 | 10,4 |
Не звяртаю на гэта ўвагі | 24,3 | 28,9 |
Вышэй прыведзеная толькі невялікая частка апытанняў, якая найбольш яскрава ілюструе сітуацыю з ідэнтычнасцю. Зразумела, што сітуацыя не стаіць на месцы, таму «Бацькаўшчына» і надалей будзе ініцыяваць ці ладзіць падобныя даследаванні.
Адносна ж папярэдніх апытанняў і фокус-груп можна зрабіць наступныя высновы:
- Слабая нацыянальная ідэнтычнасць – прычына хуткай асіміляцыі беларусаў у замежжы і неінтэграванасці ў самой краіне.
- Відавочны разрыў традыцыі, калі бальшыня беларусаў паводзіць сябе не так, як тут сябе паводзілі заўжды, а так, як паводзяць сябе ўсе навокал.
- Перадача традыцыі калі і адбываецца, то не ад бацькоў дзецям, а наадварот, моладзь, якая нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, адчувае патрэбу ў самаідэнтыфікацыі.
- Адбылася змена стаўлення да мовы: у савецкія часы беларуская мова лічылася мовай вёскі, ад 1994 г. мова стала палітызавацца і найчасцей асацыявалася з палітычнай апазіцыяй. Цяпер ідзе змена тэндэнцыі: беларусы яшчэ не гатовыя размаўляць, але гатовыя атрымліваць інфармацыю на мове (56,7%). Беларуская мова «пераехала» ў горад.
- Дагэтуль існуе стэрэатып, што па-беларуску няма распрацаванай прафесійнай лексікі, таму справаводства, армія, бізнес не могуць карыстацца мовай.
Самая галоўная выснова сацыёлагаў – неінтэграванасць эмацыйнага пачатку людзей у структуру нацыянальнай ідэнтычнасці (пазіцыя старонняга назіральніка). Людзі ўсведамляюць, што Беларусь – незалежная краіна, а значыць, мусіць мець сваю культуру і мову, але няма ўцягнутасці ў гэты працэс, супольных перажыванняў. І прычыны зразумелыя: гэта і дзяржаўная ідэалогія, і сённяшняя беларуская адукацыя, і адсутнасць шырока даступнай інфармацыі, і дзяржаўная манаполія на каналы камунікацыі, і цэнзура, і пасіўнасць людзей, і як вынік – слабае веданне ўласнай гісторыі і культуры.
Сёння мы бачым, як паступова мяняецца наша краіна, усе больш заўважным робіцца цікавасць маладога пакалення да роднай мовы і культуры, мяняецца стаўленне да іх. Безумоўна, пачатак гэтым працэсам паклала здабыццё Беларуссю незалежнасці. Таксама вельмі важную ролю адыграла і адыгрывае дзейнасць беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, творчых суполак, культурных і палітычных дзеячаў і, канечне ж, дыяспары.
Хваля беларускай эміграцыі, што пакінула Беларусь у час і адразу пасля Другой сусветнай вайны і асела на Захадзе, – доказ стваральнага духу нацыянальна ідэнтыфікаванай эміграцыі. Менавіта з гэтай хвалі эміграцыі можна пачаць адлічваць жыццё і дзейнасць найбольш трывалых беларускіх асяродкаў, большасць з якіх працуе да сёння. Менавіта тады пачалі паўставаць беларускія культурніцкія цэнтры і цэрквы ў замежжы, друкавацца газеты, стварацца матэрыяльная і духоўная спадчына беларускага замежжа. Такім чынам, беларуская дыяспара на тыя часы моцнай русіфікацыі ў БССР выступіла захавальнікам беларускіх традыцый, мовы і культуры. І нават больш: зрабіла ўклад у яе развіццё. Папярэднія, эканамічныя, хвалі эміграцыі не далі такога эфекту праз слабы нацыянальны складнік.
Таксама роля заходняй беларускай дыяспары выявілася ў актыўнай палітычнай дзейнасці, а менавіта ў аднаўленні дзейнасці Рады БНР як падмурку існавання незалежнай і, што вельмі важна, дэмакратычнай Беларусі. Гэта дало пераемнасць палітычных традыцый; да гэтага апелявала ў Беларусі нацыянальная дэмакратычна настроеная эліта: культурныя, грамадскія дзеячы і палітыкі ў канцы 1980-х гадоў.
Важную ролю адыграла эміграцыя і ў развіцці нацыянальнай беларускай думкі, уключаючы істотны ўнёсак у філасофію беларускай дзяржаўнасці і ў сістэму міжнародных стасункаў. Да ўсяго, беларусы замежжа ў часы СССР былі рэпрэзентантамі інтарэсаў беларускага народа на Захадзе, бо нашая краіна тады не мела свайго права голасу, ад яе імя выступала дыяспара.
