«Барадулінкі»: культурнае развітанне з летам

Прэзентацыя кнігі Віктара Марціновіча, адкрытыя заняткі «Мова нанова», выступ Андруся Такінданга, збор сродкаў на мемарыльяную шыльду Рыгору Барадуліну… Чым яшчэ запомніўся фэст?

Апошнія выходныя жніўня парадавалі жыхароў горада не толькі надзвычай цёплым для гэтай пары надвор’ем, але і разнастайнымі мерапрыемствамі.

Уваход на фэст вольны.

Усіх, хто цікавіцца культурным жыццём Віцебска і неабыякава ставіцца да роднай мовы, літаратуры і музыкі, чакала цікавае літаратурна-музычнае свята «Барадулінкі», што праходзіла ў дворыку і будынку Арт-прасторы (вуліца Таўстога, 7).

Мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі віцебскага гарвыканкама, сацыяльна-культурная ўстанова «Vitebsk4me», грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі», ініцыятарам і каардынатарам з’яўляецца МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”»  і Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, праходзіла ў Віцебску ўжо ў другі раз.

Унікальную прадукцыю можна было набыць на кірмашы.

Як і ў мінулым годзе, у дворыку Арт-прасторы былі арганізаваны кірмаш хэнд-мэйд, на якім можна было набыць адмысловыя вырабы і сувеніры, вольны абмен рэчамі – Free market і букросінг.

Букросінг карыстаўся попытам.

На жаль, частка майстроў у апошні момант адмовілася прыняць удзел у кірмашы, –  зазначыў адзін з арганізатараў свята, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі» па Віцебскай воласці Уладзімір Булаўскі. – Магчыма, справа ў тым, што наша мерапрыемства супала з правядзеннем фестываля «Модафэст». Ды і гледачоў пакуль не вельмі шмат, але ж гэта не галоўнае. Няхай лепш будзе 50–60 чалавек, якія натхняцца святам, чым 200, якія пройдуць міма. Наогул лічу, што такіх невялікіх, лакальных мерапрыемстваў павінна быць як мага больш. Тым больш, што праграма фэсту кожны год мянецца. Так, напрыклад, у гэтым годзе мы прапанавалі далучыцца да нашага свята курсы беларускай мовы «Мова нанова».

Уладзімір Папковіч і Сяржук Маркаў на фэсце.

Сапраўды, праграму фэсту распачаў нязменны вядучы курсаў у Віцебску Сяржук Маркаў, які прапанаваў прысутным колькі заданняў, прысвечаных асобе і творчасці народнага паэта Рыгора Барадуліна. Слухачам трэба было падабраць беларускія адпаведнікі да словаў, прыказак і прымавак з кнігі «Вушацкі словазбор», адгадаць загадкі з Вушаччыны, па чарзе прамовіць хуткамоўкі, а  напрыканцы скласці   акраверш па першых літарах прозвішча Барадулін.

На адкрытых занятках «Мова нанова» было цікава ўсім.

Канешне,сёння былі не паўнавартасныя заняткі, але, спадзяюся, прысутным яны спадабаліся і падарылі добры настрой, –  сказаў Сяржук Маркаў. – Займацца мы пачнем 14 верасня, як звычайна, у сераду, у 18.30  у памяшканні турсалона «Ілва» (Леніна, 53). Як заўсёды наведвальнікаў бясплатных курсаў чакаюць цікавыя сустрэчы, выступы музыкаў, творчыя заданні і граматыка, якую праводзіць кандыдат філалагічных навук Таццяна Дубоўская. Мы чакаем як тых людзей, хто хадзіў у мінулым годзе, так і новых слухачоў. Будзем разам вывучаць нашу родную мову. Таму прыходзьце, калі ласка».

Калектыўны розум пры складанні акравершаў – сіла.

Гатовыя акравершы зачытвалі перад аўдыторыяй.

Спецыяльным госцем адкрытага занятка курсаў «Мова нанова» і фэсту «Барадулінкі» стаў вядомы музыкант, паэт і тэлевядучы Андрусь Такінданг, які разам з яшчэ адным салістам гурта «Рэха», выступілі ў дворыку Арт-прасторы з міні-канцэртам.

Выступленне салістаў гурта «Рэха».

Слухачы з задавальненнем спявалі разам з Андрусем.

З гумарам прадставіў свой праект «50 музеяў Віцебска» вядомы краязнаўца Мікола Півавар. На жаль, тыраж кнігі яшчэ не выдадзены, зразумела, што на гэта патрэбныя сродкі, але тое, што яна будзе адмысловым выданнем, сумненняў няма.

Свой праект прадставіў Мікола Півавар.

У кнізе  сабрана інфармацыя па 50 музеях Віцебска, сярод якіх як дзяржаўныя, так і музеі прадпрыемстваў і навучальных устаноў. Указаны іх адрасы, найбольш цікавыя экспанаты, размешчаны фотаздымкі экспазіцый, турыстычная карта.