1990-я гады ў Беларусі ўвайшлі ў гісторыю як час нацыянальнага адраджэння. Пачалі аднаўляцца перарваныя кантакты з беларусамі далёкіх заходніх краінаў. Беларусь паступова пачала ўбіраць у сябе скарбы, захаваныя беларускім замежжам, адкрываць для сябе імёны і падзеі. Адначасна з гэтым пасля развалу СССР больш чым мільён нашых суайчыннікаў таксама зрабіліся беларусамі замежжа. Усе гэтыя працэсы патрабавалі ўвагі з боку грамадскасці і дзяржавы. Водгукам на патрэбу таго часу стала і заснаванне нашай арганізацыі – Згуртавання «Бацькаўшчына».
Сябры Згуртавання «Бацькаўшчына», як ніхто іншы, ёсць сведкамі той дапамогі, тых культурніцкіх і грамадскіх праектаў, у якіх удзельнічала беларуская дыяспара цяпер ужо не толькі з Захаду, але і з постсавецкай прасторы. Гэта і дапамога пасля Чарнобыльскай катастрофы, і аднаўленне вобраза Крыжа Ефрасінні Полацкай, і будаўніцтва музея ў Гайнаўцы, і рэстаўрацыя Полацкага манастыра і Мірскага замка, і вяртанне гістарычных і культурных каштоўнасцяў. А колькі кніг выйшла дзякуючы беларусам замежжа! Актыўнае супрацоўніцтва ў галіне культуры ідзе да гэтага часу.
Важную кансалідацыйную ролю ў стасунках паміж беларусамі ў краіне і замежжы адыгрываюць з’езды беларусаў свету, што ладзіць «Бацькаўшчына» кожныя 4 гады. З’езд – гэта яшчэ і буйная грамадская падзея, якая дазваляе ацаніць і прааналізаваць працэсы, што адбываюцца ў чатырохгадовы перыяд паміж імі ў Беларусі і беларускім замежжы ў сферы нацыянальнага жыцця, стасункаў паміж метраполіяй і дыяспарай. Аналіз выніковых дакументаў усіх з’ездаў «Бацькаўшчыны» дэманструе, што пытанні захавання беларускай культуры і мовы – асноўных складнікаў ідэнтычнасці – праходзіць чырвонай лініяй праз усе нашы форумы, як і пытанне незалежнасці нашай краіны, бо найлепшы абаронца незалежнасці – таксама ідэнтычнасць. І «Бацькаўшчына» актыўна працуе на яе паглыбленне.
Сёння дзейнасць Згуртавання ідзе ў 2 кірунках. Першы – гэта наладжванне і развіццё сувязяў з беларусамі замежжа, а гэта і заканатворчыя ініцыятывы нашай арганізацыі, і даследчая праца, і выданне кніг, прысвечаных эміграцыі, і правядзенне прэзентацый, розныя інфармацыйныя актыўнасці, выданне штомесячных бюлетэняў, сайт і іншыя крокі па захаванні і папулярызацыі культурніцкай спадчыны беларускага замежжа, адстойванні інтарэсаў беларускай дыяспары ў Беларусі. Другі ж кірунак – правядзенне грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» з мэтай паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.
Матывацыяй для «Бацькаўшчыны» ініцыяваць шырокую грамадскую кампанію ў 2008 годзе стаў аналіз працэсаў у беларускім замежжы, а менавіта высокія тэмпы асіміляцыі беларусаў: кожны наступны перапіс насельніцтва ў розных краінах свету сведчыў пра імклівае скарачэнне колькасці нашых суайчыннікаў. Было відавочна, што праблема знаходзіцца не па-за межамі краіны, а дома, у Беларусі, і заключаецца яна ў слабай нацыянальнай ідэнтычнасці людзей. Таму, пакідаючы Радзіму, яны лёгка перарываюць з ёй культурную сувязь. Яшчэ адной прычынай, што падштурхнула да ідэі кампаніі, была нізкая інфармаванасць беларусаў пра сучасную беларускую культуру і адначасна рост цікавасці да яе.
Гэта і натхніла сабраць каманду аднадумцаў і пачаць працаваць на тое, каб, зрабіўшы нашу культуру больш папулярнай у сённяшніх беларусаў, паглыбіць іх нацыянальную ідэнтычнасць. З 2008 года да сёння кампанія правяла больш за 4500 розных грамадскіх, культурных і асветніцкіх акцый. Яе мерапрыемствы наведала больш за 300 000 чалавек у 220 мястэчках і гарадах Беларусі. Вядомасць «Будзьма беларусамі!» – 18,6% на канец 2015 года.
Найбольш яркімі праектамі кампаніі, якія выклікалі шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі, натхнілі на падобныя ідэі і іх рэалізацыю іншыя ініцыятывы, прычым не толькі грамадскія, але і бізнес, і спорт, і некаторыя дзяржаўныя структуры, ці мелі доўгатэрміновы асветніцкі эфект, сталі:
Анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі, альбо Гісторыя Беларусі за 5 хвілін»:
- больш за мільён праглядаў, тысячы спампаванняў (актуальны дагэтуль);
- фільм часам дэманструецца на ўроках гісторыі;
- паспрыяў з’яўленню шэрагу культурніцкіх праектаў;
- відэашэраг фільма выкарыстоўваецца для аздаблення розных нацыянальна- арыентаваных прадуктаў, як і музыка да яго;
- візуальная прадукцыя, створаная паводле фільма, да гэтага часу карыстаецца попытам.
Міжнародны музычны праект «Будзьма. Тузін. Перазагрузка»:
– пастаянная ратацыя на Радыё «Сталіца» і 1-м канале радыё; – асобныя песні ў эфірах Радыё «Бі-Эй», Радыё «Мір», «Юністар», Радыё «АНТ».
Камунікацыйны праект «Краіна цмокаў»:
- больш за 300 публікацый, у тым ліку ў дзяржаўных СМІ;
- рэбрэндынг баскетбольнай каманды з «Мінск-2006» у «Цмокі-Мінск»;
- устаноўка помніка цмоку ў Лепелі і штогадовае правядзенне фестывалю, які ўжо стаў міжнародным;
- выкарыстанне цмока для аздаблення брэндаў, а таксама ў розных культурніцкіх і турыстычных ініцыятывах.
Штогадовы фестываль беларускай рэкламы і камунікацыі Ad.Nak!
Статыстыка фестывалю:
- AD.NAK! 2010 год: 105 работ ад 59 удзельнікаў;
- AD.NAK! 2016 год: 285 заявак ад 135 удзельнікаў;
- 50 партнёраў фестывалю, сярод якіх: кампанія velcom, вытворца беларускага піва «Аліварыя», чыпсаў «Анега» і інш.;
- 28 інфармацыйных партнёраў – вядомых беларускіх незалежных выданняў.
- больш за 2000 публікацый цягам сямі фестываляў;
- кожны год у адукацыйнай праграме фестывалю ўдзельнічае болей за 200 маладых рэкламістаў і спецыялістаў сферы камунікацыі.
Дзякуючы фестывалю рэкламы па-беларуску робіцца больш!
Рэгіянальная дзейнасць (спрыянне развіццю лакальных супольнасцяў), а менавіта правядзенне з 2011 года публічных дыскусій ва ўсіх буйных гарадах Беларусі на тэму мясцовага развіцця на глебе нацыянальнай культуры і «Кірмашоў праектаў» з мэтай актывізацыі мясцовых ініцыятываў, пошуку імі аднадумцаў.
Вынікі:
- Да праектаў у Віцебску і Магілёве далучыліся мясцовыя адміністрацыі;
- У Магілёве паўстаў цэнтр гарадскіх ініцыятываў;
- Было рэалізавана болей за 70 грамадскіх культурніцкіх праектаў;
- Падобныя формы мерапрыемстваў перанялі іншыя грамадскія ініцыятывы.
Як адзначана ў дакладзе НІСЭПІ ў 2014 годзе, абазнанасць насельніцтва ў дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў вырасла з 27% у 2012 г. да 52% у 2014 годзе, у тым ліку і дзякуючы рэгіянальнай актыўнасці кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Іншыя праекты
- Майкі для зборнай Беларусі па тайскім боксе. Першы ребрэндынг спартовай формы;
- Каляндар «Не маўчы па-беларуску», 7-тысячны наклад, некалькі перавыданняў;
- Паштоўкі «Не маўчы па-беларуску», наклад болей за 10 000, шырока выкарыстоўваюцца ў школах і садках для навучання мове;
- Паштоўкі «Беларускія святы»;
- Раскладка па-беларуску для клавіятуры;
- Анімаваная азбука для iPad;
- Анлайн-праекты, сярод якіх самы яркі – «Край|BY».
Гэтыя і многія іншыя праекты, як і агулам методыка працы кампаніі «Будзьма!» сталі прыкладам для іншых і падштурхнулі розныя супольнасці да стварэння падобных ініцыятываў, тым самым умацоўваючы тэндэнцыю вяртання беларускай культуры ў сучаснае штодзённае жыццё.
Сёння ў Беларусі паўстаў ужо цэлы шэраг грамадскіх культурніцкіх ініцыятываў, якія папулярызуюць мову і культуру. Часцей пачалі выкарыстоўвацца беларускія сімвалы ў рэкламе, у вопратцы, зацікавіўся бізнес. Наколькі глыбокія гэтыя працэсы, можна будзе ацаніць пазней. Але паглыбленне ідэнтычнасці ў Беларусі будзе ўплываць і на дыяспару, рабіць больш трывалымі беларускія асяродкі ў замежжы, пашыраць метады і формы супрацы з ёй.
Трэба адзначыць, што дыяспары з часам будзе надавацца ўсё большая ўвага ў свеце. Мы жывем у эпоху сапраўднага перасялення народаў (і гаворка ідзе не пра наступствы катаклізмаў і войнаў, а пра тэндэнцыі, звязаныя з натуральнай для сучаснага чалавека міграцыяй). Кожны год па ўсім свеце мігруе каля 3 мільёнаў чалавек. Сёння сусветная дыяспара налічвае 215 мільёнаў. Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя працэсы будуць інтэнсіўна развівацца, і колькасць дыяспары ў свеце у 2050 годзе дасягне ужо 405 мільёнаў. А гэта значыць, што дыяспара будзе рабіцца ўсё больш заўважнай і ўплывовай сілай, а яе капітал (эканамічны, сацыяльны, інтэлектуальны) будзе ўзрастаць.
У выніку найбуйнейшыя краіны свету актывізуюць працу з дыяспарамі. Яны робяць актыўныя захады, каб знайсці і ўмацаваць сувязі з прафесіяналамі розных сфераў, прыцягваючы іх да выканання нацыянальных праектаў. Раней плынь людзей ішла толькі ў адным кірунку – за мяжу. Сёння краіны, якія актыўна працуюць са сваімі дыяспарамі, назіраюць зваротную плынь у выглядзе ідэй, інавацый, капіталу і тэхналогій. З кожным годам свет усё больш глабалізуецца, робіцца узаемазвязаным і ўзаемазалежным. І кожная краіна, якая хоча атрымаць максімум выгады ад гэтай узаемазалежнасці, актыўна стварае і развівае комплексныя сеткі з людзей для атрымання сацыяльнай, эканамічнай і культурнай карысці. А дыяспара, па сутнасці, якраз і ёсць такой сеткай, удзельнікі якой могуць быць мабілізаваныя для дасягнення супольнай выгады, стаць мостам для атрымання ведаў, экспертнай дапамогі, рэсурсаў і выхаду на іншыя рынкі для сваёй краіны.
Мы бачым, як азіяцкія краіны, такія як Індыя, Кітай, Паўднёвая Карэя, змаглі эфектыўна наладзіць супрацоўніцтва з сваімі дыяспарамі і як апошнія паўплывалі на іх сацыяльную і эканамічную трансфармацыю. Гэта ўзнікла на грунце супольных мэтаў дзяржавы і дыяспары, падмацоўвалася паслядоўнай палітыкай і адміністрацыйным рэсурсам. І дыяспара разглядалася не як крыніца фінансавання, а як паўнавартасны партнёр.
Мы лічым, што такі падыход вельмі важны і перспектыўны для Беларусі. Інакш наша краіна вырачаная на адставанне і стагнацыю ў розных сферах. Больш чым трохмільённая беларуская дыяспара – гэта велізарны патэнцыял нашай краіны і рэсурс, якому мусіць з кожным годам надавацца ўсё больш увагі як з боку грамадства, так і з боку бізнесу і дзяржавы.
Падсумоўваючы вышэйсказанае, мы – прадстаўнікі Згуртавання «Бацькаўшчына» – перакананыя, што развіццё Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы магчымае толькі калі мы будзем аб’яднаныя супольнымі каштоўнасцямі нашага народа, гісторыі і культуры. У захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, у яе паглыбленні, у дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі беларуская дыяспара адыгрывае вельмі важную ролю: і як захавальніца нашых палітычных інстытутаў, і як прадстаўніца беларускага народа ў свеце, і як раўны партнёр у грамадскіх, палітычных, культурна-асветніцкіх, сацыяльных і эканамічных праектах. Стварэнне ж ці ўдзел дыяспары ў прафесійных сетках будзе спрыяць эканамічнаму росту краіны і рэформе яе мадэлі кіравання.
Асяродкі беларускай дыяспары – гэта нашыя іміджавыя цэнтры ў замежжы, менавіта яны спрыяюць лаяльнасці да нашай культуры, ствараюць зацікаўленасць у ёй, будуюць давер паміж народамі, з’яўляючыся своеасаблівай «мяккай сілай».
Безумоўна, працэсы ўзаемадзеяння нашай краіны і беларусаў замежжа маглі б ісці нашмат хутчэй і больш эфектыўна, калі б афіцыйная Беларусь і дыяспара мелі агульныя погляды на нацыянальнае будаўніцтва краіны. Але тым не менш нават у неспрыяльных умовах (а ў нашай гісторыі іх было багата) мы павінныя выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці для развіцця нашай краіны і адстойвання яе незалежнасці.
Алена Макоўская, «Культура, Нацыя», №15, верасень 2016, с. 32–41.