Кніга стане цудоўным даведнікам па музеях Віцебска не толькі для турыстаў, але і для жыхароў горада.  Ці многія з вас ведаюць, што ў Віцебску больш за сто музеяў, сярод якіх, напрыклад,  музей газіфікацыі ці музей гісторыі ДАІ?

Анжаліка Гайцюкевіч (злева) і Наста Балотнікава (справа) дапамагалі ў выданні кнігі.

Таму спадзяемся, калі кніга пабачыць свет, яна будзе  карыстацца попытам. Дапамагалі Міколе Васільевічу падрыхтаваць выданне Наста Балотнікава, Раман Воранаў і  Анжаліка Гайцюкевіч, карэктарам выступіла Настасся Трафімчык.

«Кожная прэзентацыя павінна заканчвацца фуршэтам», – запэўніў Мікола Півавар і пачаставаў усіх яблыкамі.

У такой жа па-сяброўску нефармальнай атмасферы прайшла і лекцыя пра сучасную беларускую паэзію, што праводзіў паэт, перакладчык, лаўрэат літаратурных конкурсаў і ўдзельнік шматлікіх літаратурных мерапрымстваў  Віталь Рыжкоў.

Цудоўна чытаў вершы маладых беларускіх паэтаў Віталь Рыжкоў.

Свае вершы ў гэты дзень Віталь не чытаў, а знаёміў прысутных з творчасцю маладых беларускіх паэтаў, што жывуць за мяжой. Сярод іх – Вальжына Морт (Мартынава), што жыве ў ЗША, і Антон Францішак Брыль (дарэчы, унук Янкі Брыля – заўвага аўтара), які пражывае ў Дубліне. Прагучалі ў гэты дзень і творы Насты Кудасавай, Андрэя Адамчыка і іншых паэтаў. А завяршыў свой выступ Віталь вершам «Астэроід» паэта Ігара Канановіча, які не так даўно трагічна пайшоў з жыцця.

На прэзентацыі кнігі Віктара Марціновіча ўсім ахвотным нават не хапіла месца.

Больш за ўсё людзей сабралася на прэзентацыю новага рамана Віктара Марціновіча «Возера радасці». Віктар – аўтар пяці кніг на рускай і беларускай мовах. Гэты раман быў напісаны па-руску, а Віталь Рыжкоў пераклаў яго на беларускую мову.

Уладзімір Булаўскі прадстаўляе Віктара Марціновіча.

І калі беларускамоўнае выданне ўжо можна было набыць праз інтэрнэт і ў некаторых кніжных крамах, то кнігу на рускай мове і сам Віктар Марціновіч сёння ўбачыў упершыню. Яе прывёз у Віцебск Барыс Пастэрнак, генеральны дырэктар расійскага выдавецтва «Время», які павіншаваў аўтара і пажадаў, каб яго кніга знайшла свайго чытача.

Барыс Пастэрнак.

Дарэчы, абедзьве кнігі можна было набыць у дворыку і атрымаць аўтограф як  аўтара – Віктара Марціновіча, так і перакладчыка рамана на беларускую мову – Віталя Рыжкова.

На самой жа прэзентацыі яны зачыталі невялічкія ўрыўкі з кніжкі, а Віктар Валер’евіч адказаў на пытанні прысутных, тым больш, што сярод слухачоў былі тыя, хто ўжо паспеў пазнаёміцца з гэтай кнігай.

Аўтограф прасілі і ў перакладчыка Віталя Рыжкова.

Завяршылая літаратурна-музычнае свята  «Барадулінкі» музычнай праграмай з удзелам мінскіх і віцебскіх калектываў і  традыцыным кінапраглядам. На гэты раз гэта была  беларуская праграма ад фестываля Cinema Perpetuum Mobile, які ўжо не першы раз радуе віцебскага гледача.

Падчас свята арганізатары неаднаразова нагадвалі, што праз платформу талака.бай працягваецца арганізаваны журналістам і літаратуразнаўцам Глебам Лабадзенкам збор сродкаў для стварэння і мантажу шыльды на доме, дзе жыў і пісаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін па вуліцы Мележа, 4 у Мінску.

У дворыку можна было набыць і кнігі беларускіх аўтараў.

Ахвяраваць сродкі можна праз сайт Талака.

У мінулым годзе мы на Барадулінках абвяшчалі збор сродкаў на ўсталяванне помніка на магіле паэта, – зазначыў Уладзімір Булаўскі. – Дзякуючы супольным намаганням, увосень ён быў усталяваны. Зараз ёсць мэта змясціць мемарыяльную шыльду на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін. Таму, калі ласка, далучайцеся. І чакайце наступныя «Барадулінкі».

Паводле Саша Май, vkurier.by


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение